Лунінец: дзяржаўная раёнка ганьбіць незалежны прафсаюз на прадпрыемстве “Граніт”
Выданне “Лунінецкія навіны”, заснавальнікам якога з’яўляецца мясцовы райвыканкам, надрукавала артыкул пад назовам “Пачым опіум для народа?”, у якім у зняважлівай манеры адлюстравана дзейнасць суполкі Беларускага нелаежнага прафсаюза на прадпрыемстве “Граніт” у Мікашэвічах.
У артыкуле сцвярджаецца, што актывісты гэтага прафсаюза займаюцца правакацыямі, калі заклікаюць рабочых прадпрыемства не пагаджацца на працу ў выходныя і святочныя дні з заробкам у меншым памеры, чым гэта было раней. Паводле афіцыйнага выдання, рашэнне аплочваць працу ў гэтыя дні ў чатыры разы болей, чым звычайны тарыф, адміністрацыя прадпрыемства прыняла па ўласнай ініцыятыве, і намаганні прафсаюзаў былі непатрэбныя.
Больш таго, “Лунінецкія навіны” цытуюць генеральнага дырэктара “Граніта” Эдуарда Гаўрылковіча, які безапеляцыйна сцвярджае, што акрамя спробаў “схаваць уласнае бяссілле і бяздзейнасць”, незалежныя прафсаюзы робяць захады, каб “падарваць эканоміку прадпрыемства і расхістаць калектыў”.
Адначасова кіраўнік “Граніта” станоўча ацэньвае дзейнасць афіцыйнага прафсаюза, які заняты не абаронай правоў і інтарэсаў рабочых, а ладзіць конкурсы і спаборніцтвы, арганізуе экскурсіі і рыхтуецца да сустрэчы Новага году.