Партыі свабоды і прагрэсу (ПСП) спрабуе зарэгістравацца ў чацьверты раз
Уладзімер Навасяд, ініцыятар стварэньня Партыі свабоды і прагрэсу (ПСП), заявіў, што праца па стварэньні партыі завершыцца да паловы 2007 году — заснавальнікі ў чацьверты раз спрабуюць зарэгістраваць структуру.
Дакументы на рэгістрацыю ПСП падавала восеньню 2003 і вясною 2004 і 2005 году — беспасьпяхова.
"Калі да пасяджэньня аргкамітэту па стварэньню партыі ў мяне яшчэ былі нейкія сумненьні, — адзначыў сп. Навасяд, — то зараз магу сказаць дакладна — чацьвертаму Устаноўчаму зьезду Партыі свабоды і прагрэсу быць. Правядзеньне зьезду ўжо запланаванае на ліпень".
Зараз, з ягоных словаў, ідзе праца па фармаваньню партыйных сьпісаў, аднак ідзе цяжэй, чым раней. "Людзі сталі больш запалоханыя. Калі маральна яны з намі, то як справа даходзіць да падпісаньня ўстаноўчых дакумэнтаў, зьяўляецца псыхалягічны бар’ер. Асабліва людзей адпуджвае, што ў дакумэнтах на рэгістрацыю трэба ўказваць ня толькі прозьвішча, імя, імя па бацьку і адрас пражываньня, але і поўнасьцю месца працы з указаньнем займанай пасады і рабочым тэлефонам".
У красавіку і траўні 2007 году пройдуць рэгіянальныя канфэрэнцыі па вылучэньні дэлегатаў на зьезд, у чэрвені — зьезд і падача дакументаў на рэгістрацыю. Згодна беларускаму заканадаўству, дзеля рэгістрацыі партыі неабходна 1 тыс. сяброў, якія прадстаўляюць палову з шасьці беларускіх вобласьцяў ды горад Менск.