У Баранавічах адбыўся паказ фільмаў пра беларускіх палітвязняў
30 лістапада ў Баранавічах быў арганізаваны прагляд фільмаў пра беларускіх палітвязняў, якія сёння адбываюць пакаранне ў розных турмах і калоніях Беларусі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі праваабаронцы з Баранавіцкай філіі ПЦ “Вясна”.
У мерапрыемстве ўдзельнічалі не толькі маладзёны і актывісты грамадскіх арганізацый, але і тыя, хто яшчэ не чуў пра існаванне ў Беларусі палітвязняў.
Прагляд фільмаў здзяйсняўся пры спрыянні сайту “palitviazni.info”. Прысутным быў прэзентаваны гэты сайт і прапанавана вельмі цікавая ідэя: сабраць інфармацыю пра ўсіх палітвяязняў, якія былі ў Беларусі, пачынаючы з 1989 года.
Пасля прэзентацыі сайту “palitviazni.info” цягам гадзіны праглядзелі 12 кароткіх фільмаў пра беларускіх палітвязняў, сярод якіх былі “Люблю Беларусь (Зьміцер Дашкевіч)”, “Жыве Беларусь (Наста Палажанка)”, “Мікалай Статкевіч”, “Свечка праўды Алеся Бяляцкага” ды іншыя. Затым адбылося абмеркаванне фільмаў, падчас якога грамадскі актывіст Віктар Сырыца распавёў пра нядаўнюю паездку ў в. Куплін Пружанскага раёна, дзе адбывае пакаранне Павел Севярынец.
Праваабаронца Сяргей Гоўша прапанаваў праводзіць акцыі ў падтрымку палітычназняволеных і дасылаць ім лісты падтрымкі. Ён адзначыў, што нават некалькіх цёплых словаў дастаткова, каб падтрымаць любога чалавека ў складаных умовах. У якасці першага кроку ўдзельнікі прагляду разабралі каля 50 паштовак, якія адны падпісалі адразу, а іншыя ўзялі для запаўнення дома.
Пры развітанні гаварылі, што падобныя мерапрыемствы трэба праводзіць і надалей.