Гомельскія маці аб’ядноўваюцца дзеля абароны Надзеі Дударэнкі
Гомельскія маці абураныя сітуацыяй з сям’ёй Надзеі Дударэнкі, у якой чыноўнікі адабралі пяцёх прыёмных непаўналетніх дзяцей. На гарадскім форуме “Мамы Гомеля” яны пакінулі 174 тэматычныя паведамленні. Жанчыны самаарганізаваліся і сабралі 36 подпісаў пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі, дзе просяць вярнуць дзяцей маці.
Форум “Мамы Гомеля”, як вынікае з назвы, аб’ядноўвае жанчын, якія ці ўжо выхоўваюць уласных дзяцей, ці плануюць іх. Большасць галінак форума – на сямейную тэматыку. Напрыклад, кулінарныя рацэпты, ці “дні народзінаў мамачак”. Аднак знайшлася ў Байнэце грамадска-сацыяльная праблема, якая абурыла карыстальніц форума.
Надзея Дударэнка – жыхарка пасёлка Парычы Светлагорскага раёна. У яе забралі пяцёх прыёмных дзяцей. Супрацоўнікі ўпраўлення адукацыі абвінавацілі жанчыну ў тым, што тая не вадзіла дзяцей у дзіцячы садок. Чыноўнікі ў сваіх актах абследаванняў зазначалі, што дзіцячая вопратка і бялізна нібыта мае заношаны выгляд, зубныя шчоткі стаяць высока, недастаткова ложкаў і г.д. Разам з тым, сама Надзея Дударэнка лічыць, што ў адказных асобаў раптам расплюшчыліся вочы пасля таго, як трое дзяцей пайшлі ў першы клас. Хлопцы сталі скардзіцца, што настаўніца іх б’е. Прыёмная маці вырашыла паспрабаваць змяніць сітуацыю. Вынікам чаго сталася тое, што ў яе прымусова забралі дзяцей.
Гамяльчанка Алёна Кравец, якая сама гадуе трох дзяцей, кажа, што сітуацыя закранула яе да самога сэрца.
Алёна Кравец:
- Я вырашыла ў “Аднакласніках” набраць “Надзея Дударэнка”. Зойдзячы на ейную старонку, я ўбачыла яе, паглядзела на вялікую колькасць дзіцячых фотаздымкаў, убачыла іх шчаслівыя выразы твараў... Я -- сама маці трох дзяцей. І многае ўспрымаю праз сэрца, а не праз голаву. Таму я напісала Надзеі Іванаўне, чым я магу ёй дапамагчы. Яна адказала, што толькі сілай грамадскай думкі можна нешта змяніць. Тады я звярнулася да фарумчанак “Мамы Гомеля”: “Дзяўчынкі, давайце напішам ліст, хто за?”. І ўсе адразу: “Давайце, давайце, толькі трэба нешта сачыніць”.
Сярод падпісантак пад зваротам – маладая мама Юлія Міцько. Як кажа сама дзяўчына з усмешкай, “мама пакуль што аднаго дзіця”. На ейную думку, дзяцей ў Надзеі Дударэнкі забралі няправільна.
Юлія Міцько:
- Жанчыне не паведамілі, з-за чаго ў яе адбіраюць дзяцей. Таму мы далучыліся форумам да гэтай гісторыі, якая атрымала рэзананс у Інтэрнэце. Як мамы мы шкадуем гэтых бедных і няшчасных дзяцей. Як мамы мы не змаглі пакінуць так проста гэтую гісторыю, не змаглі не падтрымаць Надзею, таму мы падпісалі і накіравалі наш зварот.
У звароце на імя Аляксандра Лукашэнкі маці Гомеля просяць адмяніць рашэнне аб адабранні дзяцей з сям’і Надзеі Дударэнкі і вярнуць хлопчыкаў і дзяўчынак у сям’ю, дапамагчы дзецям прайсці рэабілітацыю пасля стрэсу і прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці вінаватых у адабранні дзяцей.
Гомельскія мамы нагадваюць, што ў 2008 годзе Надзея Дударэнка лічылася ўзорнай прыёмнай маці. “Пра яе здымалі пазітыўныя сюжэты дзяржаўныя СМІ, у тым жа сюжэце супрацоўнікі Светлагорскага аддзела адукацыі давалі інтэрвію, характарызавалі яе з найлепшага боку. Куды ўсё гэта падзелася?”, -- задаецца пытаннем Алена Кравец.
Карыстальнікі форуму “Мамы Гомеля” кажуць, што сэрцам адчуваюць, што Надзея Дударэнка кажа праўду.
- Шкада і маці, і саміх дзяцей, якія таксама, незразумела дзе зараз. Канешне, я разглядаю сітуацыю як маці”, -- заўважае Юлія Міцько.
Для таго каб сабраць неабходныя подпісы пад зваротам, мамы Гомеля арганізавалі сустрэчы ў некалькіх раёнах горада.
- Усе падпісанты – гэта маладыя маці, у якіх малыя дзеці. Натуральна, яны сядзяць дома, -- нагадвае Алена Кравец. – Таму я не змагла бы сабраць іх усіх разам у адным месцы. Мне давялося ездзіць па раёнах. Да тых, хто не змог прыйсці на сустрэчы ў абгавораных месцах, мы з маім мужам пад’язджалі на аўто. Альбо яны прыязджалі да нас. – Распавяла Алена Кравец
Арыгінал зварота, пад якім падпісалася больш за 30 чалавек, будзе накіраваны непасрэдна на імя Аляксандра Лукашэнкі і старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміру Дворніку.
Акрамя гомельскіх мацярок, Аляксандру Лукашэнку пішуць і самі адабраныя дзеці Надзеі Дударэнкі з просьбай вярнуць іх у матчын дом.