Следчы камітэт вярнуў кампутар Ігару Казмерчаку
Аддзел следчага камітэта па горадзе Орша вярнуў рэдактару незалежнага інтэрнэт-сайта orsha.eu Ігару Казмерчаку кампутар і флэшкі, якія былі канфіскаваныя ў яго падчас ператрусу 17 ліпеня.
Як паведамлялася раней, прычынай ціску сілавікоў на гарадскі незалежны сайт стала нібыта спасылка на ім на іншы інтэрнэт-рэсурс, які, сярод іншага, утрымліваў матэрыялы парнаграфічнага характару. Па канфіскаванай тэхніцы была прызначаная экспертыза. З яе вынікамі Казмерчака не азнаёмілі, аднак ён мяркуе, што эксперты пацвердзілі, што аршанская рэдакцыя сайта да распаўсюджвання порна ніякага дачынення не мае. У выніку тэхніку прыйшлося вярнуць.
Зрэшты, незалежныя назіральнікі звязвалі ціск на незалежнае інтэрнэт-выданне з кампаніяй па выбарах у Палату прадстаўнікоў. Бо сайт, у адрозненне ад дзяржаўных СМІ, асвятляў дзейнасць і апазіцыйных кандыдатаў.