Журналіста Сяргея Серабро затрымалі за фатаграфаванне ўкладкі асфальту
Рэдактара сайту "Народныя Навіны Віцебску" зацікавіла надзвычайная актыўнасць ў наваколлях дрэваапрацоўчага камбінату, які месціцца на самай ускраіне горада. Аказалася, на прадпрыемстве рыхтуюцца да візіту Аляксандра Лукашэнкі, які чакаецца на гэтым тыдні.
Сяргея Серабро затрымалі супрацоўнікі міліцыі, якіх выклікала ахова прадпрыемства. Пасля нядоўгага разбральніцтва журналіста адпусцілі, але на тэрыторыі дрэваапрацоўчага камбіната праз некаторы час з'явіліся супрацоўнікі АМАПу ў форме – для дадатковай аховы. Мясцовыя работнікі распавядаюць, нібыта бачылі і "людзей у цывільным" з рацыямі.
На тэрыторыі прадпрыемства ўкладаюць плітку, рамантуюць памяшканні. Добраўпарадкаванне вядзецца і на бліжэйшых вуліцах: там абразаюць дрэвы, выкарчоўваюць кусты і фарбуюць будынкі – праўда, пераважна толькі фасады. Укладаюць і новы асфальт. Праз гэта мясцовыя жыхары займелі транспартныя праблем, кажа апазіцыянер Барыс Хамайда, які жыве недалёка ад дрэваапрацоўчага камбіната:
"Зранку людзі прыязжаюць на працу, а ад'ехаць дахаты ўжо два дні немагчыма – не ходзяць трамваі. Рэйсы адмянілі, бо кладуць асфальт, і людзі мусяць ціснуцца ў некалькі аўтобусаў, якія тут ходзяць рэдка. Прычым многія, як і я, набылі праязныя на месяц, а цяпер сутыкнуліся з тым, што трамваяў проста няма. У аўтобусе па трамвайным праязным не праедзеш. Атрымліваецца выдурванне грошай. У Мінску, калі рамантуюць дарогу, хаця б папярэджваюць загадзя, і просяць прабачэння за нязручнасці. А ў Віцебску людзей паставілі перад фактам, і ўсё. Я лічу, што гэта здзек!"
Рамонты на дрэваапрацоўчым камбінаце і ў бліжэйшых наваколлях вядуцца і ўдзень, і ўночы – тут працуюць будаўнічыя брыгады, сабраныя з усяго Віцебска. За навядзеннем парадку сочыць асабіста старшыня аблвыканкаму Аляксандар Коснец – менавіта яго бачылі сёння ранкам на дрэваапрацоўчым камбінаце.