viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: Закон „Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму” – гэта чарговае стварэньне дадатковай юрыдычнай базы для барацьбы з палітычнымі апанентамі рэжыму

2007 2007-01-22T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

21 студзеня ўступіў у сілу прыняты Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу закон „Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму”

Варта адзначыць, што дадзены законапраект разглядаўся двойчы. Спачатку ён быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 11 кастрычніка 2006 года, але быў адхілены Саветам рэспублікі 20 кастрычніка на той падставе, распрацоўшчыкі ня вызначылі крытэрыі ацэнкі для прызнаньня або непрызнаньня канкрэтнай арганізацыі экстрэмісцкай, прычым пра хібы дакументу тады таксама казаў сп.Чаргінец. Аднак 14 снежня праект закону „Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму” у ранейшым выглядзе Палата прадстаўнікоў прыняла ізноў, а 20 сьнежня фактычна без абмеркаваньня яго ўхваліў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Прадстаўляў законапраект старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Мікалай Чаргінец, абмежаваўшыся паведамленьнем аб тым, што прэзідэнт краіны даручыў абедзьвюм палатам прыняць законапраект да 1 студзеня 2007 году.

Падчас паседжаньня старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка назваў законапраект “вельмі неабходным”, асабліва напярэдадні падзей, якія, паводле ягоных словаў, рыхтуюць апаненты ўлады. Ён, у прыватнасьці, адзначыў, што падчас правядзеньня мясцовых выбараў апазіцыя плануе праводзіць бестэрміновыя акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня, канчатковай мэтай якіх зьяўляецца зьмена існуючага ладу. На практыцы ж атрымалася, што ў перыяд апошняй выбарчай кампаніі закон яшчэ ня дзейнічаў, ён уступіў у сілу толькі зараз.

У новым законе тлумачацца паняцьці “экстрэмізм” і “экстрэмісцкая дзейнасьць”, вызначаюцца асноўныя прынцыпы і накірункі супрацьдзеяньню экстрэмізму, усталёўваюцца суб’екты супрацьдзеяньня гэтай зьяве і іх паўнамоцтвы, уводзяцца меры адказнасьці праявам экстрэмізму. Сярод іх – прыпыненьне дзейнасьці арганізацыі; прызнаньне арганізацыі, зарэгістраванай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, экстрэмісцкай, забарона і ліквідацыя яе дзейнасьці; забарона дзейнасьці экстрэмісцкіх замежных і міжнародных арганізацый; супрацьдзеяньне выданьню і распаўсюджваньню экстрэмісцкіх матэрыялаў; недапушчальнасьць ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці пры правядзеньні масавых мерапрыемстваў; супрацьдзеяньне публічным заклікам службовай асобы арганізацыі да ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.

Праваабаронца і юрыст Валянцін Стэфановіч каментуе асаблівасьці новага закону:

“У сувязі з тым, што дадзены закон „Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму” настойліва прапаноўваўся Камітэтам дзяржбясьпекі, падкрэсьлівалася яго вялікая неабходнасьць, ужо само гэта выклікае досыць вялікую занепакоенасьць. Да таго ж законапраект прыняты ў першапачатковым выглядзе, нягледзячы на вяртаньне яго Саветам Рэспублікі ў Палату прадстаўнікоў на дапрацоўку.

