viasna on patreon

Front Line Defenders: Працягваецца пераслед праваабаронцы Алега Волчака

2012 2012-11-05T10:54:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/frontline-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь працягвае ў дачыненні да праваабаронцы Алега Волчака тое, што лічыцца пераследам за ягоную праваабарончую дзейнасць. 25 кастрычніка 2012 года сп. Алег Волчак накіраваў ліст у падатковую інспекцыю Фрунзенскага раёна г. Мінска, патрабуючы тлумачэння, па якой прычыне ў яго запатрабавалі прадставіць падатковую дэкларацыю за апошнія 10 гадоў.

Алег Волчак з’яўляецца вядомым юрыстам-праваабаронцам і старшынёй недзяржаўнай арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву”, якая была афіцыйна ліквідаваная беларускімі ўладамі ў 2003 годзе. Пазней арганізацыя была зарэгістравана ва Украіне і працягвае дзейнічаць. Ён абараняе палітычныя правы і змагаецца супраць катаванняў і неналежных умоваў утрымання ў беларускіх турмах.

У лісце, дасланым Алегу Волчаку Міністэрствам па падатках і зборах 27 верасня 2012 года, патрабуецца прадставіць падатковую дэкларацыю за апошнія 10 гадоў да 25 кастрычніка 2012 года. Аднак, паколькі адрас, указаны ў лісце, не з’яўляецца адрасам прапіскі Алега Волчака, ён атрымаў яго значна пазней.

Падставы гэтага патрабавання застаюцца няяснымі. Сп. Волчак адзначыў, што ён не належыць да катэгорыі людзей, якія звычайна мусяць прадстаўляць падатковыя дэкларацыі. Аднак, ўгодна з Артыкулам 12 “Закона аб падатковых дэкларацыях фізічных асоб Рэспублікі Беларусь”, такія запыты могуць быць зробленыя па патрабаванні Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ) Рэспублікі Беларусь, і ў гэтым выпадку дэкларацыя можа ахопліваць перыяд да 10 гадоў.

Ёсць паважныя падставы меркаваць, што падатковая інспекцыя выкарыстоўваецца ўладамі для аказання дадатковага ціску на праваабаронцаў.

Крымінальны пераслед выбітнага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна”, распачаўся пасля запыту з падатковай інспекцыі. Ён быў арыштаваны 4 жніўня 2011, і адносна яго было праведзенае расследванне па абвінавачанні ва ўхіленні ад сплаты падаткаў. Алесь Бяляцкі быў асуджаны да 4,5 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Як высветлілася падчас суда, справа была ўзбуджаная праз запыт падатковай інспекцыі Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь (КДБ).

Front Line Defenders лічыць, што патрабаванне прадаставіць падатковую дэкларацыю за апошнія 10 гадоў можа быць ініцыяваным КДБ Беларусі. Такая цікавасць можа быць звязаная з паспяховай грамадскай кампаніяй “Праваабаронцы супраць катаванняў”, у якой Алег Волчак прымаў удзел. У выніку кампаніі Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вул. Акрэсціна ў г. Мінску быў закрыты на рамонт, а ў правілы ўнутранага распарадку адпаведных установаў Міністэрства ўнутраных справаў былі ўнесеныя новыя палажэнні, датычныя правоў затрыманых.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства