Журналісты Магілёўшчыны падтрымалі акцыю “Станем за журналістыку” (фота)
5 лістапада ў Магілёве ў памяшканні грамадскага цэнтра “Кола” сабраліся журналісты з розных рэгіянальных выданняў Магілёўскай вобласці, каб прыняць удзел у міжнароднай акцыі салідарнасці “Станем за журналістыку!” і падтрымаць сваіх калег, якія пераследуюцца за сваю прафесійную дзейнасць.
Удзел у сустрэчы прынялі дваццаць сяброў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з сямі раёнаў Магілёўскай вобласці і горада Магілёва. Прысутныя выказалі сваю падтрымку калегам Андрэю Пачобуту і Валерыю Булгакаву, якія падвяргаюцца ўціску за сваю журналісцкую дзейнасць і рэдакцыі часопіса “АRHE”, выданне якога зараз знаходзіцца пад пагрозай спынення. Таксама журналісты паставілі свае подпісы пад лістамі на адрас Адміністрацыі прэзідэнта, Міністэрства інфармацыі, кіраўніцтва Беларускага тэлебачання і дэпартамента фінансавых расследванняў з патрабаваннем спыніць пераслед часопіса “АRHE” і незалежных журналістаў.
Таксама ў межах сутрэчы журналістаў Магілёўшчыны адбылася прэзентацыя супольнага выдання “Збажына”, адмыслова падрыхтаванага да акцыі “Станем за журналістыку”. У “Збажыне” магілёўскія журналісты распавялі пра тое, якія цяжкасці даводзіцца пераадольваць ім для атрымання неабходнай інфармацыі з уладных структураў, а таксама аб пераследзе рэгіянальных выданняў з боку пільных ідэалагічных і праваахоўных органаў.
Сябра “Беларускай асацыяцыі журналістаў” з Магілёва Генадзь Суднік выказаў меркаванне, што рэгіянальныя журналісты з незалежных выданняў Магілёўшчыны стаяць за журналістыку штодня, сумленна робячы сваю справу і даносячы вольнае слова да сваіх чытачоў.