Магілёўшчына: у прафсаюзе работнікаў адукацыі і навукі павінна быць 100% працоўных гэтай сферы
На дадзены момант колькасць членаў прафсаюза гэтай галіны складае 99,1% ад агульнай колькасці яе работнікаў. Пра “напалеўнаўскія” планы магілёўскай абласной арганізацыі прафсаюза на бліжэйшы перыяд расказаў ў газеце “Веснік Магілёва” №94 ад 21 лістапада 2012 года старшыня Магілёўскага гарадскога камітэтат Беларускага прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі Анатолій Чумакоў.
Паводле прафсаюзнага чыноўніка, “давер да прафсаюзу вызначаецца колькасцю ягоных членаў”. Гэта выказванне для яго настолькі важкае, што стала загалоўкам артыкула.
Праваабаронца і член прафкама магілёўскай гарадской арганізацыі прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Барыс Бухель кажа, што ў артыкуле нідзе не гаворыцца аб фактах абароны правоў працоўных.
“Пуцёўкі, экскурсіі, санаторыі – гэта ўсё добра, але гэта далёка не галоўная мэта прафсаюзу. Прафсаюз мусіць абараняць у першую чаргу працоўныя правы работнікаў, але пра гэтыя факты ў артыкуле нічога не сказана. Каб дагнаць колькасць членаў гэтага прафсаюзу да 100%, адназначна мусіць выкарыстоўвацца адміністрацыйны рэсурс”, - гаворыць Барыс Бухель.
Праваабаронца таксама адзначае, што такі прафсаюз абараняе чыноўнікаў ад законных патрабаванняў работнікаў, а не выконвае свае сапраўдныя функцыі.
“Такая манапалізацыя выключае канкурэнцыю паміж прафсаюзамі. У такіх умовах нельга казаць аб даверы да такога прафсаюзу, куды людзей заганяюць рознымі метадамі. Тыя ж, хто ўступае ў незалежныя прафсаюзы пазбаўляюцца працы. Артыкул сведчыць пра тое, што дзяржаўныя прафсаюзы работнікаў адукацыі і навукі, як і пры савецкай ўладзе, засталіся сацыяльна-бытавымі аддзеламі пры начальніках аддзелаў адукацыі”, - гаворыць Барыс Бухель.