“Станем за журналістыку!” ў Бабруйску (фота)
Сустрэча ў межах акцыі “Станем за журналістыку!” прайшла ў Бабруйску 6 лістапада, на офісе АГП. Яе арганізатарам стала мясцовая суполка Беларускай асацыяцыі журналістаў. Падтрымаць незалежных журналістаў прыйшло каля 30 чалавек.
Анатоль Санаценка, сябра БАЖ і рэдактар “Бабруйскага кур’ера”, распавёў прысутным пра сітуацыю з правамі СМІ ў Беларусі і свеце. Таксама ён закрануў тэму рэпрэсій, скіраваных на яго выданне.
- Папярэджанні, вынесеныя “Бабруйскаму кур’еру” ад Міністэрства інфармацыі, і забарона мясцовымі ўладамі прадпрыемствам і арганізацыям даваць у газету рэкламу і інфармацыю выціснулі нас з паперы ў інтэрнэт. Але з іншага боку, тым самым нас прымусілі быць больш сучаснымі, бо сённяшні чытач газет усё больш аддае перавагу электронным СМІ, - адзначыў Анатоль Санаценка.
Госці сустрэчы – мінскія журналісты Глеб Лабадзенка і Яўген Валошын - падтрымалі тэму правоў журналістаў, а таксама настроілі прысутных на лірычны лад вершамі і песнямі.
Журналісты заклікалі бабруйчан быць салідарнымі, і падтрымліваць незалежныя выданні, а таксама далучацца да рэспубліканскай акцыі па ратаванні часопісу “ARCHE”.