Палітвязні - тупіковая сітуацыя для ўлады
Ціск на палітвязняў, асабліва на Зміцера Дашкевіча, лідары і актывісты вымушаны эміграваць за мяжу - так выглядае зараз сітуацыя ў апазіцыі. А яе інакш, як драматычнай, не назавеш, кажа палітвязень Павел Севярынец:
- Зміцер Дашкевіч – адзін з самых небяспечных людзей для ўлады. Справа нават не ў тым, што ён такі ўпарты і застаецца такім упартым у турме. Справа не ў тым, што ён ідзе на прынцып. Ён, па-першае, кіраўнік “Маладога Фронту”, а гэта дзейсны маладзёвы рух, які дагэтуль не дае спаць беларускім сілавікам. А па-другое, і самае важнае, Дашкевіч – вернік. Калі ў Мазырскай калоніі паспрабавалі на яго націснуць, здзекавацца і ламаць маральна, і пра гэта стала вядома на волі, то дзясяткі тысячаў вернікаў праз спецыяльны зварот біскупа і пастараў даведаліся пра гэтую сітуацыю і пачалі маліца за Дашкевіча. І ўлады самі таго не ведаючы, націснуўшы на аднаго чалавека, атрымалі вялізную рэакцыю ад дзясятка тысячаў вернікаў па ўсёй Беларусі. Так працуе Бог. Калі адзін чалавек бярэ адказнасць за ўсіх, то пасля аказваецца, што для многіх людзей адкрываецца праўда.
Таму тое, што зараз адбываецца вакол Зміцера Дашкевіча, мае гістарычны характар. Гэта пасля будуць вывучаць у школах.
РР. Як паказалі каментары на сайце “Хартыя’97”, шмат хто з беларусаў спадзяецца, што Андрэй Саннікаў за мяжою зробіць для падзення рэжыму больш, чым калі б ён знаходзіўся тут.
Павел Севярынец: Саннікаў мае права на тое, каб эміграваць і прасіць палітычны прытулак. Чалавек перанёс у турме такое, што напэўна не выпадала на долю больш нікому. Таму, безумоўна, гэта ягонае права. Наколькі ён зможа быць актыўным у Брытаніі, залежыць ад таго, што засталіся ў Мінску закладнікі – ягоная жонка Ірына і сын Данік. Пакуль яны ў Беларусі, напэўна актыўна дзейнічаць ён не зможа. Калі ім удасца выехаць, магчыма Саннікаў змог бы выканаць ролю такога міністра замежных спраў у замежным або ценявым урадзе. Ён прафесійны дыпламат і досыць вядомы чалавек на Захадзе.
РР. А што чакае далей палітвязняў на фоне тых падзей, што адбываюцца зараз?
Павел Севярынец: Тут мала логікі. Было б значна прасцей адпусціць гэтых 14 чалавек і гуляць у любімую гульню Лукашэнкі “ківач” Усход-Захад, але зараз, мяркуючы па ўсім, ён ужо зацяўся настолькі і настолькі страціў пачуццё здаровага сэнсу, што нават на гэты крок пайсці не можа. Пэўна зласлівасць да тых людзей, якія не папрасілі яго пра памілаванне, і расійскія абяцанкі дапамогі, трымаюць яго ў такім тупіку. Гэта тупік. Выйсця з яго няма, адпускаць людзей давядзецца.Нават калі ўсіх палітвязняў згнаіць у турме, дабаўляючы ім тэрміны, як Дашкевічу, гэта Лукашэнку нічога не прынясе. Узровень страху ў грамадстве не падвысіць. Людзі разумеюць, што ў любы момант могуць быць злоўленыя на вуліцы, збітыя, забітыя і выкрадзеныя. І гэта можа здарыцца, як з апазіцыйным лідарам, з любым актывістам, прадпрымальнікам, настаўнікам, які выступіў супраць сістэмы, альбо чалавекам, які стаў проста на шляху адной з уладных груповак.
Да гэтага часу невядома, у якую крытую турму перавезлі Зміцера Дашкевіча, яшчэ адзін актывіст - прэс-сакратар былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава - Аляксандр Атрошчанкаў пакінуў радзіму разам з сям’ёю. Сам Павел Севярынец адбывае пакаранне ў спецкамендатуры № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна.