viasna on patreon

Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Кастрычнік 2012 году

2012 2012-11-10T13:19:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasnalogo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У кастрычніку сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі заставалася стабільна кепскай. У месцах пазбаўлення волі працягвалі ўтрымлівацца 12 палітычных зняволеных -- Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Павел Севярынец, Дзмітрый Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Аляксандр Францкевіч, Васіль Парфянкоў, Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка. У дачыненні да Дзмітрыя Дашкевіча было прынята рашэнне аб узмацненні жорсткасці ўмоваў утрымання і пераводзе яго ўтурму з калоніі для адбыцця пакарання да канца тэрміну. Абсалютная большасць з палітвязняў працягвалі знаходзіцца ў статусе “злосных парушальнікаў рэжыму ўтрымання”, на іх аказваўся бесперапынны ціск з боку адміністрацый, яны падвяргаліся рознага кшталту абмежаванням.

Толькі зараз кіраўнік дзяржавы ўпершыню прызнаў, што ў Беларусі існуюць палітычныя зняволеныя. 16 кастрычніка, падчас прэс-канферэнцыі для расійскіх рэгіянальных журналістаў Аляксандр Лукашэнка заявіў: “У нас двое ці трое палітвязняў, якія штурмавалі і ламалі Дом урада”. Такім чынам, А. Лукашэнка заняў прамежкавую пазіцыю ў прызнанні наяўнасці палітвязняў: адмаўляць, што іх няма, ён не стаў, але публічна значна зменшыў іх рэльную колькасць, падкрэсліўшы гвалтоўнасць дзеянняў, нібыта здзейсненых гэтымі асобамі.

 

Пытанні правоў чалавека па-ранейшаму разглядаліся беларускімі ўладамі выключна ў палітычнай плоскасці. На той жа прэс-канферэнцыі 16 кастрычніка А. Лукашэнка адзначыў: “Ёсць пытанні, якія трэба вырашаць. Гэта ад нас патрабуе Захад, у Расіі раздаюцца галасы часам і не толькі ад апазіцыі, але і ў Думе крытыкуюць Лукашэнку”. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы прызнаваў, што найбольш яго хвалюе нязменная пазіцыя Еўрапейскага Саюза, датычная магчымасці ўзнаўлення стасункаў пры выкананні прынцыповай умовы вызвалення палітвязняў. Падчас уручэння давераных грамат ад амбасадараў замежных краін 5 кастрычніка А. Лукашэнка сказаў: “Чакаем, што Еўрасаюз адмовіцца ад бессэнсоўнага ціску на нашу краіну, распачне крокі для аднаўлення даверу да сябе як да сур’ёзнага партнёра і добрага суседа”. Гэтая заява з’явілася таксама своеасаблівым пасланнем Еўрапейскаму Саюзу перад паседжаннем Рады міністраў замежных справаў краін ЕС 15 кастрычніка ў Люксембургу, у парадку дня якога стаяла пытанне аб працягненні санкцый у адносінах да кіраўніцтва Беларусі. У выніку агучаных А. Лукашэнкам сігналаў да жадання ўзнаўлення кантактаў, стабілізацыі ўзроўню рэпрэсіяў, а таксама ўлічваючы вызваленне ў канцы верасня двух палітвязняў (С. Каваленкі і П.Сырамалотава), Еўрасаюз прыняў кампраміснае рашэнне: абмежавальныя меры ў дачыненні да афіцыйнага Мінска былі працягнуты ў ранейшым аб’ёме, але не павялічаны. Такім чынам, Еўрасаюз не пайшоў на паглыбленне палітычнага супрацьстаяння з беларускім бокам, але адначасова зафіксаваў сваю прынцыповую пазіцыю: “Улічваючы, што не ўсе палітзняволеныя былі вызвалены і ніхто з вызваленых (палітвязняў) не быў рэабілітаваны, а сітуацыя з павагай правоў чалавека, вяршэнствам закону і дэмакратычных прынцыпаў не палепшылася, Рада працягне дзеянне абмежавальных мер да 31 кастрычніка 2013 года”, -- адзначана ў каментары да парадку дня паседжання, апублікаваным прэс-службай Рады ЕС. Еўрасаюз выказаў намер перыядычна пераглядаць абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі ў залежнасці ад таго, як будзе развівацца сітуацыя ў краіне, а таксама “патрабаваць, каб ўсе палітзняволеныя былі вызваленыя і рэабілітаваныя”.

 

Паказальным з’явіўся дыялог па правах чалавека, які адбыўся паміж беларускай дэлегацыяй з вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Наванетхем Піллэй па пытанні «Заахвочванне і абарона правоў чалавека» ў рамках 67-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Прадстаўнік беларускай дэлегацыі саветнік пастаяннага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры ААН Ларыса Бельская 24 кастрычніка у сваім выступе заявіла, што наша дзяржава «у поўнай меры выконвае свае абавязацельствы ў галіне правоў чалавека». Паводле яе слоў, Беларусь гатова ўзаемадзейнічаць з праваабарончымі механізмамі ААН, уключаючы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека на аснове «аб'ектыўнага і непрадузятага падыходу». Разам з тым, гэтае сцвярджэнне абсалютна не адпавядае рэальнаму становішчу: за апошнія 14 гадоў Беларусь не прадставіла ніводнага перыядычнага дакладу згодна з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах; ні адно з рашэнняў Камітэта па правах чалавека ў дачыненні да парушэння Беларуссю правоў сваіх грамадзян не выканана; большасць рэкамендацый, выпрацаваных Саветам па правах чалавека ААН у межах Універсальнага перыядычнага агляду, прызнаныя непрымальнымі; афіцыйны Мінск адмовіўся ад супрацоўніцтва са  спецдакладчыкам Савета ААН па Беларусі Міклашам Харашці. Падчас сваёго выступу прадстаўніца афіцыйнай дэлегацыі Беларусі не закранала дадзеныя праблемы і шырокі спектр пытанняў у галіне правоў чалавека, якія вылучаюцца перад Беларуссю рознымі структурамі ААН, засяродзіўшыся выключна на поспехах у барацьбе з гандлем людзьмі.

 

Важнай падзеяй для разумення сутнасці адказнасці дзяржавы ў выкананні сваіх абавязацельстваў у межах міжнародных дамоваў стала прыняцце ў кастрычніку Канстытуцыйным судом Расійскай Федэрацыі рашэння аб абавязковым характары рашэнняў Камітэта па правах чалавека ААН: «Нягледзячы на ​​тое, што ні Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, ні Факультатыўны пратакол да яго прама не абавязваюць дзяржавы выконваць меркаванні Камітэта па правах чалавека, гэта не вызваляе Расійскую Федэрацыю ад добрасумленнага і адказнага выканання прынятых рашэнняў. Іншае не толькі ставіла б пад сумнеў выкананне РФ добраахвотна прынятых на сябе міжнародных абавязацельстваў, але і сведчыла б аб невыкананні абавязкаў прызнаваць і гарантаваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, а таксама рабіла б бессэнсоўным права кожнага звяртацца ў Камітэт па правах чалавека», - такую ​​прававую пазіцыю выказаў КС РФ. Гэта стала су’рёзным контраргументам пазіцыі беларускага ўраду, які называе рашэнні Камітэта ААН “меркаваннем міжнародных экспертаў, якія носяць рэкамендацыйны характар” і нязменна ігнаруе свае абавязацельствы па ўзнаўленні парушаных правоў грамадзянаў.

