Пракуратура не знайшла правапарушэньня ў дзеяньнях супрацоўнікаў міліцыі, якія 18 сьнежня праводзілі вобыск у кватэры баранавіцкага актывіста Віктара Сырыцы
Віктар Сырыца паведаміў ПЦ "Вясна", што атрымаў адказы з пракуратуры г.Баранавічы і Баранавіцкага ГАУС на свае заявы ў гэтыя дзяржорганы, у якіх указаў на факты неправамоцных дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі і КДБ падчас правядзеньня ў ягонай кватэры вобыску.
Пракуратура паведаміла дэмакратычнаму актывісту, што вобыск праводзіўся на законных падставах і яна не знайшла ніякіх парушэньняў ў дзеяньнях супрацоўнікаў міліцыі, таму прымаць меры пракурорскага рэагаваньня няма неабходнасьці. Разам з тым пракуратура абавязала начальніка Баранавіцкага ГАУС неадкладна вярнуць сп.Сырыцы прадметы, дакументы і матэрыяльныя каштоўнасьці, вынятыя падчас правядзеньня вобыску.
У адказе за подпісам намесьніка начальніка Баранавіцкага ГАУС падпалкоўніка міліцыі Сакуты А.А. паведамляецца, што праведзена праверка па ўказанным Сырыцай Віктарам фактам неправамоцных дзеяньняў міліцыянтаў. Праверка падцьвердзіла, што яны кіраваліся патрабаваньнямі нормаў крымінальна-працэсуальнага закону і парушэньняў законнасьці ў іхных дзеяньнях не выяўлена.