Слуцкі райвыканкам: «Рамантаваць бардзюры зімой немэтазгодна»
Прадстаўнікі мясцовай "вертыкалі" абяцалі разгледзець пытанне аб прывядзенні вышыні бардзюраў ў адпаведнасць з будаўнічымі нормамі ў будучым годзе.
Актывістка грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Тамара Блінова атрымала адказ на зварот у Слуцкі райвыканкам. Нагадаем, у кастрычніку валанцёры кампаніі сабралі больш за трыста подпісаў случчакоў з просьбай усталяваць безбар'ерныя пешаходныя пераходы.
У звароце ўладам было прапанавана ўсталяваць паніжальныя бардзюры, якія забяспечваюць камфортны з'езд (сход) пешаходаў з каляскамі, інвалідаў, пажылых людзей на дзевяці пешаходных пераходах. Акрамя таго, случчакі прасілі прывесці ў належны выгляд няроўныя паніжальныя бартавыя камяні на васьмі пешаходных пераходах.
У адказе за подпісам намесніка старшыні Слуцкага райвыканкама Юрыя Бярозкі паведамляецца:
«У цяперашні час з улікам наступу зімовага перыяду весці
працы па рамонце бартавых камянёў у месцах скрыжавання пешаходных пераходаў з
праезнай часткай немэтазгодна». Аднак чыноўнікі абяцаюць разгледзець «пытанне
рамонту бартавых камянёў на пешаходных пераходах пры фарміраванні плана
бягучага рамонту вулічна-дарожнай сеткі на 2013-ы год». Адчуйце розніцу:
«разгледзець пытанне рамонту» і адрамантаваць ў будучым годзе. Такім чынам,
мясцовыя ўлады далі грамадскім актывістам чарговую адпіску. А гэта значыць, што
праблема камфортнага перамяшчэння па горадзе інвалідаў, пажылых людзей і мам з
каляскамі засталася нявырашанай.
Раней дэпутат Палаты прадстаўнікоў Інэса Кляшчук і старшыня камісіі па пытаннях эканомікі, бюджэту, вытворчасці і абслугоўвання насельніцтва Слуцкага райсавета дэпутатаў Аляксандр Жылко паведамілі актывістцы, што рашэнне праблемы не ў іх кампетэнцыі.