У Салігорску запланаваны пікет на 19 снежня
Мясцовыя актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі плануюць правесці ў сталіцы шахцёраў пікет пад лозунгам “Скралі выбары, каб прадаць краіну”. Мерапрыемства запланавана на 19 снежня і прымеркавана да падзеяў, якія адбываліся пад час выбараў 2010 году.
Заяўнікамі мерапрыемства выступаюць былы падпалкоўнік міліцыі Віктар Малочка і яго сын Аляксандр Малочка. Паводле заяўкі, у пікеце прыме ўдзел да васьмі чалавек. Пры правядзенні пікетавання будзе выкарыстоўвацца бел-чырвона-белы сцяг.
Месцам правядзення мерапрыемства абраны салігорскі парк “Маладосць”, які знаходзіцца на супраць дома культуры “Будаўнік”. Варта адзначыць, што менавіта там мясцовыя ўлады дазволілі правядзенне пікетаў кандыдатам у дэпутаты на парламенцкіх выбарах, якія праходзілі ў нашай краіне некалькі месяцаў назад.