Створаны новы шматмоўны інфармацыйны канал пра Беларусь. Яго галоўным інструмэнтам зьяўляецца Інтэрнэт-рэсурс www.belarus-live.eu
Цэнтар міжнародных стасункаў (Варшава, Польшча) пры фінансавай падтрымцы праграмы “Polska Pomoc” Міністэрства замежных спраў РП і дапамозе замежных радыёвяшчаньняў стварыў шматмоўны інфармацыйны канал пра Беларусь. Новы мэдыя-праект узьнік як адказ на патрэбу сусьветнай супольнасьці ў інфармацыі пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. Яго галоўным інструмэнтам зьяўляецца Інтэрнэт-рэсурс www.belarus-live.eu.
Ёсьць безьліч беларуска- і расейскамоўных вэб-сайтаў, якія паведамляюць навіны з Беларусі. Аднак з-за моўнага бар’еру яны малавядомыя ў сьвеце і, як правіла, не ахопліваюць тых людзей, якія маюць уплыў на палітыку ў дачыненьні да Беларусі. Праект “Belarus-Live” – гэта спроба даць міжнароднай супольнасьці дадатковую інфармацыю пра сітуацыю ў нашай краіне, паведаміла прэс-служба Асамблеі НДА.
Сайт паведамляе пра падзеі ў Беларусі, сартуючы навіны па разьдзелах “Афіцыйна”, “Палітыка”, “Грамадзтва”, “Апазыцыя”, “Эканоміка” і “Культура”.
Інфармацыя, сабраная ў межах “Belarus-Live” гучыць на хвалях Эўрапейскага радыё для Беларусі і Праграмы для замежжа Польскага радыё. Апошняя станцыя (да нядаўняга часу – “Палёнія”) перадае весткі пра нашу краіну на ўсходнеславянскіх, ангельскай, нямецкай і польскай мовах.
У рамках праекта выходзіць штотыднёвы электронны бюлетэнь, які бясплатна распаўсюджваецца празь Інтэрнэт. У кожным выданьні зьмешчаюцца як афіцыйныя навіны, падрыхтаваныя праўрадавымі СМІ, так і весткі, пададзеныя апазыцыяй і прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці.
“Мы зацікаўленыя ў тым, каб у будучыні “Belarus-Live” стаў інтэрактыўным форумам абмену думкамі паміж ягонымі карыстальнікамі, як беларускімі, гэтак і міжнароднымі,” – дзеляцца сваімі планамі ініцыятары праекту.