viasna on patreon

Arche не будзе ў падпісным каталогу "Белпошты"

2012 2012-11-16T15:06:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Рэдакцыя часопіса Arche прыняла рашэнне не ўключаць выданне ў падпісны каталог "Белпошты" на першае паўгоддзе 2013 года. Рэдакцыя таксама просіць "Белпошту" вярнуць падпісчыкам грошы за другое паўгоддзе 2012 года. Пра гэта гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце часопіса.

У дакуменце зазначаецца, што з сярэдзіны верасня выданне перажывае пастаянны націск, у першую чаргу з боку дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэта дзяржкантролю. "Праводзіцца паглыбленая праверка гаспадарчай дзейнасці Arche, яго супрацоўнікі выклікаюцца на гутарку ў ДФР, дзяржаўнае тэлебачанне імкнецца стварыць уражанне, нібыта гістарычныя матэрыялы, апублікаваныя ў свой час на старонках часопіса, маюць экстрэмісцкі характар. Блакіроўка рахунку Arche не дазволіла выпусціць у свет некалькі поўнасцю падрыхтаваных да друку нумароў", — паведамляе рэдакцыя.

Звароты непасрэдна ў ДФР і скаргі ў вышэйшыя інстанцыі з просьбай разблакаваць рахункі выдання не мелі поспеху, гаворыцца ў заяве.

"Мы не лічым сумленным браць на сябе новыя абавязацельствы перад сваімі падпісчыкамі ў той час, калі не выкананы яшчэ і старыя (пяць нумароў за другое паўгоддзе 2012 года ў друк выпусціць нам так і не ўдалося). І менавіта таму, да высвятлення сітуацыі, самі вырашылі адмовіцца ад уключэння нашага выдання ў падпісны каталог на першае паўгоддзе 2013 года, а таксама прасіць "Белпошту" аб вяртанні падпісчыкам Arche грошай за другое паўгоддзе 2012 года", — піша рэдакцыя.

"Гэтая рашэнне далося нам нялёгка, але яно прынята, таму што іншага выйсця няма. Будзем рэалістамі: пры цяперашніх умовах аднаўленне выхаду папяровай версіі Arche — справа не некалькіх дзён ці тыдняў, а як мінімум некалькіх месяцаў", — гаворыцца ў заяве.

Праблемы ў часопіса пачаліся 14 верасня гэтага года з затрымання былога галоўнага рэдактара Arche Валерыя Булгакава. Ён быў затрыманы ў Гродне на прэзентацыі кнігі "Саветызацыя Заходняй Беларусі" і абвінавачаны ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

21 верасня супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў прыйшлі ў друкарню, дзе друкаваўся часопіс, з праверкай. 24—28 верасня з друкарні былі канфіскаваныя ўсе дакументы за апошнія два гады дзейнасці.

2 кастрычніка было арыштавана больш як 5 тысяч асобнікаў кніг у Булгакава, 4 кастрычніка ў ДФР быў выкліканы заснавальнік Arche Андрэй Дынько. Пасля гэтага было прынята рашэнне вызваліць Булгакава ад пасады рэдактара Arche, каб выратаваць часопіс. Тым не менш у той жа дзень ДФР заблакаваў рахункі часопіса, а яго супрацоўнікаў пачалі выклікаць па тэлефоне ў ДФР для давання тлумачэнняў.

18 кастрычніка Булгакаў за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць быў аштрафаваны на 500 тысяч рублёў.

Сітуацыя з часопісам стала тэмай некалькіх сюжэтаў праграмы крымінальнай хронікі беларускага тэлебачання "Зона Ікс", якія выйшлі ў канцы кастрычніка

Валерый Булгакаў у пачатку лістапада пакінуў Беларусь, асцерагаючыся крымінальнага пераследу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства