Міліцыя адмаўляецца прызнаць, што двойчы парушыла заканадаўства
Аляксей Гаўруцікаў атрымаў адмову на сваё патрабаванне пакараць супрацоўнікаў ДАІ і Першамайскага РАУС за незаконныя дзеянні і ўнясенне ў пратакол непраўдзівай інфармацыі. Раённы следчы камітэт стаў на бок міліцыянтаў, якія сваіх парушэнняў не прызналі.
Падзеі, паводле якіх следчы камітэт мусіў праводзіць праверку, адбываліся 30 жніўня. Тады Аляксей Гаўруцікаў і яго сястра Алена Фаміна былі кандыдатамі ў дэпутаты парламенту і праводзілі свае агітацыйныя кампаніі.
Аляксей Гаўруцікаў вяртаўся з Мінску разам з сябрам, які кіраваў машынай. Ужо ў Віцебску іх нечакана спынілі супрацоўнікі ДАІ, згадвае актывіст:
"Машыну спынілі нібыта за тое, што не былі ўключаны фары. Гэта пазней і запісалі ў пратакол парушэння правілаў дарожнага руху – што кіроўца не выканаў умову акцыі "Увага, дзеці" , якая праводзіцца ў пачатку навучальнага года. Але гэта няпраўда – фары былі ўключаныя. А спынілі нас відавочна па іншай прычыне – каб паглядзець, што ў нас у машыне".
Факту ўнясення ў пратакол непраўдзівай інфармацыі супрацоўнікі ДАІ не прызналі, і з гэтым пагадзіліся ў следчым камітэце, куды актывіст звярнуўся са скаргай.
Не прызналі і факту незаконнага ператрусу, дадае спадар Гаўруцікаў:
"У адмове распачаць крымінальную справу супраць незаконных дзеянняў супрацоўнікаў ДАІ напісана, што несанкцыянаванага ператрусу не было. Але насамрэч падзеі развіваліся так: супрацоўнік ДАІ запатрабаваў, каб у машыне адчынілі багажнік – маўляў, у яго выклікала падзрэнне вялікая колькасць сумак, і ён вырашыў праверыць, ці не скрадзеныя гэта рэчы. Рэчы належалі маёй дачцы-студэнтцы, я вёз іх з Мінску дахаты. Давялося нагадаць, супрацоўніку ДАІ, што такі ператрус без санкцыі пракурора незаконны. І тады нам было загадана ехаць у Першамайскі РАУС. Там дазвол на ператрус нам ужо паказалі".
Падчас ператрусу былі забраныя відэадыскі з фільмамі, папка з дакументамі па выбарах, якая належала Алене Фаміной, яе тэлефонны нататнік, і адзін асобнік "Народнай праграмы", якая належала Аляксею Гаўруцікаву.
Актывіст лічыць гэта паказальным:
"Забралі якраз тое, што і хацелі знайсці – нешта датычнае ды выбараў. Праз некалькі дзён, пасля маіх скаргаў, забраныя рэчы вярнулі. Толькі вось пакараць супрацоўнікаў ДАІ за незаконныя дзеянні следчы камітэт не пагадзіўся".
Аляксей Гаўруцікаў кажа, што падчас ягонага затрымання 30 жніўня было яшчэ адно парушэнне -- ужо з боку супрацоўнкаў Першамайскага РАУС. Яны змусілі актывіста і яго сябра знаходзіцца ў пастарунку больш за тры гадзіны, прадугледжаныя заканадаўствам. А.Гаўруцікаў плануе дамагчыся пакарання міліцыянтаў, якія парушылі закон.