Палітвязень Павел Севярынец патрабуе вызваліць затрыманага КДБ Андрэя Гайдукова
Навапалачанін Андрэй Гайдукоў – прыхільнік стварэння партыі БХД – затрыманы 8 лістапада паводле артыкула 356 Крымінальнага Кодэксу "Здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці". Павел Севярынец патрабуе, каб КДБ патлумачыла аперацыю па арышце Гайдукова, які нібыта "закладаў у тайнік звесткі эканамічнага і палітычнага зместу", якімі цікавяцца замежныя спецслужбы.
"Уся гэтая гісторыя з арыштам Андрэя Гайдукова робіць уражанне абсурду, прычым жорсткага і гвалтоўнага абсурду, накіраванага на запалохванне грамадства. 22-гадовы слесар, намеснік старшыні грамадкага аб’яднання "Саюз маладых інтэлектуалаў", прыхільнік хрысціянскай дэмакратыі, актывіст сацыяльных сетак раптам, аказваецца, "закладвае тайнік". Што ж вы, прафэсіяналы, не дачакаліся там, ля «тайніка», якога-небудзь заакіянскага Джэймса Бонда, якому так патрэбная "сацыяльна-эканамічная інфармацыя пра Рэспубліку Беларусь"? Можа, таму, што ніякага шпіёна і шпіянажу там няма? Крывавыя гісторыі пра японскіх і румынскіх "шпіёнаў" наша краіна ўжо праходзіла ў 1937 годзе. Можа, камусьці трэба паказаць, што КДБ працуе, і дзеля гэтага хапаюць першага ж актывіста, нязгоднага з рэжымам, які трапіўся пад руку. Ніхто ж не верыць гэтым "афіцыйным версіям", — цытуе Севярынца сайт БХД.
Павел Севярынец мяркуе, што Андрэя Гайдукова можна лічыць 15-тым палітычным вязнем. І патрабуе неадкладна вызваліць Андрэя Гайдукова.
Паводле артыкула, які інкрымінуюць Гайдукову, яму пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення.
Ягоныя сябры, аднадумцы і бацькі лічаць абвінавачанне абсурдным.
Яны згадваюць, што Андрэя Гайдукова цягам апошняга году выклікалі на гутаркі ў прысутнасці "людзей у цывільным", гэта адбывалася і на працы (хлопец працуе на прадпрыемстве "Нафтан"), і падчас вучобы (завочна навучаецца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце). Змест гаворак зводзіўся да пагрозаў, што "будуць праблемы", калі ён не перастане займацца грамадскай дзейнасцю, кажуць сябры.
Андрэй Гайдукоў – не самы вядомы грамадскі актывіст у Наваполацку, але падчас акцый маўклівага пратэсту быў неаднаразова затрыманы міліцыяй за "незаконныя апладысменты".