У Бабруйску офіс дэпутата “Грамадзянскай дамовы” будзе дзейнічаць у прыватнай кватэры
Як адзначае бабруйскі каардынатар кампаніі “Гавары праўду” Алена Мядзведзева, офіс у прыватнай кватэры – вымушаны крок. Яна кажа, што зняць нейкае памшяканне ў горадзе пад грамадскую прыёмную “ад апазіцыянераў” даўно ўжо нерэальна.
- Нейкі час мы здымалі памяшканне ў мясцовай суполкі АГП, яшчэ падчас выбараў. Але на іх “наехалі” прадстаўнікі ўлады і кадэбэшнікі, кшталту, яны не маюць права прадастаўляць кут для іншых арганізацый, і мы вымушаныя былі закрыць там грамадскую прыёмную. Офісы, арандаваныя ў прыватнікаў, звычайна існуюць два-тры дні і пасля закрываюцца з падачы тых жа спецслужбаў. Таму ў гэты раз мы вырашылі не рызыкаваць і будзем запрашаць людзей у прыватную кватэру, - тлумачыць Алена Мядзведзева.
Аксана Самуйлава, якая ўдзельнічала ў парламенцкіх выбарах у Бабруйску, кажа, што офіс дэпутата “Грамадзянскай дамовы” – гэта лагічны паслявыбарчы працяг.
- Я не прайшла на выбары па надуманых прычынах, але яшчэ тады паабяцала, што праца будзе працягвацца. Таму і “дэпутатам” па Бабруйску буду я. Разам з юрыстам, актывістамі будзем дапамагаць людзям, у тым ліку з прыцягваннем пэўных экспертаў. Назва “офіс дэпутата “Грамадзянскай дамовы” кажа ўсё за сябе: мы даўно працуем па гэтай схеме, хочам дапамагчы людзям рэалізоўваць свае ідэі і ініцыятывы, самастойна вырашаць праблемы, - кажа Аксана Самуйлава.