Акцыя «Станем за журналістыку!» у Брэсце (фота)
Па ініцыятыве сябраў мясцовай філіі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (БАЖ) у Брэсце зладжаны “круглы стол”, які меў на мэце прыцягнуць увагу да праблемаў, з якімі сутыкаюцца недзяржаўныя выданні і асобныя журналісты.
Мерапрыемства адбылося у межах акцыі, якая мае назоў «Станем за журналістыку!» і ладзіцца пяты год запар з ініцыятывы Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ) і Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ). Гэтыя арганізацыі заклікаюць сваіх партнёраў, сярод якіх і БАЖ, непасрэдна 5 лістапада і на працягу тыдня надаць асаблівую ўвагу барацьбе за правы журналістаў, паляпшэнне ўмоваў іх працы, супраць палітычнага і камерцыйнага ціску на прэсу, а таксама фізічнага гвалту
Як адзначыў кіраўнік брэсцкай філіі БАЖ Алег Супрунюк, у Беларусі, на жаль, не спыняецца ціск як на журналістаў, так і на асобныя выданні. У якасці прыкладаў былі ўзгаданыя крымінальная справа, заведзеная ў адносінах да Андрэя Пачобута, якога абвінавачваюць у паклёпе на прэзідэнта, і сітуацыя вакол часопіса “ARCHE”: з-за распачатай паглыбленай праверкі гаспадарчай дзейнасці рахункі выдання заблакаваныя і рэдакцыя не можа выконваць свае абавязкі перад чытачамі. Адначасова ў праграмах беларускага дзяржаўнага тэлебачання з’явіліся сюжэты, у якіх “ARCHE” беспадстаўна абвінавачваны ў “экстрэмісцкіх” пубікацыях.
Удзельнікі “круглага стала” падтрымалі ідэю зваротаў на адрас Міністэрства інфармацыі РБ і Дэпартамента фінансавых расследаванняў з просьбай зрабіць захады, якія б дазволілі рэдакцыі часопіса “ARCHE” працягваць сваю дзейнасць, а таксама да кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі з заклікам спыніць бяздоказныя абвінавачанні ў бок гэтага выдання.