Пры азнаямленьні з дакументам можна сказаць, што, па-першае, ён не ўводзіць як такавую нейкую адказнасьць за дзейнасьць экстрэмісцкіх арганізацыяў, ён толькі дае вызначэньне, што разумеецца пад экстрэмізмам і экстрэмісцкай дзейнасьцю, экстрэмісцкай арганізацыяй і экстрэмісцкай літаратурай. Аднак само вызначэньне экстрэмізму, якое даецца ў ім, у мяне, напрыклад, выклікае пэўныя сумневы, паколькі акрамя распальваньня рознага кшталту варожасьці ўтрымліваюцца такія пасылы, як арганізацыя масавых беспарадкаў і хуліганскіх дзеяньняў па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасьці. Калі браць крымінальную справу супраць Аляксандра Казуліна, то варта нагадаць, што ягоныя дзеяньні былі кваліфікаваныя ў тым ліку і як хуліганскія. Альбо іншыя масавыя мерапрыемствы, ладжаныя апазіцыяй, якія кваліфікуюцца як групавыя дзеяньні, груба парушаючыя грамадзкі парадак. За гэта, як мы ведаем, былі асуджаныя і Андрэй Клімаў, і Мікола Статкевіч, і Павал Севярынец. Таму, у сувязі з прынятым законам, дзе гарантыя, што ў будучым масавыя мірныя акцыі, якія будуць суправаджацца правакацыямі з боку супрацоўнікаў міліцыі, не будуць кваліфікавацца як праявы экстрэмізму? Я мяркую, што гэта чарговае стварэньне дадатковай юрыдычнай базы для барацьбы з палітычнымі апанентамі рэжыму, калі мэтанакіравана праводзіцца навешваньне ярлыкоў экстрэмістаў і экстрэмізму на палітычныя партыі і грамадзкія арганізацыі, нейкія дэмакратычныя групы, якія негвалтоўнымі метадамі змагаюцца за зьмены сітуацыі ў нашай краіне. Мы маем права выступаць супраць урада, калі нам не падабаецца ягоная палітыка – негвалтоўнымі метадамі, падкрэсьліваю. Дык вось менавіта на гэтых людзей будзе разьлічаны новы закон аб экстрэмізме.

Па-другое, новы закон не прадугледжвае ўвядзеньня санкцыяў. Адзіны прававы механізм, які ён уводзіць – гэта прыпыненьне і спыненьне дзейнасьці арганізацыяў у судовым парадку, калі яны будуць прызнаныя экстрэмісцкімі. Аднак тут няма нічога новага – тое самае ўтрымліваецца і ў законе аб грамадзкіх аб’яднаньнях, у існуючых артыкулах крымінальнага кодэксу, таму, як я казаў і раней, у прынцыпе юрыдычнай базы для перадухіленьня праяваў экстэмізму ў нашай краіне хапае і без дадатковых законаў: ёсьць у нас артыкулы ў КК за распальваньне нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці, за заклікі да неканстутыцыйнага гвалтоўнага захопу ўлады і за незаконнае вайсковае фармаваньне – усё гэта ўжо прадугледжана крымінальным кодэксам. Сыходзячы з некаторых публічных заяваў Камітэту дзьяржбясьпекі, зноў жа ёсьць падставы меркаваць, што прыманьне падобнага закону ў дадзеных умовах можа быць скарыстана супраць палітычных апанентаў. Так, да прыкладу, раней неаднаразова ў дакладах КДБ такія незарэгістраваныя моладзевыя арганізацыі як “Зубр”, “Малады Фронт” называліся арганізацыямі экстрэмісцкага кшталту.

У той жа час прыняцьцё закону „Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму” было б апраўдана, калі б ў ім утрымлівалася больш дакладнае апісаньне, што зьяўляецца, напрыклад, нацысцкай ідэалогіяй, што зьяўляецца нацысцкай сімволікай, якая адказнасьць прадугледжваецца за публічную дэманстрацыю такой сімволікі і г.д. Тут жа нічога такога няма! У законе ёсьць адзіны пасыл, што праявай экстрэмізму таксама прызнаецца прапаганда нацысцкай ідэалогіі і публічная дэманстрацыя нацысцкай сімволікі, а што гэта такое – не растлумачана. І ў краіне на сёньня няма юрыдычнай базы, каб прыцягваць да адказнасьці людзей, якія прапагандуюць фашысцка-нацысцкую сімволіку. Ёсьць адказнасьць за карыстаньне незарэгістраванай сімволікай, але яна датычыцца найперш масавых мерапрыемстваў, ня больш за тое. Да таго ж па гэтым артыкуле чамусьці прыцягваюць да адказнасьці як раз такі за карыстаньне нацыянальнай сімволікай, а калі хтосьці ходзіць са свастыкай па вуліцы, то юрыдычна няма такой падставы, каб яго прыцягнуць да адказнасьці. Дык навошта тады прымаць закон аб экстэмізме, калі ён не дае адказаў на асноўныя пытаньні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства