Віцебская служба ЖКХ падманвае кватэраўладальнікаў
На пад'ездах жылых дамоў у Кастрычніцкім раёне Віцебску сталі з'яўляцца аб'явы наступнага зместу: пасля 26-га кожнага месяца будуць адключаць "паслугі ЖКГ", калі нехта не заплаціць за кватэру. Унізе – спасылка на Пастанову Савета міністраў №1466. Але напісана ў ёй зусім не тое, чым страшаць жыхароў абласнога цэнтру.
Жыхары Віцебску, апавешчаныя пра новыя захады супраць даўжнікоў, звярнуліся па кансультацыю да праваабаронцаў. Бо раптам што: на пару дзен спознішся з аплатай, а тут табе адключаць і ваду, і электрычнасць…
Як высветлілася, супрацоўнікі ЖКХ напісалі ў аб'явах, мякка кажучы, няпраўду. Паводле пастановы №1466, перапыніць пастаўку сваіх паслуг камунальшчыкі сапраўды могуць. Але не так хутка: толькі тады, калі чалавек не плаціць за кватэру самае малае 2 месяцы. Потым яму мусяць даслаць папярэджанне, і на працягу 5 дзён чалавек яшчэ можа паспець заплаціць. І вось толькі тады можа ісці гаворка пра адключэнне.
Пазіцыя ЖКХ зразумелая: колькасць даўжнікоў стабільна застаецца вялікай, запазычынасці растуць, відаць, "камунальнікі" іырашылі застрашыць людзей "у якасці прафілактыкі". Але прадэманстравалі пры гэтым такое непаважнае стаўленне да дзяржаўнага дакумента, што хто-ніхто з мясцовых жыхароў задумаўся – ці не падаць у суд. Усё ж падман ёсць падман, і маніпуляванне з боку ЖКГ відавочнае.
Супрацоўнікі ЖКГ і раней спрабавалі ўплываць на неплацельшчыкаў. На пад'ездах расклейвалі з прозвішчамі жыхароў, у якіх найбольшая запазычанасць, іх прозвішчы друкавалі і ў дзяржаўных СМІ. Спрабавалі нагадваць пра даўгі па тэлефоне – тройчы на дні адмысловая сістэма дазвоньвалася да даўжнікоў і папярэджвала пра адміністрацыйную адказнасць. Яшчэ – малявалі карыкатуры і выраблялі "Дошкі ганьбы", не кажучы пра прымусовае высяленне праз суд. Але да спробаў падману і шантажу ў Віцебску раней не даходзіла.