Алеся Пушкіна таемна пасадзілі на 12 сутак
Судзьдзя Ленінскага раёну Менску Марына Запасьнік арыштавала мастака Алеся Пушкіна на 12 сутак. Алесь Пушкін наведаў Вярхоўны суд з партрэтам Расьціслава Лапіцкага, 4 сьнежня
За што пакараны Алесь Пушкін дакладна невядома.
Сакратар судзьдзі адмаўляецца паведамляць прычыну арышту, у канцылярыі
адміністрацыйных справаў суду паведамілі, што ён асуджаны паводле артыкулу
23.34 адміністрацыйнага кодэксу (несанкцыянаваная вулічная акцыя).
Тым часам у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў падцьвердзілі, што Алесь
Пушкін адбывае ў іх 12-суткавы адміністрацыйны арышт
ад учорашняга дня.
5 сьнежня каля 13.00 дня Алесь Пушкін пасьпеў паведаміць па тэлефоне,
што ён затрыманы і знаходзіцца ў РУУС Ленінскага раёну Менску.
На гэтым сувязь зь ім абарвалася і ўсялякая далейшая
інфармацыя пра ягоным лёс адсутнічала.
У міліцыі Ленінскага раёну цягам астатняга дня паведамлялі, што такога
затрыманага ў іх не было. Тое ж паведамлялі ў судзе
Ленінскага раёну і ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў
на вуліцы Акрэсьціна.
Напярэдадні Алесь Пушкін правёў мастацкі пэрфоманс — з партрэтам
змагара антысавецкага супраціву Расьціслава Лапіцкага наведаў Вярхоўны суд.
Мастак абскардзіў рашэньне суду Смаргоньскага раёну, паводле якога адбываў 10-суткавы
адміністрацыйны арышт за тое, што ў верасьні гэтага году прайшоў
з партрэтам Расьціслава Лапіцкага па вуліцах Смаргоні.