Эдуарда Лобава наведалі маці і брат
Маці палітзняволенага маладафронтаўца Эдуарда Лобава сустрэлася з сынам у Івацэвіцкай калоніі. Наведаў зняволенага і яго малодшы брат - Уладзіслаў. Спатканне працягвалася 3-е сутак, з 16 па 19 лістапада. Гэта ўжо трэцяе працяглае спатканне за час зняволення Эдуарда.
Па словах Марыны Лобавай, яе сын адчувае сабе добра, хоць перад гэтым хварэў:
- У яго ўсё добра. У сына заўжды былі добрыя адносіны з іншымі асуджанымі. З боку адміністрацыі на дадзены момант ніякіх праблем няма. Зараз усё спакойна. Пра ліставанне дакладна не ведаю. Трэба даведацца, хто яму апошнім часам пісаў, і ці ўсё даходзіла. Мае лісты ўсе атрымаў. Сам ён падоўгу не пісаў, бо адзін дзень падобны на другі.
Эдуард Лобаў не настройвае сябе на хуткае вызваленне, пра тое, каб прасіць памілаванне, не было нават размовы, кажа маці. Да сканчэння тэрміну яму застаецца 2 гады і 1 месяц.
Ён быў асуджаны на 4 гады зняволення быццам за хуліганства. Разам з ім па гэтай жа справе атрымаў 2 гады і лідар “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч. Хоць падчас працэсу паказанні сведкаў абверглі абвінавачванне ў хуліганстве, абодва былі асуджаны. Падчас адбыцця пакарання Дашкевіча абвінавацілі ў непадпаракаванні законным патрабаванням адміністрацыі і асудзілі яшчэ на 1 год зняволення.
Па словах Марыны Лобавай, Эдуард у дэталях інфармаваны пра сітуацыю з Дашкевічам. "Для яго нічога дзіўнага ў тым, што адбываецца з Дашкевічам, няма. Ён ведае, як дзейнічае гэтая рэпрэсіўная сістэма", - распавяла Марына Лобава.