Захаранка можа быць прызнаны памерлым
Рашэньне прызнаць Юрыя Захаранку памерлым будзе вынесенае Кастрычніцкім судом Менску ў наступны аўторак. Пра гэта Рацыі паведаміў адвакат сям'і Захаранкі Алег Волчак. Ён паведаміў, што судзьдзя Віктар Бялянін другі раз запатрабаваў з гарадзкой пракуратуры для азнаямленьня справу зьніклага Юрыя Захаранкі.
RR
На аўторкавым паседжаньні суду, дзе слухалася справа аб прызнаньні Юрыя Захаранкі памерлым, выступіў адвакат Алег Волчак і пракурор Сьвятлана Нікалаева. Алег Волчак настойваў на тым, што экс-міністра унутраных справаў варта лічыць памерлым з моманту зьнікненьня - 7 траўня 1999 г. Пракурор найстойвала на тым, каб дата сьмерці лічылася ад моманту вынясеньня рашэньня суду - зь верасьня 2002 г.
Пасьля дыскусіі судзьдзя Віктар Бялянін пастанавіў, што варта ізноў вярнуцца да судовага сьледзтва й запатрабаваць з гарадзкой пракуратуры матэрыялы крымінальнай справы па факце зьнікненьня Юрыя Захаранкі.
Судовыя слуханьні адновяцца ў наступны панядзелак а 14-й гадзіне. Алег Волчак паргназуе, што судовае рашэньне будзе агучанае на наступны дзень - у аўторак.
З зыскам аб прызаньні Юрыя Захаранкі памерлым у суд зьвярнулася ягоная жонка Вольга, якая жыве ў Нямеччыне. Яна настойвае на тым, што Аляксандар Лукашэнка мае непасрэднае дачыненьне да зьнікненьне экс-міністра.
Адвакат Алег Волчак спадзяецца, што ў часе працэсу яму дазволяць азнаёміцца з крымінальнай справай і гэта дасьць магчымасьць атрымаць дадатковую інфармацыю пра зьнікненьне экс-міністра ўнутарных справаў. "Адмова ў інфармацыі будзе толькі пацьвярджаць той факт, што да зьнікненьня маюць дачыненьне спэцслужбы Беларусі", - лічыць Алег Волчак.
На судовых слуханьняў у панядзелак выступілі сябры грамадзкай камісіі па зьнікненьні генэрала, калегі Юрыя Захаранкі - Уладзімер Барадач і Васіль Шлындзікаў. Яны паведамілі: грамадзкая камісія прыйшла да высновы, што Юрыя Захаранкі ўжо няма ў жывых.
Экс-міністар унутраных справаў Беларусі, генэрал Юры Захаранка быў выкрадзены невядомымі 7 траўня 1999 г. каля свайго дому ў Менску. Цела зьніклага дагэтуль ня знойдзенае. Юры Захаранка быў міністрамі унутраных справаў у кабінэце Лукашэнкі й у свой час разганяў мітынгі апазыцыі. Пазьней ён пакунуў пасаду й пачаў ствараць апазыцыйны Зьвяз афіцэраў.
Сьледчыя пракуратуры Алег Случак і Зьміцер Петрушкевіч, якія год таму ўцяклі ў ЗША, паведамілі журналістам, што з супрацоўнікаў спэцслужбаў у Беларусі сфармаваны "эскадрон сьмерці", які займаўся зьнішчэньнем дзеячоў апазыцыі. Яны цьвердзяць, што дзеяньнямі "эскадрону сьмерці" кіраваў былы міністар унутраных справаў Юры Сівакоў, які зараз займаецца кадравай палітыкай у адміністрацыі Лукашэнкі, а таксама цяперашні генпракурор - былы шэф Рады бясьпекі Віктар Шэйман. Паводле цьверджаньня сьледчых, "эскадрон сьмерці" мае дачыненьне да зьнікненьня 16 верасьня 1999 году віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савета Віктару Ганчара й бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, а таксама апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, які зьнік 7 ліпеня 2000 г.