Баранавіцкія грамадскія актывісты наведалі Паўла Севярынца
Баранавіцкія сябры няўрадавых грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый - Галіна Ярашэвіч (БХД), Віктар Сырыца (“Рух “За свабоду”), Сяргей Гоўша (Праваабарончы цэнтр “Вясна”), Алесь Белы (БАЖ) і Анжаліка Камбалава (АГП) - 15 лістапада наведалі Паўла Севярынца ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна, дзе сустаршыня стваранай партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” адбывае “хімію”.
Пасля абавязковай рэгістрацыі наведвальнікі сустрэліся з Паўлам у альтанцы, якая месціцца ля будынку камендатуры. Сустрэча доўжылася каля гадзіны.
Госці распавядалі палітвязню пра грамадска-палітычнае і культурніцкае жыццё ў Баранавічах, а Павел - пра жыццё на “хіміі”.
– Павел выглядае стомленым і сумным. Гэта нас вельмі засмуціла, таму мы ўсе імкнуліся яго маральна падтрымаць і неяк падбадзёрыць, – адзначыў грамадскі актывіст Сяргей Гоўша.
Госці пажадалі Паўлу Севярынцу найхутчэйшай свабоды, пачаставалі палітычнага вязня беларускім салам з цыбуляю і перадалі яшчэ шмат якіх баранавіцкіх прысмакаў. Але найбольш Павел узрадаваўся прывезеным 72 (!) кнігам беларускіх і замежных аўтараў, бо ён зараз з’яўляецца загадчыкам бібліятэкі ў куплінскай камендатуры.