viasna on patreon

Андрэю Гайдукову не перадаюць лекі і лісты

2012 2012-11-23T11:14:53+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kraty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхар Наваполацка з 8 лістапада знаходзіцца ў СІЗА КДБ, супраць яго ініцыяваная крымінальная справа "за здраду дзяржаве, якая выражалася ў форме агентурнай дзейнасці". Бацькі і сябры не вераць, што Андрэй Гайдукоў займаўся нечым падобным, яго затрыманне ў Віцебску сталася для іх нечаканасцю. Атрымаць нейкіх тлумачэнняў па гэтай справе не ўдаецца, і нават лісты з турмы не даходзяць.

Ад адваката, які сустракаўся з Андрэем Гайдуковым у дзень допыту 22 лістапада, маці хлопца даведалася, што ён напісаў дахаты ўжо тры лісты:

"Тры лісты, і ніводзін да нас не дайшоў! Мы таксама напісалі, даслалі два лісты і паштоўку. Андрэй атрымаў толькі паштоўку. Нічога недазволенага мы не пісалі, але лісты чамусьці яму не перадаюць. І не перадалі ўсе лекі – сказалі, што трэба медычнае пацверджанне, што яны неабходныя. У Андрэя хворае сэрца, яго нават не ўзялі ў войска з-за гэтай хваробы. І даведкі ў мяне былі, але цяпер засталіся толькі копіі – арыгіналы мы перадалі адвакатцы, якая рыхтавала заяву на змену меры стрымання. Аднак копіі СІЗА КДБ не задавальняюць".

Вольга Гайдукова апавяла, што з дня затрымання з Андрэем Гайдуковым працуе ўжо трэці адвакат. Яго прозвішча спадарыня пакуль не называе. Адвакат прысутнічаў падчас допыту, які праводзіў следчы Алег Барысевіч – ён адмыслова прыязжае з Віцебску ў Мінск на следчыя дзеянні.

"Адвакат кажа, што ў СІЗА КДБ дужа халодна, можна замерзнуць нават за тыя пару гадзінаў, пакуль допыт ішоў. Баюся, каб Андрэй не захварэў… Яшчэ адвакат перадаў дзве просьбы сына: каб мы заплацілі грошы за крэдыт – ён узяў у растэрміноўку мабільны тэлефон. І каб ва ўніверсітэце ўзялі для яго кантрольныя работы – ён вучыцца завочна на пятым курсе. Гэта мяне радуе – значыцца, ён мае надзею на вызваленне, працяг вучобы, і ўвогуле настрой у яго нядрэнны", - гаворыць маці.

Бацькі і сябры не вераць у тое, што Андрэй Гайдукоў сапраўды мог займацца тым, у чым яго вінавацяць. Аднадумцы пэўныя, што абвінавачанне з боку КДБ – гэта ціск, звязаны з грамадскай дзейнасцю Андрэя. Ён быў удзельнікам маўклівых акцый пратэсту, збіраўся зарэгістраваць грамадскую арганізацыю "Саюз маладых інтэлектуалаў", якую стварыў наваполацкі актывіст Яўген Канстанцінаў. Андрэй Гайдукоў быў ягоным намеснікам, і неаднойчы распавядаў, што да яго прыходзілі "людзі ў цывільным" – пагражалі праблемамі на працы - хлопец працуе аператарам на прадпрыемстве "Нафтан" - і на вучобе.  

Паводле грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", Андрэй Гайдукоў быў затрыманы не за тое, што "закладаў у тайнік звесткі", якія цікавяць замежныя спецслужбы, а калі перавозіў частку тыражу газеты "Хартыя'97" для распаўсюджвання ў Віцебскай вобласці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства