Міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў заявіў, што ў Беларусі няма пакараных па палітычных матывах
Пра палітыкаў-хуліганаў, міліцыянтаў-брыдкасловаў, нелегальны алькаголь, пільных грамадзянаў ды багата іншага расказаў на прэсавай канфэрэнцыі міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў, паведаміў сайт "Нашай Нівы".
Летась міністэрства ўнутраных спраў апытала 45 тысяч чалавек у 2500 з гакам установах. У цэлым беларусы ацанілі працу міліцыі пазытыўна, — сказаў міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў і заўважыў, што грамадзкая думка — галоўны крытэр эфэктыўнасьці працы органаў МУС.
Тым ня менш, траціна апытаных хацела б лепшай якасьці адбору і прафэсійнай падрыхтоўкі міліцыянтаў.
Дый статыстыка сьведчыць, што каля сямі з паловай тысячаў міліцыянтаў парушылі закон ці ўнутраную дысцыпліну, яшчэ 100 летась былі затрыманыя за кіраваньне машынай ў нецьвярозым стане.
Найбольш пытаньняў у людзей да, а дакладней пра сваіх ўчастковых — зь ім знаёмы толькі кожны трэці гараджанін, у вёсцы ж кожны трэці — не знаёмы.
Становіцца меней цяжкіх злачынстваў, — усьцешыў міністар. «Гэтая тэндэнцыя будзе разьвівацца».
Сярод добрых навінаў і рэзкае скарачэньне колькасьці нявернутых крэдытаў: «Калі 5 гадоў таму такіх справаў былі сотні, то цяпер 45, у наступным годзе выйдзем на ўзровень 12 спраў».
А найбольш у крымінале, на думку міністра, вінаваты альгкаголь — кожнае трэцяе злачынства было зробленае ў п’яным стане. Выйсьце з сытуацыі міністар бачыць у барацьбе з нелегальнай рэалізацыяй сьпіртнога. У гэтым дапамагаюць пільныя суграмадзяне: да прыкладу, на віцебскую тэлефонную службу даверу летась зьвярнуліся каля тысячы грамадзянаў.
«Вельмі добрая і надзённая ініцыятыва», — ахарактарызаваў Навумаў Дэкрэт №18 «Аб дадатковых захадах па дзяржаўнай абароне дзяцей зь неўладкаваных сем’яў». Паводле ягоных слоў, дэкрэт ужо дзейнічае: кожны гар і райвыканкам падрыхтаваў нядбалым бацькам працу, якая не патрабуе адмысловага навучаньня і кваліфікацыі. Міністар падкрэсьліў, што ягонае ведамства робіць усё магчымае, каб не даходзіла да скрайніх захадаў — арышту такіх бацькоў ды пазбаўленьня бацькоўскіх правоў.
Уладзімер Навумаў заявіў, што ў Беларусі няма пакараных па палітычных матывах. «Гэтыя асобы пакараныя за хуліганскія ўчынкі ці за арганізацыю несанкцыяваных акцыяў пратэсту, што прывялі да масавых беспарадкаў у сталіцы». А значыць, і вызваляцца будуць яны у такім жа парадку, як усе вязьні, незалежна ад палітычных чыньнікаў.
І нарэшце, Уладзімер Навумаў абвергнуў распаўсюджанае меркаваньне, што нібыта толькі апазыцыянэраў і грамадзкіх актывістаў караюць за нецэнзурную лаянку. Нават міліцыянты брыдкасловяць. «І калі такія факты выяўляюцца, то прымаюцца адпаведныя меры» – запэўніў міністар.