Барыса Хамайду ізноў аштрафавалі за гандаль у неналежным месцы
Распаўсюдніка недзяржаўных выданьняў міліцыянты затрымалі каля дома №28 па вуліцы Леніна – на звычайным месцы, дзе спадар Хамайда прадае гараджанам "Витебский курьер", "Нашу Ніву", "Народную волю" ды часопісы "Дзеяслоў" і "ARCHE".
У пастарунку на яго склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні за гандаль у неналежным месцы. Пасьля гэтага Барыса Хамайду перавезьлі ў Чыгуначны раённы суд, які вынес пастанову пра грашовы штраф на падставе арт.148 КаАП. Паводле гэтага артыкулу, усе наяўныя выданьні маглі канфіскаваць, аднак гэтага ня здарылася: і газэты, і новыя, толькі што атрыманыя нумары часопісаў пакінулі распаўсюдніку.
Як адзначыў Барыс Хамайда Радыё Свабодзе, за гандаль у неналежным месцы яго затрымліваюць прыкладна раз на месяц, аднак прысуджаных штрафаў ён прынцыпова не выплочвае. На ягоную думку, пэрыядычныя затрыманьні адбываюцца паводле тэлефанаваньняў у міліцыю "пільных грамадзянаў", аднак мяняць вядомае ўсім чытачам незалежнае прэсы месца ў цэнтры горада на якое іншае ён не зьбіраецца.