На Гомельшчыне працягваецца практыка выкарыстання бясплатнай працы
Рагачоўскі райвыканкам выдаў распараджэнне правесці 6 снежня ў райцэнтры суботнік. Як піша раённая газета, «прымаючы да ўвагі хадайніцтва настаяцеля праваслаўнага прыходу айца Аляксея перад працоўнымі калектывамі аб дапамозе ў будаўніцтве храма», райвыканкам «раіць кіраўнікам прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый усіх форм уласнасці, індывідуальным прадпрымальнікам правесці дзень дабрачыннай працы». Сродкі будуць пералічаны на будаўніцтва храма.
У Рагачове гэта ўжо не першы «праваслаўны суботнік». У красавіку бягучага года суботнік на карысць будаўніцтва царквы ўжо праходзіў, тады ў пацверджанне правільнасці і неабходнасці правядзення Дня бясплатнай працы выступіў у мясцовай газеце і святар, які таксама заклікаў жыхароў горада плённа папрацаваць на карысць будаўніцтва царквы.