Гаспадарчы суд не задаволіў апэляцыю «Плятформы»
Апэляцыйная інстанцыя Менскага гаспадарчага суду адмовіла
ўстанове «Плятформа» ў задавальненьні скаргі на рашэньне суду
аб ліквідацыі. Паводле кіраўніка «Плятформы» Андрэя Бандарэнкі, разгляд
скаргі адбыўся пры адсутнасьці прадстаўнікоў «Плятформы».
Андрэй
Бандарэнка: «Рашэньне было прынятае яшчэ
13 лістапада, прычым бяз нашага ўдзелу. Сакратар суду нібыта згубіла нашу
заяву аб пераносе паседжаньня, а судзьдзя зрабіў выгляд, што нічога
ўжо зрабіць немагчыма. Гэта ўсё дадаткова сьведчыць пра тое, як працуюць
суды ў Беларусі. Што да самога рашэньня — нічога дзіўнага. Калі
ёсьць загад зьверху пра закрыцьцё, то судзьдзі будуць закрываць вочы
на закон, на сумленьне і выконваць загад».
9 кастрычніка Менскі гаспадарчы суд пастанавіў ліквідаваць установу
«Плятформа», якая займаецца абаронай правоў вязьняў беларускіх турмаў. Рашэньне
было прынятае паводле пазову да «Плятформы» з боку падатковай
інспэкцыі Савецкага раёну Менску. Прадстаўнікі «Плятформы» назвалі прэтэнзіі
падаткоўцаў надуманымі.
20 лістапада Андрэй Бандарэнка паведаміў «Свабодзе», што ўжо накіраваная
касацыйная скарга ў Вышэйшы гаспадарчы суд, а таксама пададзеная
скарга ў пракуратуру.