Баранавіцкага актывіста прымушаюць звольніцца з працы?
Грамадскі актывіст Аляксандр Вайцешык 28 лістапада накіраваў ліст Дзмітрыю Гумінскаму, дырэктару “Будаўнічай тэхнічнай кампаніі”, дзе ён працуе галоўным бухгалтарам. У лісце паведамляецца, што 28 лістапада ён прыйшоў на працу і выявіў, што ўсе шуфляды ў яго стале пустыя і адсутнічаюць дакументы, якія раней знаходзіліся на працоўным стале. Пазней высветлілася, што нехта несанкцыянавана працаваў на бухгалтарскім кампутары. Аляксандр Вайцешык просіць дырэктара разабрацца ў гэтай справе і прыняць неабходныя меры.
Гэту сітуацыю Вайцешык расцэньвае як спробу ціску. Грамадскі актывіст распавядае, што ціск на яго пачаўся, калі ён сёлета падаў у гарадскі суд заяву на трох супрацоўнікаў Баранавіцкага ГАУС і Следчага камітэта. Ён палічыў, што міліцыянеры свядома распаўсюдзілі непраўдзівую і неаб’ектыўную інфармацыю пра яго, і вырашыў бараніць свой гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю ў судзе.
– Гэты ціск на мяне яшчэ больш узмацніўся, калі я ў якасці прадстаўніка прафсаюза РЭП пачаў адстойваць правы Рыгора Грыка і іншых работнікаў у гарадскім судзе. Думаю, што цяпер адміністрацыя прадпрыемства шукае ўсе магчымыя спосабы, каб звольніць мяне з працы за маю актыўную грамадзянскую пазіцыю, – адзначыў Аляксандр Вайцешык.