viasna on patreon

Па справе «шпіёна» Гайдукова дапытаюць ягонага сябра

2012 2012-12-06T10:28:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Яўген Канстанцінаў, кіраўнік незарэгістраванай наваполацкай суполкі «Саюз маладых інтэлектуалаў», праз тэлефон запрошаны ў віцебскае ўпраўленьне КДБ.

 «Мне патэлефанаваў чалавек, назваўся Алегам Барысевічам, сьледчым па справе Андрэя Гайдукова. Сказаў, што хацеў бы мяне бачыць, і ці не змог бы я прыехаць у Віцебск 7 сьнежня. Мяне хочуць дапытаць у якасьці сьведкі. Я запытаўся: «Як там Андрэй?» У адказ пачуў: «Калі прыедзеце — убачыце», — апавёў Яўген Канстанцінаў.

Са словаў адваката, нанятага роднымі Андрэя Гайдукова, на гэтым тыдні заплянавана шмат сьледчых дзеяньняў у рэчышчы крымінальнай справы, распачатай «за здраду дзяржаве». У тым ліку і вочныя стаўкі, і допыты.

Гайдукоў быў намесьнікам Яўгена Канстанцінава ў суполцы «Саюз маладых інтэлектуалаў». Непасрэдна перад арыштам ён якраз рыхтаваў дакумэнты для рэгістрацыі суполкі. Менавіта ў грамадзкая дзейнасьці родныя і блізкія бачаць прычыну ўвагі КДБ да 23-гадовага апэратара наваполацкага «Нафтану». Падазрэньні ў «здрадзе дзяржаве» яны лічаць абсурднымі. Але згадваюць, што раней «людзі ў цывільным» неаднаразова папярэджвалі Андрэя, каб ён не дэманстраваў свае апазыцыйныя палітычныя погляды.

Андрэй Гайдукоў быў затрыманы ў Віцебску 8 лістапада. Як сказана ў афіцыйным паведамленьні КДБ, «падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спэцслужбы».

Да пачатку сьнежня арыштаванага трымалі ў менскім СІЗА КДБ, а потым перавялі ў Віцебск, у СІЗА № 2. Амаль месяц ад яго не было ніякіх зьвестак: лісты родных да Андрэя не даходзілі, і адказаў сваякі не атрымлівалі таксама. Толькі цяпер маці, Вольга Гайдукова, атрымала ад сына першы ліст.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства