viasna on patreon

У Магілёве дазволена акцыя радыкалаў

2012 2012-11-22T14:14:13+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mahiliou-nazva.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“Славянскі марш”, які раней планаваўся на 11 лістапада, пасля падачы чарговай заяўкі дазволены гарадскімі ўладамі і мусіць адбыцца ў Магілёве 25 лістапада.  

Арганізатарам мерапрыемства выступіў Дзмітрый Дзенісенка, які пазіцыянуе сябе чалавекам, які не належыць да грамадскіх і палітычных арганізацый. Аднак вядома, што ён з’яўляецца нефармальным сябрам адной з прарасійскіх радыкальных арганізацый, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі, і мае дачыненне да працы інфармацыйнага рэсурсу 14vn.com (“Верный народ”).  На гэтым сайце, напрыклад, у раздзеле “Памяць” значыцца прозвішча “РНЕшніка” Глеба Самойлава, які быў забіты 5 жніўня 2000 года і які “сваімі справамі даказаў вернасць сваёй праваслаўнай Айчыне – Адзінай і недзялімай Русі”. У цэлым гэты рэсурс мае радыкальную скіраванасць і выступае супраць Беларусі як незалежнай дзяржавы. Сярод мэтаў “Славянскага маршу” на сайце пазначаны: адраджэнне адзінай і непадзельнай Русі, славянскае братэрства і рускае адзінства, традыцыйныя духоўна-маральныя каштоўнасці, сапраўдная праваслаўная духоўнасць, адраджэнне агульнарускіх традыцый, сацыяльная справядлівасць, супрацьдзеянне сусветнаму электроннаму канцлагеру (маецца на ўвазе чыпізацыя насельніцтва).

Мясцовыя ўлады дазволілі мерапрыемства, аднак не дазволілі выкарыстанне чорна-жоўта-белага сцягу, які з’яўляецца сімвалам манархічнага руху і ў часы Расійскай імперыі быў афіцыйным сцягам. Сваю адмоў у выкарыстанні дадзенай сімволікі чыноўнікі матывавалі тым, што яна не з’яўляецца зарэгістраванай у Беларусі.

Дзмітрый Дзенісенка амаль кожныя два тыдні падаваў заяўку на правядзенне “Славянскага маршу”, і штораз мясцовыя ўлады адмаўлялі ў правядзенні мерапрыемства. Усе пісьмовыя адказы мясцовых уладаў Дзенісенка выкладае на сваёй старонцы “Вконтакте”. Нагадаем, што апошні раз “Славянскі марш” быў дазволены ў Магілёве тры гады таму. Тады ён не адбыўся з-за таго, што ўлады не дазволілі сабраўшымся ўдзельнікам уздымаць манархічныя сцягі.

Наконт маючага адбыцца маршу магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель кажа, што любыя палітычныя дзеячы павінны сыходзіць з натуральных інтарэсаў народа і той дзяржавы, дзе яны жывуць, а не навязваць надуманныя інтарэсы міфічных супольнасцяў.

“Падобную міфічную ідэалогію мы ўжо прайшлі ў часы СССР. Да чаго гэта прыводзіць, мы ўсе бачылі. Лічу, што прарасійская, праманархічная ідэалогія “Славянскага маршу” прадстаўляе пагрозу суверэнітэту Рэспублікі Беларусь і інтарэсам беларускага народу. Лічу, што пракуратура і КДБ павінны даць прававую ацэнку інфармацыі, якая змяшчаецца на сайце 14vn.com (“Верный народ”) і дзеянням ініцыятараў “Славянскага маршу”, - адзначае Барыс Бухель.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства