Недзяржаўная газета “Брестский курьер” атрымала ліст ад кіраўніцтва “Жабінкоўскага цукровага завода” ў якім сцвярджаецца, што карэспандэнт выдання Тамара Лісічык груба парушыла патрабаванні Закона аб друку
Па зьвестках БАЖ, скарга за подпісам генеральнага дырэктара завода Андрэя Гладкага стала адказам на артыкул “Сахарные закрома. Почему им не рады в Жабинке?” у нумары “Брестского курьера” ад 11 студзеня. У публікацыі распавядаецца пра складаную сітуацыю, якая склалася ў апошні час на прадпрыемстве ў сувязі з праблемамі экспарту цукру і пагаршэннем якасці сыравіны з-за кліматычных асаблівасцей сёлетняй зімы.
Аўтар Тамара Лісічык паведамляе ў артыкуле, што атрымаць каментар ад кіраўніцтва завода было “справай немагчымай”, таму крыніцамі інфармацыі сталі рабочыя прадпрыемства і жыхары Жабінкі. Меркаванне дырэктара А. Гладкага таксама выкладзена ў матэрыяле, журналіст выкарыстала яго выступ на гэтую тэму ў афіцыйнай мясцовай прэсе.
Аднак Андрэй Гладкі ў сваім лісце сцвярджае, што “адзінай спробай атрымаць інфармацыю пра сітуацыю ў ААТ “Жабінкоўскі цукровы завод” быў тэлефонны званок Лісічык на адрас эканамічнай службы, супрацоўнікі якой “не з’яўляюцца паўнамоцнымі прадстаўнікамі юрыдычнай асобы”.
“Гэты факт сведчыць аб грубейшым парушэнні з боку журналіста патрабаванняў артыкула 40 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”, – лічыць дырэктар прадпрыемства і патрабуе, каб рэдакцыя абвергла “не адпавядаючыя сапраўднасці звесткі”, што ўзгадваліся ў артыкуле.
Склалася ўражанне, што мэта публікацыі – “дэстабілізацыя становішча на прадпрыемстве і ў рэгіёне”, – паведамляе кіраўнік прадпрыемства і рэзюмуе: “На жаль, калектыву нашага прадпрыемства ўжо даўно не даводзіцца спадзявацца на маральную падтрымку карэспандэнтаў “Брестского курьера”.