Віцебскім сябрам КХП-БНФ забаранілі праводзіць акцыі 7 лістапада
"З гарвыканкаму прыйшоў адказ на нашу заяўку. Напісана, што нам адмовілі, бо мы просім дазволу на шэсце і мітынг у недазволеных месцах, і правядзенне там нашых акцый будзе парушэннем заканадаўства. Насамрэч парушае заканадаўства не мы", -- гаворыць сябра КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў.
Для правядзення масавых акцый у Віцебску вызначаны тры месцы, кожнае – на ўскраіне горада. Актывісты КХП БНФ не згодныя з такім парадкам рэчаў: яны падалі заяўку на шэсце ад віцебскага чыгуначнага вакзала да плошчы Леніна, каб там правесці яшчэ і пікет, распавёў Ян Дзяржаўцаў:
"У гэты дзень, непасрэдна каля помніка Леніну мы хацелі пагаварыць з жыхарамі гораду пра згубную ролю камуністычнай ідэалогіі для развіцця Беларусі, пра дзейнасць камуністаў па знішчэнні нацыянальнай культуры, мовы і самаідэнтычнасці беларускага народу. Нам не дазволілі, і гэта было прадказальна: пра забарону гарвыканкаму ўжо ведалі супрацоўнікі міліцыі, якія даслалі мне ліст, што не будуць заключаць дамову на ахову мерапрыемстваў".
Ян Дзяржаўцаў звяртае ўвагу на тое, што ў адказе з абласной управы МУС зафіксавана неадпаведнасць рашэнню Віцебскага гарвыканкаму, якое рэгламентуе парадак падачы заявак на масавыя акцыі:
"Рашэнне ўладаў такое, што спачатку мы мусім прадставіць дамовы з ЖКГ, медыкамі і міліцыяй на абслугоўванне акцый. Потым ужо гарвыканкам вырашае, даваць дазвол ці не. Аднак з міліцэйскай управы мне пішуць, што дамову на ахову правапарадку заключаць немэтазгодна, бо ім вядома, што гарвыканкам ужо нам адмовіў. Дык чаму ад нас патрабуюць выканання гэтага рашэння пра масавыя акцыі, калі нават міліцыя яго парушае?"
Дарэчы, актывіст КХП БНФ атрымаў тры адмовы на абслугоўванне акцый -- з усіх службаў, пералічаных гарвыканкамам. З прадпрыемства ЖКГ яму адказалі, што з дамовай пра прыборку тэрыторыі ён звярнуўся не па адрасе, хаця менавіта гэтае прадпрыемства ўказана ў адмысловым рашэнні Віцебскага гарвыканкаму. А з цэнтральнай паліклінікі напісалі, што не заключаць дамову, бо 7 лістапада ў многіх урачоў выходны дзень, і выправіць машыну "хуткай дапамогі" на акцыю няма магчымасці.
Спадар Дзяржаўцаў падкрэслівае і яшчэ адну акалічнасць: толькі з гарвыканкаму і абласной управы МУС яму адказалі па-беларуску. З паліклінікі і ЖКХ адказалі на рускай мове, і актывіст лічыць гэта парушэннем заканадаўства пра звароты грамадзянаў, які абавязвае чыноўнікаў адказваць на той мове, на якой напісаны зварот.