Раман Кісляк падаў скаргу на незаконнае ўключэнне яго ў базу дадзеных правапарушальнікаў
Менавіта гэтае ўключэнне сталася падставай для затрымання брэсцкага праваабаронцы 8 лістапада, пасля чаго ён быў дастаўлены ў Ленінскі РАУС абласнога цэнтру, дзе яго прымусілі прайсці дактыласкапію.
У скарзе, якую Раман Кісляк накіраваў начальніку згаданага раённага аддзелу ўнутраных справаў, паведамляецца, што ўключэнне ў базу дадзеных правапарушальнікаў супрацоўнікамі Ленінскага РАУС ён лічыць незаконным, бо апошнім часам міліцыянты не звярталіся да праваабаронцы з нагоды праходжання дактыласкапічнай рэгістрацыі і ніякіх адміністратыўных пратаколаў у дачыненні да яго не складалася.
Акрамя прызнання ўключэння яго ў базу дадзеных правапарушальнікаў неправамерным, Раман Кісляк патрабуе прыняць захады для папярэджання падобных выпадкаў у будучыні, бо яны парушаюць прэзумпцыю невінаватасці.