 

У кастрычніку стала вядома, што Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі ў канцы верасня разаслаў некаторым “зацікаўленым дзяржаўным органам і іншым арганізацыям” ліст, у якім прапанаваў выказаць меркаванне аб неабходнасці стварэння ў Беларусі нацыянальнай установы па заахвочванні і абароне правоў чалавека, а таксама прапановы наконт найбольш прымальнай формы такой установы і асноўных пытанняў арганізацыі яе дзейнасці. НЦЗПД адзначыў, што дадзеная ініцыятыва звязана з выкананнем рэкамендацыяў, прынятых Рэспублікай Беларусь у межах Універсальнага перыядычнага агляду (УПА). Разам з тым, ніводнай з праваабарончых арганізацыяў, якія ўдзельнічалі ў выпрацоўцы дадзенай рэкамендацыі, выкладзенай у альтэрнатыўным дакладзе па сітуацыі з правамі чалавека пры праходжанні Рэспублікай Беларусь працэдуры УПА, і якія займаюцца маніторынгам выканання прынятых рэкамендацыяў, не было прапанавана выказаць свае прапановы па дадзеным пытанні. Гэта выклікала засцярогу, што беларускія ўлады імкнуцца правесці не сапраўднае абмеркаванне, а імітацыю грамадскай дыскусіі па важнай для ўсяго праваабарончага сектару праблеме. 16 кастрычніка была праведзена адмысловая сустрэча прадстаўнікоў шырокага спектру праваабарончых арганізацый Беларусі, на якой было адзначана, што прапанаваны фармат абмеркавання пытання нацыянальнай установы па правах чалавека не адказвае патрабаванням паўнавартаснага ўдзелу няўрадавых арганізацый пры выкананні рэкамендацый УПА, прадугледжанага працэдурай агляду. Праваабаронцы выказалі патрабаванне пра празрысты, адкрыты і публічны працэс абмеркавання пытання з роўным уцягваннем ўсіх зацікаўленых бакоў, у тым ліку пазбаўленых рэгістрацыі праваабарончых арганізацый. Былі таксама вылучаны асноўныя папярэднія ўмовы дыялогу паміж дзяржаўнымі органамі і праваабарончымі арганізацыямі: вызваленне ўсіх зняволеных, асуджаных па палітычных матывах, у тым ліку, праваабаронцы Алеся Бяляцкага; спыненне ўсе формаў ціску на праваабаронцаў і праваабырончыя арганізцыі.

 

Палітычныя зняволеныя, палітычна матываваны крымінальны пераслед

 

4 кастрычніка адвакату палітзняволенага, члена аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Яўгена Васьковіча, які адбывае пакаранне ў турме №4 Магілёву, адмовілі ў сустрэчы з падаабаронным па прычыне змяшчэння вязня ў ШІЗА на 7 сутак. Па тым, што Я. Васьковіч павінен быў выйсці з ШІЗА праз тры дні, дата змяшчэнння яго туды – 1 кастрычніка. 27 кастрычніка Я. Васьковічу дысцыплінарная камісія магілёўскай калоніі вынесла чарговае папярэджанне. Палітвязень абверг інфармацыю, якая з’явілася ў верасні, што нібыта ён адмовіўся ад паслуг адваката.

 

4 кастрычніка палітвязня Мікалая Дзядка, які адбывае пакаранне ў Школоўскай калоніі, наведаў адвакат, каб падрыхтаваць наглядную скаргу на імя старшыні Вярхоўнага суду па адмове ў выдачы Мікалаю чарнобыльскага пасведчання, якое дало б магчымасць прымяніць у адносінах да яго амністыю. Адвакат паведаміў, што зняволены яшчэ да 6 снежня застанецца ў памяшканні камернага тыпу — адзіночнай камеры. М. Дзядок пазбаўлены перадач, спатканняў і тэлефанаванняў дахаты, у яго  абвастрыліся страўнікавыя захворванні. 20 кастрычніка Мікалай Дзядок паведаміў бацькам ў лісце, што яму пасля некалькіх месяцаў нарэшце дазволілі атрымаць медыцынскую бандэроль. Ён вітаў вызваленне Сяргея Каваленкі і Паўла Сырамалотава, але адносна сябе напісаў, што падаваць прашэння аб памілаванні не будзе.  

 

5 кастрычніка ў Мазырскай калоніі спыніў 15-дзённую галадоўку пратэсту супраць зняважлівага стаўлення адміністрацыі зняволены лідэр “Маладога Фронту” Дзмітрый Дашкевіч. У гэты ж дзень вязень быў пераведзены з карцара ў памяшканне камернага тыпу на месяц. Пасля галадоўкі турэмныя лекары прызналі зняволенага схільным да суіцыду. 30 кастрычніка мазырскі суд на выязным пасяджэнні ў папраўчай калоніі № 20 Мазыра прыняў рашэнне аб узмацненні жорсткасці ўмоваў утрымання Дз. Дашкевіча і пераводзе яго ў крытую турму для адбыцця пакарання да канца тэрміну (канец жніўня 2013 года). Суд доўжыўся 10 хвілін. Адвакат Дашкевіча на судзе не прысутнічаў, паколькі зняволены палічыў, што абаронца ўсё роўна не змог бы паўплываць на вынік працэсу.

 

8 кастрычніка былога палітвязня Сяргея Каваленку, вызваленага ў канцы верасня пасля звароту да кіраўніка дзяржавы з прашэннем аб памілаванні, выклікалі ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Першамайскага раёну Віцебску і паведамілі пра ягоныя новыя абавязкі – адзначацца ў інспекцыі раз на тры месяцы, пакуль судзімасць не будзе “пагашана”. На працягу бліжэйшых двух гадоў былы палітвязень павінны адзначацца ў той самай інспекцыі, супрацоўнікі якой  ініцыявалі супраць Сяргея Каваленкі  крымінальную справу за парушэнне рэжыму так званай “хатняй хімі”, якую ён атрымаў за вывешванне 7 студзеня 2010 года бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй елцы ў Віцебску.

 

16 кастрычнiка па прапанове мэра Парыжа і па ініцыятыве Гарадской рады 11-й акругі, Рада Парыжа ўзвяла ў сан Ганаровага грамадзяніна горада Парыжа зняволенага беларускага правабаронцу Алеся Бяляцкага -- віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, кіраўніка Праваабарончага цэнтру “Вясна”. 19 кастрычнiка стала вядома, што Алесю Бяляцкаму, які адбывае пакаранне ў калоніі № 2 Бабруйску, абмежавалі магчымасць атрымання медыцынскіх бандэроляў. Жонка Бяляцкага Наталля Пінчук дасылала бандэроль дазволенай вагой у два кілаграмы, але ёй вярнулі яе, указаўшы, што бандэроль не павінна перавышаць вагу ў адзін кілаграм. Прычыну абмежавання вагі медыцынскай бандэролі ў калоніі не назвалі.

 

17 кастрычніка ў брытанскай штодзённай газеце The Evening Standard быў апублікаваны фрагмент інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі ад 9 кастрычніка, у якім кіраўнік дзяржавы абяцае вызваліць журналістку Ірыну Халіп. Карэспандэнт пацікавіўся ў Лукашэнкі, чаму Халіп не можа выехаць, напрыклад, на лячэнне ў Маскву, і кажа, што гатовы асабіста за яе паручыцца. У адказ на гэта Лукашэнка заявіў: «А што, яна ў нас? Я думаў, яна ў Маскве. Адпраўце сёння ж з вячэрнім канём з Жэням (журналіст Яўген Лебедзеў) Халіп. Забірайце і наогул яе больш сюды не прывозьце. Хай едзе. Я першы раз чую, што яна не можа выехаць у Маскву падлячыцца. Я пра гэтага чалавека наогул нічога не магу гаварыць. Вы хочаце яе ў Маскву везці? Вязіце». Журналіст нагадаў, што Халіп знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, і Лукашэнка звярнуўся да кагосьці са сваіх памочнікаў з просьбай удакладніць дэталі па справе Халіп. «Удакладніце, хто наогул гэтым займаецца з міліцыі ці хто там, і мне скажаце, — гаворыць Лукашэнка. — І мы вам арганізуем. Дый не ў Халіп справа. Я ўжо прыняў рашэнне. Бачыце, дыктатура таксама добрая. Ніводны прэзідэнт адразу не прыняў бы рашэнне, а я прыняў». «Якое рашэнне?» — удакладняе Лебедзеў. На што Лукашэнка яму адказвае: «Ну, Халіп вы сёння павезяце замест жонкі дамоў ці куды там». У інтэрв’ю расійскай «Новой газете», уласным карэспандэнтам якой у Мінску працуе Халіп, сама Ірына расказала, што 15 кастрычніка яна прыйшла адзначацца ў міліцыі і пацікавілася, ці сапраўды можа паехаць у Маскву. «У міліцыі пасмяяліся і сказалі, што калі я паспрабую паехаць за мяжу, мяне адразу абвесцяць у вышук і вернуць у Мінск у наручніках, — сказала Халіп. — Лукашэнка не зацікаўлены ў маім вызваленні. Гэтым летам мяне павінны былі амніставаць. Мае інспектары з ГУУС ужо падрыхтавалі дакументы для маёй амністыі, мы з імі жартавалі, што хутка расстанемся. Амністыю падпісала верхняя палата парламента, ніжняя, і калі для вызвалення заставалася атрымаць толькі подпіс прэзідэнта, мне абвясцілі, што юрыдычна я не маю права на амністыю». У траўні 2011 года Ірына Халіп была прызнана вінаватай ва ўдзеле ў масавых беспарадках пасля выбараў 19 снежня 2010 года і асуджана на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады. Яна не мае права пакідаць Мінск, абавязана кожны тыдзень адзначацца ў міліцыі і быць дома пасля 22.00. Адтэрміноўка завяршаецца 20 ліпеня 2013 года, пасля чаго справа Халіп будзе ў другі раз разгледжана ў судзе, які вырашыць, вызваліць яе, адправіць у турму ці пакінуць у тым жа статусе яшчэ на нейкі тэрмін.

 

22 кастрычніка актывіст грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Мікалай Петрушэнка атрымаў па пошце з Упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці пастанову аб спыненні ў дачыненні да яго крымінальнай справы, узбуджанай па артыкуле 369 КК РБ «Абраза прадстаўніка ўлады» у сувязі з адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства. Пастанова падпісана следчым, падпалкоўнікам юстыцыі Сахаравай С.В. Падставай для спынення справы сталі вынікі лінгвістычнай экспертызы, праведзенай спецыялістамі Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя С.Машерова. Якіх-небудзь прыкмет абразы ў матэрыяле Петрушэнкі «Педафіл атрымліваў прэміі за лепшыя дзіцячыя пляцоўкі», апублікаваным на сайце nash-dom.info, экспертыза не выявіла.

 

23 кастрычніка Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча, паведаміла, што ў Магілёўскай турме, дзе ўтрымліваецца зняволены экс-кандыдат у прэзідэнты, за 9 месяцаў яго знаходжання ніводнага разу адміністрацыяй не былі выдадзеныя гігіенічныя прыналежнасці: мыла, туалетная папера, зубная паста, аднаразовыя брытвы. Мікалай Статкевіч у турме працягвае карыстацца акулярамі, якія не адпавядаюць ягонаму зроку, які пачаў рэзка псавацца яшчэ ў СІЗА КДБ на пачатку 2011 году. У Магілёўскай турме, нягледзячы на рэзкае пахаладанне, не ўключылі ацяпленне, і вязні пакутуюць ад холаду.

 

21 кастрычніка было прынятае рашэнне аб працягенні следчых дзеянняў па крымінальнай справе карэспандэнта польскай «Gazety Wyborczej» з Гродна Андрэя Пачобута на месяц. «Тэрмін папярэдняга следства па крымінальнай справе па абвінавачанні Пачобута па арт. 367 ч.2 КК Беларусі працягнуты яшчэ на месяц, да 21 лістапада 2012 года, для правядзення дадатковых следчых дзеянняў», — паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Гродзенскай вобласці, падпалкоўнік юстыцыі Сяргей Шаршаневіч. А.Пачобут працягвае заставацца пад падпіскай аб нявыездзе. Журналіст абвінавачваецца ў паклёпе на А. Лукашэнку; за час следства ніякіх следчых дзеянняў з ім не праводзілася, яго нікуды не выклікалі.

Выкарыстанне катаванняў і жорсткага абыходжання

 

3 кастрычніка стала вядома, што ў звароце салігорскага маладафронтаўца Івана Шылы па факце смерці грамадзяніна Трафімовіча А.А. у салігорскім ІЧУ мясцовыя міліцыянты ўгледзелі паклёп. Справа датычылася падзеяў ліпеня бягучага году, калі за “бытавое” хуліганства быў затрыманы малады салігорца, змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Салігорскага РАУС, адкуль з чэрапна-мазгавой траўмай ён патрапіў у рэанімацыю. 4 жніўня, не прыходзячы ў прытомнасьць, ён памёр. Праваахоўныя органы адносна дадзенага здарэння паведамілі пра інснаванне відэазапісу, на якім арыштаваны самастойна падае на падлогу ды б’ецца галавой аб унітаз. Іван Шыла, які не аднойчы адбываў пакаранне за сваю актыўную грамадзянскую дзейнасць у Салігорскім ІЧУ, накіраваў Міністру ўнутраных справаў адмысловы зварот з нагоды таямнічага здарэння з Трафімовічам А.А., у якім усклаў адказнасць за трагічны выпадак на начальніка Аддзела ўнутраных спраў Салігорскага райвыканкама Астрэйку А.В. і запатрабаваў публічнай дэманстрацыі відэазапісу інцыдэнта. Даваць адказ на зварот Івана Шылы  МУС даручыла начальніку салігорскай міліцыі Астрэйку А. В., прыцягнуць якога да адказнасці і патрабаваў маладзён. Аляксандр Астрэйка паведаміў, што па факце смерці грамадзяніна Трафмімовіча А. А. Салігорскім раённым аддзелам Следчага камітэту вядзецця праверка ў межах Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Патрабаванні публічнай дэманстрацыі вышэйзгаданага відэазапісу ды пункты, звязаныя з допускам грамадскасці і СМІ ў ізалятар, былі наўпрост праігнараваны. У звароце Івана Шылы салігорскія міліцыянты ўгледзелі “склад адміністратыўнага правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 9.3 (паклёп) КаАП”. З гэтай нагоды Салігорскім РАУС была праведзена адмысловая праверка, падчас якой “складу адміністратыўнага правапарушэння выяўлена не было, у сувязі з чым адміністратыўная вытворчасць была спынена”.

 

Смяротнае пакаранне

 

2 кастрычніка з нагоды Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка, амбасадар Латвіі ў Беларусі разам з амбасадарамі Францыі і Італіі ў Беларусі і прадстаўнікамі Дэлегацыі Еўразвяза ў Мінску прад'явілі дэмарш МЗС Беларусі, каб яшчэ раз звярнуць увагу беларускіх уладаў на праблему наяўнасці смяротнага пакарання ў краіне. Дэмарш з’яўляўся сумесным рашэннем Дэлегацыі Еўразвяза ў Мінску і акрэдытаваных амбасадараў краін-удзельніц Еўразвяза, і ягонае ўручэнне было даручанае кіраўніку дыпламатычнай місіі Латвіі. Беларусь - адзіная краіна на еўрапейскім кантыненце, у якой дагэтуль выкарыстоўваецца смяротнае пакаранне. Еўразвяз, уключаючы Латвію, неаднаразова заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне.

 

10 кастрычніка актывісты кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" правялі ў Мінску прэзентацыю фільма "Убыл по приговору” -- звычайна такой фразай  (убыл по приговору) сваякам паведамляюць аб тым, што смяротны прысуд прыведзены ў выкананне, калі яны прыносяць яму перадачу ў турму. Тое ж самае пішацца ў асабістай картцы асуджанага. Прэзентацыі гэтага фільма прайшлі на працягу месяца ў Магілёве, Гомелі, Мазыры, Брэсце і іншых рэгіёнах Беларусі.

Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі

 

6 кастрычніка на літоўска-беларускай мяжы на некалькі гадзін была затрыманая праваабаронца Наста Лойка. Гэта здарылася, калі дзяўчына вярталася з Вільні рэйсавым аўтобусам праз памежны пераход «Каменны Лог». Памежнікі правялі асабісты дагляд праваабаронцы і яе рэчаў, пасля чаго быў складзены адпаведны акт. Позна ўначы Наста вярнулася ў Мінск.

 

9 кастрычнкіка Гаспадарчы суд г. Мінска пастанавіў ліквідаваць інфармацыйна-асветніцкую ўстанову «Платформа», якая займаецца абаронай правоў асобаў, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Рашэнне было прынятае па зыску падаткавай інспекцыі Савецкага раёна г. Мінска, згодна з якім арганізацыя несвоечасова прадставіла фінансавую справаздачнасць і не паведаміла аб змене месцазнаходжання. Аднак гэтыя прэтэнзіі з’яўляюцца беспадстаўнымі, паколькі “Платформа” насамрэч прадставіла дакументы своечасова, але падатковая інспекцыя нібыта іх згубіла. Справу разглядаў суддзя Алег Клюйко. Прадстаўнікі арганізацыі і яе кіраўнік Андрэй Бандарэнка заявілі пра намер абскардзіць судовае рашэнне. 12 кастрычніка Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў рэзка асудзіла судовае рашэнне па закрыцці “Платформы”, расцаніўшы яго як адвольнае і скіраванае на забарону праваабарончай дзейнасці.

Актывізацыя ціску спецслужбаў на грамадска і палітычна актыўных грамадзян

 

8-га кастрычніка студэнтку 4-га курса Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя Сахарава Іну Панчкоўскую выклікалі на размову ва Упраўленне адукацыі адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска. Фармальная прычына – даведацца, навошта дзяўчына хоча атрымліваць другую вышэйшую адукацыю ў БДУ. Аднак падчас сустрэчы супрацоўнікі КДБ, якія хаваліся за пасады ва Упраўленні адукацыі, цікавіліся выездам за мяжу студэнткі. Тры тыдні да гэтага супрацоўнік міліцыі размаўляў з маці Іны. Паколькі самой дзяўчыны не было дома, міліцыянт праз сваякоў передаў, што яна з’яўляецца сведкай нейкай бойкі. Насамрэч жа Іна Пачкоўская ніякую бойку не бачыла і сведкай супрацьпраўных дзеянняў не была. Праз пэўны час пільную ўвагу да яе стаялі праяўляць у адміністрацыі ўніверсітэта. Дзяўчына выявіла жаданне атрымаць паралельную другую вышэйшую адукацыю ў Белдзяржуніверсітэце. Таму звярнулася ў дэканат і рэктарат з просьбай дазволіць ёй вучобу, як таго і патрабуе працэдура. Спачатку заяву студэнткі перакідвалі з аднаго кабінета ў іншы, аднак пасля прарэктар заявіў, што Упраўленне адукацыі зацікавілася яе асобай, таму яе будуць выклікаць на размову. Першае, што насцярожыла дзяўчыну, мужчыны, якія спачатку прадставіліся супрацоўнікамі Упраўлення, не сказалі адрас, куды трэба прыехаць, а сустрэлі яе на падыходзе да будынка. Сустрэча праходзіла ў вялікай актавай зале, праводзілі яе два мужчыны, якія працяглы час не хацелі называць сваіх імёнаў і пасады. Аднак з размовы і паводзінаў стала зразумела, што яны прадстаўляюць КДБ. Яны пыталі студэнтку пра выезды за мяжу - з кім яна выязджала, хто за гэта плаціў. Размова скончылася на павышаных танах, бо Іна Пальчэўская адмаўлялася адказваць на большасць пытанняў, якія не мелі дачынення да тэмы размовы, на якую яе першапачаткова выклікалі – паступленне ў БДУ. Пасля сустрэчы яна напісала скаргу на імя начальніка Упраўлення адукацыі Партызанскага раёна з патрабаваннем патлумачыць, хто менавіта правозіў гутарку і на якой падставе. У вуснай форме старшыня ўпраўлення Алена Асадчая не змагла сказаць, хто менавіта прысутнічаў у актвай зале. “Мне проста патэлефанавалі з аддзела кадраў Міністэрства адукацыі і папрасілі прадаставіць памяшканне. Хто гэтыя людзі, мне невядома”, - адказала чыноўніца.

 

22 кастрычніка супрацоўнік КДБ патэлефанаваў актывісту БХД Алегу Аксёнаву на мабільны тэлефон і прапанаваў сустрэцца. Сказаў, што калі патрэбна позва, то можна яе зараз падвезці ў любое месца. Алег Аксёнаў пагадзіўся сустрэцца і ўжо праз некалькі гадзін быў у будынку магілёўскай абласной управы КДБ. Размову з ім вёў старэйшы следчы КДБ Андрэй Алегавіч Махуноў. Ён праінфармаваў актывіста, што яго ставяць на прафілактычны ўлік за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі – партыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі (БХД). Актывісту было прапанавана азнаёміцца з паперай, у якой было напісана, што яго ставяць на прафілактычны ўлік. Падпісаў гэты дакумент старшыня магілёўскай абласной управы КДБ Ігар Сяргеенка ад 11.10.2012 года. А. Аксёнаву падпісваць ніякія дакументы не давалі.

 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

 

2 кастрычніка, на кватэру да астравецкага актывіста Мікалая Уласевіча прыйшлі два супрацоўнікі міліцыі і склалі адміністрацыйны пратакол нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП РБ), якое мела месца 21 верасня, калі ён быў затрыманы  ў Астраўцы за распаўсюд агітацыйных перадвыбарчых улётак. Тады актывіста адвезлі ў аддзяленне міліцыі і правялі асабісты дагляд яго і ягонага аўтамабіля. Пазней ператрус быў праведзены і ў вясковым доме, дзе ён пражывае. Супрацоўнікі міліцыі сканфіскавалі інфармацыйныя матэрыялы, аднак не складалі пратакол аб незаконным распаўсюдзе друкаванай прадукцыі, таму зара прыдумалі гэтае непадпарадкаваньне, нягледзячы на тое, што прайшло 10 сутак ад часу затрымання.

 

8 кастрычніка суд горада Наваполацка разгледзеў адмністрацыйную справу актывіста БХД Сяргея Малашонка, які быў затрыманы ў гэты ж дзень пры спробе павесіць расцяжку "Свабоду палітвязням!". Актывіста абвінавацілі ў парушэнні арт. 23.34 КаАП РБ (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства) і ён быў пакараны штрафам у памеры 3 базавых велічынь.

 

8 кастрычніка ў Магілёве, напярэдадні Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання, былі затрыманыя валанцёры, якія распаўсюджвалі налепкі і постэры кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. Са слоў актывіста кампаніі Уладзіміра Чумакова, прыкладна ў 17-20, пасля званку “пільных” грамадзянаў, двое юнакоў былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі і дастаўленыя ў Ленінскі РАУС Магілёва. Пасля разбіральніцтва, якое доўжылася амаль пяць гадзінаў, на хлопцаў былі складзены пратаколы аб адміністратыўным парушэнні па ч. 2 артыкула 21.14 КаАП  РБ “Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў”, а таксама пратакол аб адабранні інфармацыйных матэрыялаў.

 

9 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы Мінска падчас правядзення мастацкай акцыі “Складанасці выказвання ў грамадскай прасторы” былі затрыманыя ўдзельнікі арт-праекта Going Public мастак Міхаіл Гулін разам з трыма асістэнтамі Уладзіславам Лук’янчуком, Алегам Давыдчыкам, Сяргеем Панасюкома таксама аператар “Нашай Нівы” Таццяна Гаўрыльчык. Міхаіл Гулін з асістэнтамі проста ішоў па плошчы, трымаючы абстрактныя канструкцыі розных геаметрычных формаў. Праз некаторы час іх падышлі спецназаўцы і запрасілі прайсці з імі для праверкі дакументаў. Пасля пагрузілі ў аўтобус і адвезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе супрацоўнікі міліцыі запатрабавалі ад затрыманых здаць адбіткі пальцаў. Калі яны адмовіліся ад дактыласкапічнай экспертызы, праваахоўнікі ўжылі сілу. Праз тры гадзіны затрымання з РУУС выпусцілі Таццяну Гаўрыльчык. На М. Гуліна і валанцёраў склалі пратаколы аб непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Судовы працэс над Уладзіславам Лук’янчуком і Алегам Давыдчыкам пачаўся 22 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёну Мінска, у выніку якога суддзя Таццяна Ткачова вырашыла аб’яднаць справы ўсіх чатырох удзельнікаў акцыі, прызначыўшы судовы працэс на 29 кастрычніка. У гэты дзень падчас прагляду відэазапісу затрымання выявілася, што супрацоўнікам міліцыі супраціву ўдзельнікамі арт-праекта не аказвалася. 2 лістапада суд спыніў адміністрацыйную вытворчасць па справе.

11 кастрыніка ў Мінску актывісты моладзевага аб’яднання «Альтэрнатыва» правялі флэш-моб у знак пратэсту супраць прапаганды на дзяржаўным тэлебачанні. Яны ўсталявалі на рагу вуліц Няміга і Гарадскі Вал тэлевізар з выявай лагатыпу Першага беларускага тэлеканалу і расклалі на ім локшыну, таксама раскідалі локшыну навокал. Каля тэлевізара актывісты выставілі таблічку «Ахвяраваньні на БТ» і кідалі грошы як сімвал таго, што дзяржаўная прапаганда каштуе вельмі танна, і раскіданыя актывістамі грашовыя купюры — максімум таго, чаго яна вартая. За ўдзел у акцыі былі затрыманыя лідэр «Альтэрнатывы» Алег Корбан і актывіст Уладзіміра Сяргееў, якіх абвінавацілі ў дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП). 12 кастрычніка суддзя суда Партызанкага раёну Мінска Рыта Шарай вынесла рашэнне аб пакаранні кожнага з актывістаў 5 суткамі адміністрацыйнага арышту.

 

12 кастрычніка суддзя суда Слуцкага раёна Уладзімір Арэшка адмяніў рашэнне адміністрацыйнай камісіі Слуцкага райвыканкама, якая прызнала грамадскага актывіста Віталя Амяльковіча вінаватым у расклейванні налепак. Матэрыялы справы аб адміністрацыйным правапарушэнні накіраваны на перагляд. Нагадаем, 6 верасня адміністрацыйная камісія Слуцкага райвыканкаму аштрафавала Віталя Амяльковіча на 10 базавых велічыняў. Грамадскі актывіст абскардзіў гэтае рашэнне ў судзе Слуцкага раёна. Суддзя Арэшка пацікавіўся ў Амяльковіча, хто яго затрымліваў ноччу 14 ліпеня. Грамадскі актывіст растлумачыў, што да гэтага часу гэтага не ведае: падчас затрымання супрацоўнік РАУС, які нібыта бачыў, як Віталь расклейваў налепкі, не прадставіўся, не было названа было яго імя і на пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі. У працэсе вядзення адміністрацыйнага працэсу міліцыянтамі Слуцкага РАУС дапускаліся грубыя парушэнні.

 

25 кастрычніка ўчастковы інспектар маёр міліцыі Дз. Мізгер наведаў працоўнае месца прадпрымальніка Мікалая Чарнавуса на мясцовым каапрынку. Апытаўшы прадаўцоў і прадпрымальнікаў, ён склаў адміністрацыйны пратакол аб парушэнні М. Чарнавусам арт. 23.34 ч.II КаАП (арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства). Такім чынам супрацоўнік міліцыі кваліфікаваў правядзенне прадпрымальнікам 6 кастрычніка каля свайго гандлёвага месца дабрачыннага абеду.

 

27 кастрычініка ў Міёрах пасля вяселля актывіста «Маладога Фронту» Мікалая Дземідзенкі былі затрыманыя ягоныя папечнікі Раман Васільеў і Дзмітрый Крэмянецкі. Машыну, у якой пасля вяселля вяртаўся Раман Васільеў у Мінск, спынілі на выездзе з Мёраў, а хлопца затрымалі. Маладафронтавец Дз.Крэмянецкі быў затрыманы побач з кавярняй, дзе адзначалі вяселле. 29 кастрычніка ў Міёрскім судзе адбыўся разгляд адміністрацыйных справаў маладафронтаўцаў, на якіх склалі пратаколы аб дробным хуліганстве (арт.17.1 КаАП). Старшыня суду Міёрскага раёна Наталля Грыгор'ева адхіліла 2 хадайніцтвы Рамана Васільева, якія тычыліся выкліку ў суд адваката і адвода суддзі. Сведкі -- супрацоўнікі ДПС РУУСа Міёраў Мільто і Верашчака. Падчас працэсу Р. Васільеву стала кепска, і “хуткая дапамога” забрала яго ў мясцовую лякарню з падазрэннем на гіпертанічны крыз. Сведкі па справе Дз. Крэмянецкага - Уладзіслаў Юдкін, начальнік аддзла аховы правапарадку і прафілактыкі Міёрскага РУУСа і Міхаіл Кураж. Суддзя вынесла рашэнне аб пакаранні актывіста 5 суткамі адміністрацыйнага арышту.

 

27 кастрычніка ў Свіслачы (Гродзенская вобласць) былі затрыманыя чатыры ўдзельнікі традыцыйнай акцыі ўшанавання памяці братоў Віктара і Кастуся Каліноўскіх: студэнт БНТУ Алесь Крот, Станіслава Гусакова з Віцебска (яна з'яўляецца грамадзянкай Расіі, але размаўляе па-беларуску), сябар Руху “За Свабоду” і Партыі БНФ Вітольд Ашурак з Бярозаўкі і гарадзенскі актывіст Віталь Лопасаў, якога адпусцілі да суду, бо з ім разам быў непаўнагадовы сын. Затрыманне адбылося ў суботу, і на выходных трое затрыманых ўтрымліваліся ў мясцовым ІЧУ. На ўсіх былі  складзеныя пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні арт. 23.34 КаАП -- удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 29 кастрычніка ў Свіслацкім раённым судзе быў разгледжаны толькі адміністрацыйны пратакол, складзены на С. Гусакову, аднак прыняцце рашэння было перанесенае на наступны дзень. 30 кастрычніка старшыня Свіслацкага суда Аляксандар Шылін прызнаў Алеся Крата, Станіславу Гусакову і Віталя Лопасава вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрымстве з выкарыстаннем незарэгістраванай сімволікі і асудзіў да трох сутак арышту С. Гусакову і Алеся Крата, а Віталя Лопасава аштрафаваў на 30 базавых велічынь. Судовы разгляд адміністрацыйнай справы Вітальда Ашуркі адбыўся 1 лістапада. Актывіст быў асуджанны рашэннем суддзі Аляксандра Шыліна на 3 сутак адміністрацыйнага арышту.

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

 

1 кастрычніка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” атрымала адказ на свой зварот да начальніка міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандра Іоскіна адносна забеспячэння правоў журналістаў на вулічных масавых мерапрыемствах. “Існуе практыка ўзаемадзеяння з прадстаўнікамі СМІ падчас правядзення грамадскіх мерапрыемстваў, у тым ліку несанкцыянаваных палітычных акцый. У залежнасці ад абстаноўкі, супрацоўнікі груп па ўзаемадзеянні са СМІ даводзяць да ведама журналістаў інфармацыю, агучваюць каментары, выказваюць пажаданні, тлумачаць дзеючыя нарматыўна-прававыя акты”, - адзначаецца ў адказе Аляксандра Іоскіна. У дакуменце чыноўнік паведамляе, што лічыць узровень узаемаадносінаў супрацоўнікаў міліцыі з журналістамі ў межах правядзення грамадска-палітычных мерапрыемстваў "дастатковым". Аднак на практыцы вельмі часта на акцыях супрацоўнікі сілавых органаў не толькі не дапамагаюць, але і груба парушаюць правы журналістаў, як, напрыклад,  затрыманне і збіццё групу журналістаў, якія асвятлялі ў Мінску пікет актывістаў кампаніі “Гавары праўду!” 18 верасня.

 

7 кастрычніка фатограф Associated Press Сяргей Грыц атрымаў афіцыйны адказ з Упраўлення ўнутраных спраў адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска, якая праводзіла праверку па факце ягонага затрымання і збіцця падчас несанкцыянаванай акцыі 18 верасня. З адказу вынікае, што УУС правяло праверку па заяве журналіста і не знайшло ў дзеяннях сваіх супрацоўнікаў складу злачынства (п. 2 ч. 1 арт. 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ). “Праведзенай праверкай устанавіць абставіны атрымання цялесных пашкоджанняў Грыцом С.В... не прадставілася магчымым, бо ніхто з супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненні да апошняга фізічнай сілы і фізічнага гвалту, а таксама спецыяльных сродкаў не прымяняў. Не прадставілася ўстанавіць абставіны выдалення матэрыялаў з відэакамеры Грыца С.В., таму што відэакамеру... ніхто з супрацоўнікаў міліцыі не забіраў, а наяўнасць у ёй матэрыялаў відэаздымкаў супрацоўнікамі міліцыі не ўстанаўлівалася, г. зн. адсутнічае склад злачынства, прадугледжаны арт. 198 КК РБ”. Пастанову падпісалі намеснік начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Фрунзенскага РУУС А. Чумік і намеснік начальніка УУС адміністрацыі Фрунзенскага раёна г. Мінска Р. Васкрасенкі.

 

9 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы Мінска падчас мастацкай акцыі “Складанасці выказвання ў грамадскай прасторы” разам з удзельнікамі была затрыманая відэааператар газеты “Наша Ніва” Таццяна Гаўрыльчык. Затрыманыя былі дастаўленыя ў РУУС Цэнтральнага раёну, журналістака была адпушчана праз тры гадзіны без складання пратаколу, аднак у яе былі выдаленыя з апаратуры ўсе зробленыя здымкі.

 

12 кастрычніка суд Савецкага раёна Гомеля (суддзя Сяргей Уласаў) адмяніў штраф грамадcкаму актывісту Аляксандру Працко за продаж незалежнай газеты “Новы час” у “неўстаноўленым месцы”.  Пастанова аб адміністратыўным спагнанні накіравана на перагляд у камісію пры адміністрацыі Савецкага раёна.

 

12 кастрычніка скончыўся чарговы, трэці судовы працэс па зыску рагачоўскай раённай газеты «Свабоднае слова» да грамадскага актывіста Дзяніса Дашкевіча. Раней раённае выданне двойчы спрабавала прыцягнуць актывіста да адказнасці нібыта за парушэнне аўтарскіх правоў, але дарма – суд не прызнаваў Дзяніса Дашкевіча вінаватым, бо не было ніякіх доказаў парушэння аўтарскіх правоў. А 12 кастрычніка суддзя прызнала яго вінаватым у парушэнні аўтарскіх правоў (артыкул 9.2 КаАП) і пакарала штрафам у памеры 3 мільёны рублёў. Прычым пры вынясенні рашэння суддзя нават не назвала ні артыкул, ні парушэнне, якое здзейсніў актывіст. Ён быў стваральнікам сайт vrogacheve.ru, на якім з'яўляліся розныя навіны. Рэдакцыя раённай газеты звярнулася ў міліцыю з заявай, нібыта сайт vrogacheve.ru перадрукаваў навіны з сайту раённай газеты, парушыўшы такім чынам аўтарскія правы дзяржаўных карэспандэнтаў. Прычым навіны тыя былі – зводка з бальніцы пра абмаражэнні жыхароў райцэнтра мінулай зімой і крымінальная інфармацыя мясцовай міліцыі, і карэспандэнты раённай газеты ніяк не маглі быць аўтарамі такіх матэрыялаў.

 

16 кастрычніка стала вядома, што ўлады Крычаўскага раёна спрабуюць абмежаваць доступ журналістаў газеты “Вольны горад” да інфармацыі аб стане справаў раёне, папярэджваючы чыноўнікаў, што ў іх могуць узнікнуць сур’ёзныя праблемы, калі стане вядома, ад каго журналісты незалежнага выдання  атрымліваюць гэту інфармацыю. Так, яшчэ напярэдадні парламенцкіх выбараў у верасні 2012 года на пашыранай апаратнай нарадзе па выніках працы народнагаспадарчага комплекса Крычаўскага раёна за восем месяцаў гэтага года выступіў начальнік Крычаўскага горрайаддзела КДБ Ілля Краўцоў, які ў сваім выступе наўпрост пагражаў сур’ёзнымі праблемамі тым, хто дае “трэццім асобам” закрытую інфармацыю. Якая інфармацыя пры гэтым з’яўляецца “закрытай” і для якіх “трэцціх асобаў”, ён так і не растлумачыў. Аднак большасць прысутных на той нарадзе звязалі выступ спадара Краўцова з выкрывальніцкімі артыкуламі ў адрас кіраўніцтва Крычаўскага райвыканкама, пракуратуры, дырэкцыі шэрагу прадпрыемстваў, якія апошнім часам рэгулярна з’яўляліся ў газеце “Вольны горад”.

 

16 кастрычніка да астравецкага актывіста Мікалая Уласевіча дахаты завітаў участковы   інспектар і прапанаваў яму зрабіць пісьмовыя тлумачэнні з нагоды інтэрвію, якое той даў сайту «Беларускі  партызан» і якое некалькі дзен таму было змешчана на гэтым інфармацыйным рэсурсе пад назвай «Мікалай Уласевіч: Я хаджу па правакацыях КДБ, як па мінным полі». М. Уласевіч ад тлумачэнняў супрацоўніку міліцыі адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што ў дадзеным ім інтэрвію і так усё зразумела і тлумачэнняў не патрабуе.

 

18 кастрычніка гаспадарчы суд Гарадзенскай вобласці аштрафаваў галоўнага рэдактара часопіса “ARCHE” Валера Булгакава на 5 базавых велічынь. Таксама канфіскаваны ўвесь прыбытак ад продажу часопіса на агульную суму 875 тысяч рублёў. Суд на сваім паседжанні разгледзеў “гарадзенскі эпізод” 14 верасня, калі Валер Булгакаў прыехаў у Горадню, каб прадставіць новую кнігу з сэрыі часопіса «Arche» «Саветызацыя Заходняй Беларусі» аўтарства гісторыка Яна Шумскага. На сустрэчу прыйшлі супрацоўнікі падатковай інспекцыі і зрабілі «кантрольную закупку» і сканфіскавалі каля двухсот асобнікаў часопіса і кніг, на якія не было накладных. Пасля інцыдэнту 14 верасня пачалі разгортвацца падзеі, якія рэальна сталі пагражаць самому існаванню выдання. Храналогія далейшага развіцця падзей: 21 верасня – прыход супрацоўнікаў Дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэта дзяржаўнага кантролю ў друкарню, дзе друкаваўся “ARCHE”. 24-28 верасня – выняцце ў друкарні дакументаў за апошнія два гады дзейнасці. 1 кастрычніка – дамоўленасць пра візіт галоўнага рэдактара “ARCHE” ў ДФР. 2 кастрычніка – арыштаваныя больш за 5 тыс. асобнікаў розных выданняў з калекцыі Валера Булгакава. 4 кастрычніка – выклік заснавальніка “ARCHE” Андрэя Дынька ў ДФР, пасля якога ім было прынята рашэнне звольніць з пасады галоўнага рэдактара Валера Булгакава і часова прызначыць в. а. галоўнага рэдактара ягонага ранейшага намесніка Аляксандра Пашкевіча. Аднак у той жа самы дзень ДФР заблакаваў рахунак “ARCHE”, у выніку чаго часопіс страціў магчымасць аплачваць друк новых нумароў, макет аднаго з якіх у той час быў цалкам падрыхтаваны і знаходзіўся ў друкарні. 5 кастрычніка – Валер Булгакаў схадзіў на размову ў ДФР. 12 кастрычніка – на размову ў ДФР схадзілі новы галоўны рэдактар “ARCHE” і бухгалтар часопіса. 17 і 18 кастрычніка – чарговыя выклікі на размовы ў ДФР Валера Булгакава і бухгалтара “ARCHE”. Афіцыйнае абвінавачанне выдаўцам “ARCHE” пакуль што не выстаўлена, але з вынікаў праведзеных ДФР апытанняў членаў рэдакцыі часопіса вынікае, што следства вядзецца па наступных асноўных кірунках: праверка мэтавага выкарыстання паперы для друку; правільнасць прымання рэдакцыяй дабрачынных грашовых ахвяраванняў. 26 кастрычніка ў перадачы «Зона-Х» на тэлеканале «Беларусь-1» быў прадэманстраваны сюжэт пра справу вакол часопіса “Arche-Пачатак”. У рэпартажы прагучалі словы пра магчымую крымінальную адказнасць экс-рэдактара  “Arche-Пачатак” Валера Булгакава. Прычым магчымай нагодай для яе ўзбуджэння, паводле журналіста Аляксандра Вярбіцкага, можа стаць “экстрэмісцкі” змест канфіскаванай у рэдактара літаратуры – калі тое пацвердзіць паўторная экспертыза.

 

20 кастрычніка споўнілася 8 гадоў з дня забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай. Забойцы да гэтага часу не знойдзеныя, расследаванне справы прыпынена. «З моманту ўтварэння Следчага камітэту Беларусі гэтая крымінальная справа была перададзена нам і прынята да вытворчасьці, — заявіў прадстаўнік Следчага камітэту Ягор Лівай. — На дадзены момант справа прыпынена ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая ўчынiла злачынства. У той жа час гэта не азначае, што не праводзіцца ніякіх дзеянняў, накіраваных на вышук злачынцы. Задзейнічаны пэўныя аператыўныя падраздзяленні, якія праводзяць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на ўстанаўленне асоб, якія маюць дачыненне да забойства, і высвятленне ўсіх абставінаў справы». Раней расследаванне прыпынялі ў 2007 годзе на падставе артыкулу Крымінальна-працэсуальнага кодэксу «невыяўленне асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага». Следства першапачаткова разглядала ў якасці асноўнай версію забойства на побытавай глебе. Падазраванымі былі названыя 15-гадовы сын журналісткі і яе айчым. У красавіку 2005 году падазрэнне з іх знялі.

 

22 кастрычніка гомельская незалежная журналістка Ларыса Шчыракова была выкліканая ў Гомельскую абласную пракуратуру да супрацоўніцы аддзелу па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Ірыны Макарэвіч. Гаворка ішла пра працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі. Прэтэнзіі пракуратуры зводзіліся да таго, што ў эфіры спадарожнікавага тэлеканала «Белсат» Ларыса Шчыракова дала каментар, звязаны з арыштам старшыні Гомельскага гарвыканкама Віктара Піліпца. Супрацоўніца пракуратуры паведаміла журналістцы, што ёй будзе вынесенае афіцыйнае папярэджанне за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі. У гэты ж дзень намеснік абласнога пракурора Васіль Броўка падпісаў афіцыйнае папярэджанне Л. Шчыраковай, у якім сказана: “Пракуратурай  вобласці праведзена праверка па матэрыялах УКДБ Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці, у часе якой устаноўлена, што Вы ажыццяўляеце дзейнасць на карысць прадзюсарскай кампаніі N.E.W.S. Informacja (г. Варшава, Рэспубліка Польшча), а таксама займаецеся зборам інфармацыі, якая тычыцца спартовых, культурных і грамадска-палітычных падзей вобласці. Апрача таго, 26 верасня Вамі быў зроблены запіс інфармацыі пра арышт былога старшыні Гомельскага гарвыканкама Віктара Піліпца для тэлеэфіру польскага сродку масавай інфармацыі “БелСат”. Як устаноўлена праверкай, Вы, не маючы працоўных альбо іншых стасункаў са сродкамі масавай інфармацыі  і  не маючы акрэдытацыі  пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь у якасці карэспандэнта замежнага СМІ, ажыццяўляеце журналісцкую дзейнасць, у тым ліку у інтарэсах польскай прадзюсарскай кампаніі N.E.W.S. Informacja і тэлекампаніі “БелСат”, што з’яўляецца парушэннем Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”. За 2012 год гэта ўжо другое пракурорскае папярэджанне, вынесенае Ларысе Шчыраковай.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

 

3 кастрычніка баранавіцкі прадпрымальнік і грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус атрымаў ліст за подпісам намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, у якім паведамлялася аб забароне правядзення пікета 7 кастрычніка з мэтай інфармавання аб стварэнні ў Баранавічах ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за бясплатны праезд школьнікаў у грамадскім транспарце на факультатывы і гурткі пасля заняткаў. У адказе традыцыйна не паведамляецца, што канкрэтна парушыў заяўнік, але прапануецца, у выпадку нязгоды з такім рашэннем, звяртацца ў суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы.

 

4 кастрычніка брэсцкія ўлады не далі згоды на правядзенне пікету за годную працу. З ініцыятывай правядзення акцыі 7 кастрычніка, калі адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы за годную працу, у гарвыканкам звярнуліся брэсцкія прадстаўнікі прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Пры гэтым заяўка была пададзена на правядзенне пікету ў месцы, якое вызначана ўладамі для такіх мэтаў – у парку воінаў-інтэрнацыяналістаў. Падчас акцыі планавалася засяродзіць увагу на тым, што Брэсцкая вобласць займае апошняе месца сярод рэгіёнаў Беларусі па памерах сярэдняй заработнай платы, а ў цэлым у краіне адсутнічаюць умовы для годнай працы. Аднак з Брэсцкага гарвыканкаму атрыманы адмоўны адказ наконт пікету: чыноўнікі спаслаліся на тое, што ў згаданым парку 7 кастрычніка будуць ладзіцца святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня настаўніка.

 

26 кастрычніка брэсцкі праваабаронца Уладзімір Вялічкін падаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН з нагоды парушэння свабоды выказвання меркаванняў і мірных сходаў. Падставай для звароту стала адмова ў правядзенні ў Брэсце мерапрыемства ў падтрымку кіраўніка Правабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага, які зараз знаходзіцца за кратамі. У брэсцкім гарвыканкаме сваю адмову патлумачылі тым, што ў ініцыятара правядзення акцыі адсутнічалі дамовы з аддзелам унутраных справаў, установай аховы здароўя і камунальнымі службамі. Спробы Уладзіміра Вялічкіна абскардзіць рашэнне мясцовых уладаў у судах розных узроўняў не далі плёну.

 

26 кастрычніка, прайшоўшы ўсе судовыя інстанцыі на нацыянальным узроўні, брэсцкі актывіст Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” накіраваў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН па справе забароны пікету, падчас якога планавалася прыцягнуць увагу грамадскасці да немагчымасці пабудаваць жыллё па даступных коштах. Суд Ленінскага раёну Брэста палічыў, што гарадскія ўлады мелі рацыю, калі адмовілі ў правядзенні акцыі, бо яе арганізатары не заключылі дамовы з камунальнымі службамі, установай аховы здароўя і органамі ўнутраных спраў. Пазней суд Брэсцкай обласці і Вярхоўны суд РБ пакінулі гэтае рашэнне без зменаў, адхіліўшы скаргі Аляксандра Дзенісенкі.

 

28 кастрычніка ў Мінску праводзілася традыцыйная масавая акцыя беларускай дэмакратычнай апазіцыі "Дзяды". Гэтае мерапрыемства ў форме шэсьця і мітынга было дазволена Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам. Мерапрыемства насіла мірны характар, яго ўдзельнікі не адхіляліся ад дазволенага маршруту, у працэсе шэсця і мітынга заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб масавых мерапрыемствах удзельнікамі не парушалася. Супрацоўнікі міліцыі і іншых службаў паводзілі сабе ў цэлым нейтральна, аднак за ўдзельнікамі акцыі вялася аператыўна кіна- і відэа з’ёмка, вялікая колькасьць супрацоўнікаў міліцыі і іншых службаў не былі апранутыя ў форменую вопратку, не мелі ідэнтыфікацыйных карт і іншых пазнакаў прыналежнасьці сябе да супрацоўнікаў спецыяльных служб па забеспячэнні правапарадку. Непасрэдна перад пачаткам масавага мерапрыемства быў затрыманы непаўнагадовы Ілля Хромаў, які нёс у заплечніку бел-чырвона-белыя стужкі (вызвалены), а таксама Ўладзіслаў Шведа,  у якога быў адабраны бел-чырвона-белы сцяг і складзены пратакол аб дробным хуліганстве (арт.17.1 КаАП). Дадзеныя затрыманні з'яўляюцца цалкам незаконнымі.

 

Абмежаванне свабоды асацыяцыяў

 

4 кастрычніка ў Гародні ў абласным судзе адбыўся разгляд скаргі Партыі БНФ да ўпраўлення юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму на прадмет нерэгістрацыі Гарадзенскай абласной структуры партыі. Інтарэсы Партыі БНФ прадстаўлялі Юрый Чавусаў і Вадзім Саранчукоў. Суд не задаволіў скаргу Партыі БНФ, суддзя Зоя Нікольская не знайшла антызаконных дзеянняў у рашэнні рэгіструючага органа і адмовіла абласной арганізацыі ў магчымасці легальнай дзейнасці на тэрыторыі вобласці. Нагадаем, што ў траўні бягучага году адбыўся ўстаноўчы сход Гарадзенскай абласной арганізацыі, і ў адпаведны тэрмін ва ўпраўленне юстыцыі быў пададзены пакет рэгістрацыйных дакументаў. Аднак чыноўнікі не зарэгістравалі арганізацыю. Пасля прыпынення працэсу рэгістрацыі ўпраўленне юстыцыі запатрабавала ў гарадзенскай гарадской арганізацыі звесткі пра ўсіх сябраў, якія стаяць на ўліку, у тым ліку запатрабавала, каб гэтыя звесткі былі прадстаўленыя ў транскрыпцыі на рускай мове. Такія звесткі з спасылкай на закон “Аб мовах” былі адпраўленыя і дастаўленыя, аднак рэгістрацыі так і не адбылося.

 

25 кастрычніка стала вядома, што аргкамітэту па стварэнні грамадскага аб'яднання "Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты" адмовілі ва ўсіх 14 памяшканнях, на якія МХД падавала заўякі для правядзенне свайго ўстаноўчага зьезду 3 лістапада. Амаль ува ўсіх адмовах было напісана, што ў гэты дзень памяшканні будуць занятыя, а ў Доме афіцэраў нават не пазначылі прычыну адмовы.

29 кастрычніка гомельскія актывісты ініцыятывы «Хопіць піць – трэба жыць» заявілі, што не могуць атрымаць юрыдычны адрас, каб затым афіцыйна зарэгістраваць грамадскае аб'яднанне. «Папярэдняя тэлефанаванне ці наведванне – і нам даюць дабро, абяцаюць даць гарантыйны ліст. Але назаўтра тэлефануюць і адмаўляюць па розных прычынах», - адзначыў каардынатар ініцыятывы Кастусь Жукоўскі. Ён лічыць, што паміж уладамі і тымі, хто прадстаўляе юрыдычны адрас розным арганізацыям, існуе дамова ці інструкцыя, згодна якой трэба прадстаўленне юрыдычнага адрасу ўзгадняць з мясцовымі ўладамі. Пры гэтым некаторыя арганізацыі з лёгкасцю атрымліваюць юрыдычныя адрасы, рэгістрацыю і дзейнічаюць у Гомелі.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства