viasna on patreon

На Віцебшчыне прапануюць увесці "абмежаванне ў перамяшчэнні"

2012 2012-11-12T11:42:25+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stop-znak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

"Абмежаваць у перамяшчэнні" збіраюцца абавязаных бацькоў – тых, з каго спаганяюць сродкі на ўтрыманне іхных дзяцей у сацыяльных установах. Але ў беларускім заканадаўстве няма такога панятку - "абмежаванне ў перамяшчэнні". Таму, якім бы ні было стаўленне  да тых, хто ўхіляецца ад выхавання і ўтрымання сваіх нашчадкаў,  забарона на  перамяшчэнне з’яўляецца парушэннем правоў асобы.  

Паводле артыкула на сайце Віцебскага аблвыканкаму, каардынацыйны савет па кантролі за выкананнем Дэкрэта №18, які абавязвае бацькоў уладкоўвацца на працу, каб пералічваць сродкі на выхаванне дзяцей, якія знаходзяцца ў інтэрнатах ці сацыяльных прытулках, прыняў рашэнне пра неабходнасць дадатковых захадаў.

Апрача рэгламентаваных дэкрэтам палажэнняў пра абавязковае працаўладкаванне і пералічэнне грошай, забарону на продаж уласнай нерухомай маёмасці "галоўнай управе юстыцыі і МУС абылвыканкаму даручана падрыхтаваць прапанову наконт магчымасці абмежаванняў на свабоду перамяшчэння" бацькоў, уладкаваных на працу па рашэнні суду. Асабліва калі тыя прагульваюць працу і "знікаюць у невядомым накірунку".

Па словах намесніцы старшыні абласной камісіі па справах непоўнагадовых Тамары Аляхновіч, у Віцебскай водласці 3, 6 тысяч абавязаных асобаў, 2,8 тысяч з іх працуюць. Але 345 чалавек на працягу, да прыкладу, верасня гэтага года, адсутнічалі на працы больш як па 10 дзён.

Адказнасць за тое, каб абавязаная асоба прыходзіла на працу, ускладзена на наймальніка, службу занятасці і міліцыю. Міліцыя ж займаецца і пошукам тых, хто ўхіляецца ад працы. Таму, каб абмежаваць у перамяшчэнні абавязаных бацькоў, зацікаўленыя перадусім супрацоўнікі МУС. Але так і застаецца адкрытым пытанне, як гэта ўвасобіць на практыцы. На сённяшні дзень, згодна з артыкулам 174 Крымінальнага кодэксу, за сістэматычнае ўхіненне ад працы на працягу трох месяцаў для абавязаных бацькоў і так прадугледжана пакаранне - выпраўленчыя працы або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў. Аднак гэта вырашае суд.

"Прэвэнтыўна", без судовага прысуду, абмежаваць чалавека ў перамяшчэнні заканадаўства не дазваляе. І гэткая  мера стрымання падаецца залішне жорсткай для бацькоў, якія не збіраюцца хавацца ад працы і міліцыі і мараць вярнуць сваіх дзяцей у сям'ю. Паводле звестак камісіі па справах непоўнагадовых, такая тэндэнцыя ёсць.

Да ўсяго, так і застаецца незразумелым, які змест укладаюць у фармулёўку "абмежаванне ў перамяшчэнні" названыя вышэй дзяржаўныя структуры. Калі гаворка пойдзе пра немагчымасць выезду за мяжу, то абавязаныя бацькі ў сілу свайго сацыяльнага статусу замежных візаў не маюць і ў далёкае замежжа не збіраюцца. А на мяжы з бліжэйшай Расійскай Федэрацыяй няма памежнага кантролю, і асобу ніхто не спраўджвае.

Калі ж вядзецца пра забарону пакідаць тэрыторыю вобласці або канкрэтнага населенага пункта, то  падобныя абмежаванні ўжываюцца толькі ў дачыненні да тых, у каго ўзялі падпіску аб нявыездзе. Гэта абмежаванне правоў асобы санкцыянуецца толькі рашэннем суддзі, пракурора  або следчых органаў,  калі чалавек  знаходзіцца пад следствам ці ў чаканні суду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства