Мазырскі праваабаронца паказаў ўладам, як выглядаюць ускраіны горада (фота)
Мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун звярнуўся з адкрытым лістом да старшыняў райвыканкама і райсавету дэпутатаў, у якім просіць звярнуць увагу на добраўпарадкаванне, дакладней, яго адсутнасць на ўскраінах горада. Да свайго лісту ён прыклаў шмат фота, якія яскрава сведчаць, што робіцца на вуліцах, аддаленых ад цэнтра Мазыра.
Праваабаронца піша, што мясцовай уладай шмат зроблена, каб цэнтр горада выглядаў прыгожа: тут нават жыхары прыватнага сектара знаходзяцца ў лепшым становішчы. Ім за кошт бюджэту усталёўваюць добрыя платы, крыюць дахі, толькі каб усе было прывабна для зроку гасцей і высокіх чыноўнікаў.
Іншая справа - на ўскраінах Мазыра. Тут у асноўным пражываюць людзі сталага веку, пенсіянеры, і яны не ў стане самастойна добраўпарадкаваць вуліцы.
«Але гэта не азначае, што на ўскраінах горада не павінна нічога не рабіцца. Спачатку, каб нешта патрабаваць ад людзей, уладам трэба зрабіць тую працу, якая ад людзей не залежыць. Альбо аказаць ім пэўную падтрымку. Потым распрацаваць ясную і дакладную працэдуру абавязкаў грамадзян каля свайго домаўладання. Уладамі створана вялікая колькасць ідэолагаў. Яны зарабляюць шалёныя грошы за сваю папяровую працу, а з людзьмі працаваць не жадаюць. Трэба зайсці ў кожны двор, у кожную хату і гаварыць з людзьмі. Тлумачыць ім, што яны абавязаны рабіць. Але спачатку трэба уладам зрабіць каля кожнага двара, дома сваю працу», - прапануе Уладзімір Целяпун.
Ён піша, што вынік працы чыноўнікаў падводзіць маці-прырода, і ён несуцяшальны. Вынікі дзейнасці - на фота. «Напрыклад, вуліца Гастэла. Хто па ёй едзе, альбо крочыць можа паўтарыць лёс героя. Газаправод, сувязь, водаправод – усё на паверхні. Летам у 30-ці градусную спёку жыхары баяліся, што можа не вытрымаць газаправод. Дастаткова вострага каменьчыка, аскепка шкла – здарыцца выбух. З надыходам зімы турбуюцца за водаправод - замерзне вада. Не дазваніцца, не дачакацца. Прыедуць чыноўнікі, паглядзяць. Прысыплюць пясочкам... Людзям вочы, сабе сваё сумленне. Чарговы дождж усё змые… і пакажа сутнасць бязмежнага цынізму ўладаў да праблемаў грамадзян, жывучых на ўскраінах Мазыра», - звяртае ўвагу начальнікаў праваабаронца.
Не лепшым чынам выглядаюць і вуліцы іншых герояў – Заслонава, Матросава, Бумажкова.
Уладзімір Целяпун просіць улады паведаміць праз СМІ, што плануецца зрабіць у гэтым накірунку для жыхароў мазырскіх ускраін для паляпшэння навакольнага асяроддзя іх існавання і вырашэння праблемаў.
Уладзімір Целяпун таксама звяртае ўвагу на тое, як праводзіцца ў горадзе «Месячнік па навядзенню парадку на зямлі і добраўпарадкаванню», абвешчаны райвыканкамам з 15 кастрычніка па 15 лістапада. Мэта месячніка - не толькі навесці парадак, але і «фарміраванне ў жыхароў Мазырскага раёна культуры быту, беражлівых і стваральных адносінаў да навакольнага асяроддзя». Праваабаронца лічыць, што час правядзення месячніка выбраны няўдала: позняя восень, ідуць дажджы, снег. «А пажаданне кіраўніцтва раёна, гэта прыказ, па сутнасці, для кіраўнікоў ніжэйшага ўзроўню. І тыя вымушаюць сваіх падначаленых працаваць ў любое надвор’е. Цікава было б даведацца статыстыку захворванняў за гэты час жыхароў раёна», - мяркуе Уладзімір Целяпун.
Ён звяртае ўвагу, што ў час правядзення месячніка парадку ў горадзе зачынілі тры грамадскія лазні, якія пачалі рамантаваць, альбо яны часова зачыніліся з нейкіх іншых прычынаў. «Засталася працуючай лазня на Пралетарскай, дзе ў нядзелю, 4 лістапада, былі перапоўнены мужчынскае і жаночае аддзяленні. Прычым за тыдзень павялічыўся і кошт наведвання – з дзесяці да пятнаццаці тысяч. З-за недахопу месцаў, дзе можна распрануцца, прыбіральшчыцы прапаноўвалі бытавыя памяшканні. Але пры гэтым дадатковых шаек для вады ўсім усё роўна не хапіла», - распавёў праваабаронца.
Ён дадаў, што і грамадскія прыбіральні не адрамантаваны (бульвар Страканіцкі), і не пабудаваны дадаткова ў Мазыры (пл. Горкага, бул. Юнацтва, вул. Прытыцкага). У час правядзення святочных мерапрыемстваў гэтую «культуру быту» вельмі адчуваюць жыхары бліжэйшых дамоў.