Слонім: падпіска на дзяржаўную прэсу ідзе пад прымусам
Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Слонімшчыны павінны ў абавязковым парадку асабіста выпісаць па дзве дзяржаўныя газеты на 2013 год. Пра гэта ішла размова на адным з пасяджэнняў Слонімскага райвыканкама. Абавязкова павінны быць выпісаны два выданні з пералічаных: “Советская Белоруссия», «Звязда», «Рэспубліка», “Гродзенская праўда” і раённая газета. Пасля заканчэння падпісной кампаніі ўсе падпісныя квіткі кіраўнікі павінны паказаць у райвыканкаме. Тыя, хто не падпішацца, будуць пакараны.
Таксама ўсе радавыя работнікі дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў павінны выпісаць на 2013 год па аднаму дзяржаўнаму выданню.
На паштовых аддзяленнях сувязі горада і раёна таксама даведзены план па падпісцы на дзяржаўныя выданні сярод наведвальнікаў аддзяленняў. Калі гэты план не будзе выкананы, то супрацоўнікі паштовых аддзяленняў самі павінны выпісаць дзяржаўную прэсу. Некаторыя паштальёны і работнікі сувязяў выпісваюць па 2-3 аднолькавыя газеты.