viasna on patreon

Сёння адзначаецца Дзень пісьменніка ў зняволенні

2012 2012-11-15T11:42:21+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pismennik.jpg

З 2007 году штогод 15 лістапада на ініцыятыву Міжнароднага ПЭН-клюбу адзначаецца «Дзень пісьменьніка ў зняволенні». У Беларусі сярод палітвязняў таксама ёсць пісьменнікі і журналісты.

 

Сярод палітычных і грамадзкіх актывістаў Беларусі, хто пабываў за кратамі за мінулае дзесяцігодзьзе, бадай што кожны другі спрабаваў апісваць сваё турэмнае жыцьцё ці рэагаваць на былыя падзеі вакол сябе праз літаратурныя творы: нататкамі, прозай, вершамі і нават вершамі з малюнкамі. Некаторым ўдавалася прарывацца і праз турэмную цэнзуру.

Вершы з малюнкамі дасылаў жонцы з «амэрыканкі» літаратар Аляксандр Фядута — вязень Плошчы. «Апынуўся ў адзіночцы, а трэба было з некім размаўляць. Ўяўляў сабе Марыну і размаўляў зь ёй вершамі. На дзіва, іх ўсе прапусьціла цэнзура. Не прапусьціла толькі адзін — ў якім сьледчаму падалося, што я абыгрываю ўцёкі зь Беларусі кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Міхалевіча», — згадвае Аляксандр Фядута.

​​Былы вязень турмы КДБ адзначае, што пры ўсіх жарсьцях зьняволеньня адчуваў творчы ўздым, наблізіцца да якога пакуль ня можа. Таму і кніга ўспамінаў пра Гародню дагэтуль не дапісаная.

​​«10 частак я напісаў, седзячы ў адзіночнай камэры, за 55 дзён, а тры часткі я пішу ўжо другі год запар. І нешта не атрымліваецца, цяжка ідзе. А калі я скарджуся Марыне на гэта, яна кажа: «Дык што, вярнуць цябе зноў у турму?»

Міжнародны дзень пісьменьніка ў зьняволеньні паводле плянаў яго ініцыятараў закліканы выявіць салідарнасьць зь літаратарамі, якія ў зьняволеньні абмежаваныя ў сваім праве выказвацца пра тое, што лічаць галоўным. Былы дэпутат Вярхоўнага савету, адзін зь першых беларускіх палітвязьняў Андрэй Клімаў толькі па выхадзе з калёній, дзе ён пабываў тройчы, атрымаў магчымасьць запісваць свае ўспаміны. Літаратара ў Клімаве адкрыў ягоны будучы суаўтар па кнізе «Той самы Клімаў» Яўген Агурцоў, паслухаўшы ўспаміны Клімава пра турму на Валадарскага.

«У нашай кнізе ёсьць ягоны расповед, які мяне агаломшыў. Там, дзе ён сядзеў, побач была трапа расстрэльная, калідор, які вёў у расстрэльную зону, пра які потым напісаў Алег Алкаеў. І вось яму ўявілася, што ён чуе крокі гэтых людзей, якіх вядуць на сьмерць, а ягоная камэра напаўняецца крывёю расстраляных. Вось тады я яму сказаў: «Клімаў, ты можаш пэўна заняцца літаратурай, у цябе вельмі дакладныя фантазіі», — кажа Агурцоў.

Распавядаць пра ўмовы ў беларускіх турмах непасрэдна з турмы час ад часу вязьням ўдаецца. Але гэта сканчваецца для іх вялікімі праблемамі. Таму ў большасьці выпадкаў ў зьняволеньні літаратары бяруцца за тэмы, далёкія ад штодзённасьці.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі паводле адукацыі — філёляг, літаратуразнаўца. Працу літаратара, якой раней захапляўся, Алесь Бяляцкі працягвае ў Бабруйскай калёніі. Паліна Сьцепаненка, укладальніца кнігі «Асьвячоныя бацькаўшчынай», якую Алесь Бяляцкі напісаў у зьняволеньні, распавядае:

«Тое, што Алесь піша, — гэта ратуе яго ў турме. Ён пачаў пісаць яшчэ ў ізалятары Жодзіна. У яго ёсьць эсэ пра Хвядоса Шынклера, беларускага пісьменьніка 20-ых гадоў. Кнігі Шынклера яму выдалі ў бібліятэцы яшчэ ў Жодзіна. Акрамя таго ён напісаў рэцэнзіі на кнігу Уладзімера Някляева „Лісты да Волі“ і кнігу Аляксандра Фядуты „Амэрыканскія вершы“».

Цэнзура не прапусьціла да Бяляцкага ў турму набраны тэкст ягонай кнігі, адпраўлены на аўтарскую вычытку. Але і гэтую праблему ўдалося вырашыць, пераконвае Паліна Сьцепаненка.

​​Другі раз ў жыцьці адбывае «хімію» малады палітык, пісьменьнік і публіцыст Павал Севярынец. Мой званок як раз засьпеў Паўла пасьля размовы з цэнзарам камэндатуры, які выгаворваў яму за артыкул ў «Нашай ніве».

Як «хімік» Павал працуе на складзе запчастак для камбайнаў і трактараў, а ў вольны час адпачывае душой — піша артыкулы, заснаваныя на назіраньнях навакольнага жыцьця, ды працуе над кнігай «Сэрца сьвятла».

Паводле назіраньняў Паўла Севярынца, пісаць ў турме — неабходнасьць для думаючага чалавека. А вось як успрымалі ягоную звычку і сукамэрнікі ў «амэрыканцы», «валадарцы» ці на «хіміі»:

«Тут да пісацельства ставяцца нармальна, галоўнае — каб не пісаў опэру пад выглядам, што пішаш раман», — жартуе Павал Севярынец, а далей распавядае пра рэальных стукачоў, якія пісалі даносы літаральна ў камэры.

Ці не жадае Павал калісьці апісаць ў кнізе турэмныя рэаліі?

«Пра гэта добра пішучыя людзі ужо напісалі: Ірына Халіп, Уладзімер Някляеў, Натальля Радзіна, Наста Палажанка. Людзі пісалі, як там што было. А калі што дадаваць, то будуць асабістыя духоўныя перажываньні. Бо пра што яшчэ пісаць? Расклад працы, расьцяжкі, зьдзекі — ўсё гэта ёсьць і апісана. А вось духоўны досьвед — гэта варта. Пра гэта былі мае артыкулы з „амэрыканкі“. Але на волю дайшоў толькі адзін з чатырох.

Ёсьць задумка напісаць ў такім сьвятле пра мой досьвед, атрыманы на „сутках“, у ізалятарах, турмах, „хіміях“. Асобнай кнігай. Сапраўды можна чакаць, што і гэта таксама будзе. Любы чалавек, калі будзе гэта чытаць, задумаецца, а ці вытрымаў бы ён такое? Ад турмы і сумы не заракайся — правіла для любога чалавека, асабліва для беларуса».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства