“Славянскі марш” у Магілёве сабраў ад 30 да 40 прыхільнікаў
25 лістапада ўдзельнікі санкцыяванага ўладамі мерапрыемства рушылі ад гарадскога цэнтру рытуальных паслуг да стадыёна “Хімік”. Ачольваў невялікую калону ўдзельнікаў арганізатар “Славянскага маршу” Дзмітрый Дзенісенка.
Перад пачаткам мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі папярэдзілі арганізатара аб забароне выкарыстання незарэгістраванай сімволікі – чорна-жоўта-белага сцяга, які з’яўляецца сімвалам расійскай манархіі і некалі быў афіцыйным сцягам Расійскай імперыі.
На шэсце быў запрошаны экс-кандыдат у прэзідэнты Сяргей Рыжоў, які назваў сябе сустаршынёй Беларускай кансерватыўнай партыі “Белая Русь”.
Удзельнікі маршу падчас шэсця выкрыквалі лозунгі “Слава России!”, “Русские вперёд”, “Слава Белой Руси!”.
Калі ўдзельнікі маршу дайшлі да стадыёна, Дзмітрый Дзенісенка і Сяргей Рыжоў выступілі перад сабраўшыміся. Першы казаў пра тое, што ўсе мы “рода рускага, што мы ўнікальная нацыя і не павінны дазволіць нашым ворагам знішчыць нашу самабытнасць”, другі звяртаў увагу на тое, што “славянскія дзяржавы падзелены і гэта негатыўна ўплывае на іх дабрабыт”.
Трэба таксама адзначыць той факт, што на мерапрыемстве прысутнічалі ўдзельнікі з іншых гарадоў.
Нагадаем, што “Славянскі марш” быў санкцыяваны ўладамі не з першай спробы. Дагэтуль Дзмітрый Дзенісенка некалькі разоў спрабаваў атрымаць дазвол на яго правядзенне, аднак мясцовыя ўлады не дазвалялі мерапрыемства па розных прычынах, у тым ліку таму, што арганізатар не браў на сябе падчас правядзення мерапрыемства ўсе абавязальніцтвы, прадугледжаныя законам.
Варта дадаць, што Дзмітрый Дзенісенка пазіцыянуя сябе чалавекам незаангажаваным і апалітычным, а заяўку падаваў ад імя прыватнай асобы. Тым часам вядома пра ягоную актыўнасць на сайце “Верный народ” 14vn.com. Гэты сайт мае яўную радыкальную скіраванасць і прапагандуе шавінізм, узвышаючы славян вышэй за астатнія народы.
Фота “Нана Ніва”