Кіраўніцтва Саюзу беларускіх пісьменьнікаў намерана праз суд дабівацца адмены незаконнага распараджэньня міністра адукацыі, якое забараняе творчыя сустрэчы пісьменьнікаў у навучальных установах краіны
Пісьменьніцкая арганізацыя рыхтуецца зьвярнуцца ў суд з зыскам на Міністэрства адукацыі і яго міністра Аляксандра Радзькова. Год таму было прынятае распараджэньне, якое забараняе творчыя сустрэчы пісьменьнікаў у навучальных установах краіны І нягледзячы на тое, што для шырокай грамадзкасьці яно дагэтуль закрытае, тым ня менш дзейнічае вельмі эфэктыўна. У сувязі з гэтым творчыя імпрэзы літаратараў не абвяшчаюцца і праходзяцца таемна. Пісьменьніца Вольга Іпатава распавяла Радыё Свабодзе: “Мяне запрасілі выступіць у ВНУ, але я вам не магу сказаць у якую. Бо я ўжо неаднойчы сутыкнулася з тым, што пэдагогі мелі вялікія спагнаньні за тое, што запрашаюць тых пісьменьнікаў, чые творы стаяць у школьных праграмах. Гэтая сітуацыя абсалютна ненармальная, амаральная і нават злачынная”. Акрамя таго на правядзеньне творчых сустрэчаў старога Саюзу неабходна яшчэ мець дазвол навастворанага Саюзу пісьменьнікаў пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца.
Ад імя рады СПБ старшыня Алесь Пашкевіч зьвяртаўся да міністра адукацыі Аляксандра Радзькова з прапановай адмяніць распараджэньне, але адказу літаратары не дачакаліся: “Гэтае распараджэньне міністра адукацыі парушае канстытуцыйныя правы 505 членаў нашай арганізацыі, сярод якіх жывыя клясыкі, усе аўтары школьных і ўнівэрсытэцкіх праграмаў па літаратуры, ляўрэаты дзяржаўных прэміяў, народныя пісьменьнікі. Таму мы дазьбіраем усе неабходныя дакументы і ў гэтым месяцы падаем пазоў у суд да Міністэрства адукацыі”.
Паводле Алеся Пашкевіча, у пазове прыведзены прыклады, калі быў сарваны шэраг сустрэч, у тым ліку з народнымі паэтамі Нілам Гілевічам і Рыгорам Барадуліным.
"Такое распараджэньне высокага чыноўніка з юрыдычнага пункту гледжаньня ўвогуле разьбіраць немагчыма, – пракамэнтаваў сітуацыю юрыст Валянцін Стэфановіч. - Гэта абсалютная цэнзура – ёсьць пісьменьнікі, з якімі можна сустракацца, і ёсьць пісьменьнікі, з якімі нельга сустракацца. Ёсьць закон аб грамадзкіх арганізацыях, дзе не гаворыцца, што адна арганізацыя можа даваць дазвол што рабіць іншай арганізацыі. Мне цяжка зразумець, на якой падставе робяцца такія распараджэньні”.
У 2005 годзе быў створаны праўладны Саюз пісьменьнікаў Беларусі пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца. Пасьля гэтага адбыўся шэраг судовых паседжаньняў, на якіх разглядалася пытаньне аб ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў – найстарэйшай у краіне пісьменьніцкай арганізацыі, якую цяпер узначальвае Алесь Пашкевіч. Літаратары адстаялі сваё права на існаваньне, але былі вымушаныя пакінуць некалькі арандаваных пакояў у колішнім пісьменьніцкім будынку – Доме літаратара.