Актывісту мяняюць змену – у Івацэвічы едзе Лукашэнка
Слесару “Водаканала” Івацэвіцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Станіславу Халадовічу патэлефанаваў начальнік участка Ўладзімір Дзягцярык і паведаміў, што ягоная працоўная змена пераносіцца з чацвярга на пятніцу. Калі Халадовіч спытаў, па якой прычыне, начальнік адказаў, што сам мусіць здагадацца. Па выказаным меркаванні Станіслава, гэта можа быць звязана з візітам у Івацэвічы Лукашэнкі, што начальнік не стаў аспрэчваць.
Па словах Станіслава Халадовіча, гэта не ўпершыню, калі прыязджае ў Івацэвічы галоўны рэспубліканскі начальнік, яму мяняюць змены. Нават, калі заранёў над Івацэвічамі не кружаць верталёты, а жанчыны з рыдлёўкамі не дакопваюць ля электрычных слупоў дзярно, што праглядаецца з дарогі, замена змены – першы прызнак прыбыцця Аляксандра Лукашэнкі. На гэта грамадскі актывіст глядзіць ужо з гумарам.