Ярмошына прадставіць Лукашэнку прапановы па рэформе выбарчага заканадаўства
Прапановы па рэфармаванні выбарчага заканадаўства Беларусі плануецца прадставіць Лукашэнку ў пачатку снежня, паведаміла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.
«Разлічваю, што заканадаўчыя прапановы па рэфармаванні выбарчага заканадаўства будуць прадстаўлены кіраўніку дзяржавы ў першых чыслах снежня», — удакладніла яна.
Як паведамлялася раней, у ліку магчымых новаўвядзенняў у выбарчае заканадаўства Беларусі — стварэнне тэрытарыяльных выбарчых камісій абласцей і Мінска, якія паслужаць прамежкавым звяном паміж ЦВК і акруговымі камісіямі пры разглядзе скаргаў.
Прапануецца таксама прадаставіць права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты рэспубліканскім грамадскім арганізацыям колькасцю больш як 1 тыс. членаў. Акрамя таго, у перспектыве могуць быць зняты абмежаванні па суме, якую кандыдаты могуць самі ўносіць у свой выбарчы фонд.