viasna on patreon

У Беларусі распачатая новая хваля палітычных рэпрэсіяў

2007 2007-02-05T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява Праваабарончага цэнтру “Вясна”

4 лютага 2007 года супрацоўнікамі міліцыі і КГБ на прыватнай кватэры ў г. Мінску былі затрыманыя 25 моладзевых актывістаў. Яны былі дастаўленыя ў пастарунак, дзе ўтрымліваліся на працягу 7 гадзінаў. Сярод затрыманых былі моладзевыя актывісты Алег Корбан і Дзьмітры Федарук, якія адразу пасьля затрыманьня былі вывезеныя ў невядомым накірунку. На працягу сутак не было ніякай інфармацыі пра іхні далейшы лёс.

Як стала пазьней вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна” Дзьмітры Федарук і Алег Корбан зараз знаходзяцца ў сьледчым ізалятары КГБ у г. Мінску ў якасьці падазраваных па крымінальнай справе, узбуджанай КГБ паводле арт. 193.1 КК РБ (арганізацыя дзейнасьці незарэгістраванай грамадскай арганізацыі фонда ці ўдзел у яе працы). Варта адзначыць, што ў 2006 г. Алег Корбан ужо быў пад крымінальным перасьледам па арт. 193.1 КК РБ, але справа супраць яго тады была спыненая.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” расцэньвае дадзеныя арышты, як пачатак новай хвалі рэпрэсіяў супраць актывістаў грамадзянскай супольнасьці краіны. Мы лічым, што арышт Алега Корбана і Дзьмітрыя Федарука з’яўляецца перасьледам па палітычных матывах.

Мы яшчэ раз нагадваем, што асуджэньне грамадскіх актывістаў па арт. 193.1 КК РБ з’яўляецца грубым парушэньнем правоў чалавека, парушае права на свабоду асацыяцыяў, якое гарантавана Канстытуцыяй Беларусі і Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Дэмагагічна гаворачы пра магчымыя перамовы з краінамі Еўрапейскага саюзу пра наладжваньне ўзаемаадносінаў, на самой справе беларускія ўлады працягваюць масштабныя рэпрэсіі супраць грамадзкіх актывістаў у краіне, чым перакрэсьліваюць усялякія магчымасьці для такіх перамоваў.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе ад уладаў тэрміновага вызваленьня Алега Корбана і Дзьмітрыя Федарука, іншых палітвязьняў краіны, а таксама адмены усіх палітычна матываваных зьменаў крымінальнага кодэксу, якія ўступілі ў дзеняньне з 1 студзеня 2006 г.

Мінск, 5 лютага 2007 г.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства