viasna on patreon

Мігальскі нагадаў пра Статкевіча ў турме

2012 2012-11-08T11:14:07+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/migalskimarek.jpg
Дэпутат Еўрапарламента Марэк Мігальскі

Дэпутат Еўрапарламента Марэк Мігальскі

Эўрадэпутат Марэк Мігальскі накіраваў зварот да начальніка турмы № 4 у Магілёве і начальніку ДВП МУС Беларусі з патрабаваньнем спыніць рэпрэсіі ў дачыненьні да былога кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча.

Як паведамляе офіс Мігальскага, падставай для звароту стала інфармацыя аб тым, што адміністрацыя турмы № 4 у Магілёве, у якой знаходзіцца Статкевіч, імкнецца яго цалкам ізаляваць: яму адмаўляюць у сустрэчы з праваслаўным сьвятаром, карэспандэнцыя блякуецца, пасылкі, газэты і брашуры не даходзяць.

У сваім звароце Мігальскі падкрэсьліў, што такія дзеяньні ў дачыненьні да Статкевіча ён расцэньвае як наўмыснае імкненьне ізаляваць зьняволенага ад зьнешняга сьвету, «каб псыхалягічна яго зламаць, пазбавіць яго духоўнай падтрымкі і стварыць ўражаньне, што пра яго ўсе забыліся і пакінулі на волю лёсу». Эўрадэпутат падкрэсьліў, што дзеяньні кіраўніцтва турмы зьяўляюцца нічым іншым, як ціскам, катаваньнем і жорсткім абыходжаньнем, а, згодна з ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь Канвэнцыяй супраць катаваньняў, любыя формы катаваньня і жорсткага абыходжаньня ў турмах недапушчальныя.

Марэк Мігальскі заклікаў спыніць рэпрэсіі ў дачыненьні да Міколы Статкевіча і праінфармаваць яго, чаму адміністрацыя турмы № 4 у Магілёве ад праваслаўнага Вялікадня і да сёньняшняга дня не дазволіла Статкевічу сустрэцца з праваслаўным сьвятаром.

Тыдзень таму офіс эўрадэпутата пачаў кампанію «Свабода x 2» — акцыю салідарнасьці з двума беларускімі палітычнымі вязьнямі — Міколам Статкевічам і лідэрам міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Зьмітром Дашкевічам.

У траўні 2011 году суд Ленінскага раёну Менска прысудзіў Міколу Статкевіча да шасьці гадоў пазбаўленьня волі з абвінавачаньнем у арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень выбараў прэзыдэнта 19 сьнежня 2010 году. Палітык адбываў пакараньне ў шклоўскай калёніі № 17, аднак у студзені 2012 году яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы адбыцьця пакараньня, перавёўшы ў сьледчы ізалятар Магілёва. Адміністрацыя шклоўскай калёніі палічыла, што асуджаны палітык «ня стаў на шлях выпраўленьня», «да ўмоўна-датэрміновым вызваленьня не імкнецца» і па адбыцьці пакараньня мае намер «весці злачынны лад жыцьця». Паводле інфармацыі яго жонкі Марыны Адамовіч, фармальнай нагодай для гэтых абвінавачаньняў стала адсутнасьць на адзеньні Статкевіча біркі з нумарам зьняволенага, а таксама тое, што ён не ўказаў у сьпісе асабістых рэчаў насоўкі.

Мікола Статкевіч — адзіны кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, які да гэтага часу ўтрымліваецца ў зьняволеньні. Яму неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, але Статкевіч катэгарычна адмаўляўся гэта зрабіць. Пасьля такіх адмоў ціск на палітвязьня ўзмацніўся.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства