viasna on patreon

Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Верасень 2012 году

2012 2012-10-12T13:44:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasnalogo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў верасні заставалася стабільна кепскай. У той жа час адбыліся важныя змены ў сітуацыі з палітзняволенымі – выйшлі на волю двое палітычных вязняў: віцебскі актывіст Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка і актывіст анархісцкага руху Павел Сырмалотаў (26 і 27 верасня адпаведна). Абодва палітвязні звярталіся да А. Лукашэнкі з прашэннем аб памілаванні яшчэ ў канцы чэрвеня бягучага году, але рашэнне аб іх вызваленні было прынята толькі праз тры месяцы. Пра асабісты кантроль А. Лукашэнкі над справамі палітычных вязняў сведчаць ягоныя выказванні 23 верасня падчас галасавання на выбарчым участку, дзе ён заявіў: «Калі не памыляюся, два чалавекі звярнуліся месяц назад, -- сказаў А. Лукашэнка, пры гэтым не назваўшы, пра каго з асуджаных ідзе гаворка. -- Скажу шчыра, не ведаю, не ў курсе справы. Калі звароты паступілі, дакументы знаходзяцца ў камісіі па памілаванні. Мы вас праінфармуем». У прэс-службе Лукашэнкі ўдакладнілі, што размова ішла пра Сяргей Каваленку і Паўла Сырамалотава, якія літаральна праз некалькі дзён былі вызвалены.

 

Вызваленне С. Каваленкі і П. Сырамалотава многія эксперты звязалі з шэрагам прычын геапалітычнага кшталту. Па-першае, гэта можа азначаць спробу беларускіх уладаў вяртання да стратэгіі “геапалітычных арэляў” – лавіравання паміж Захадам і Расіяй. Гэтая неабходнасць была прадыктавана напружаннем, якое ўзнікла паміж Беларуссю і Расіяй ў жніўні-верасні ў сувязі з прэтэнзіямі расійскага боку адносна экспарту ў еўрапейскія краіны пад выглядам растваральніка беларускага бензіну, вырабленага з расійскай нафты. У гэтай сітуацыі абвастрылася неабходнасць наладжвання стасункаў з Еўропай, якая перадумовай для кантактаў па-ранейшаму вылучае патрабаванне вызвалення палітвязняў, і беларускія ўлады вымушаны былі пайсці на частковую саступку – вызваленне двух з іх. Другой прычынай рашэння аб вызваленні палітвязняў называецца жаданне “згладзіць” негатыўныя ацэнкі, дадзеныя назіральніцкай місіяй БДІПЧ-АБСЕ парламенцкім выбарам і непрызнаннем іх вынікаў еўрапейскай супольнасцю. Яшчэ адна прычына можа палягаць у апасенні пашырэння візавых і эканамічных санкцыяў Еўразвязу ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і бізнесменаў, якія фінансуюць рэжым, на паседжанні Савету міністраў ЕС, запланаваным на 15 кастрычніка ў Люксембургу. Важным аргументам заставалася паслядоўнае патрабаванне еўрапейскіх структур вызваліць палітвязняў. Так, 10 верасня прэзідэнт Еўрапарламенту Марцін Шульц падкрэсліў, што найбліжэйшым крокам беларускіх уладаў павінна быць неадкладнае і безумоўнае вызванне палітычных зняволеных: “Далейшае ўтрыманне пад вартай Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Сяргея Каваленкі, Дзмітрыя Дашкевіча і іншых палітзняволеных з’яўляецца непрымальным. Мы не забыліся!”

 

Вельмі важная і сімвалічная падтрымка беларускім палітвязням была аказаная з боку каталіцкай царквы -- прадстаўнік Папы Рымскага ў Мінску, апостальскі нунцый Клаўдзіа Гуджэроцці ў канцы верасня ў месцах зняволення наведаў А. Бяляцкага, М. Статкевіча, Дз. Дашкевіча, П. Севярынца, С. Каваленку, П. Сырамалотава і Э. Лобава. Клаўдзіа Гуджэроцці сустрэўся з палітычнымі зняволенымі “на знак павагі да ўніверсальнага маральнага аўтарытэту Святога Айца і гуманітарных высілкаў Святога Пасаду ў межах двухбаковых дыпламатычных стасункаў”. Родныя палітвязняў выказалі вялікую ўдзячнасць Папу Рымскаму Бенедзікту XVI і апостальскаму нунцыю за ўвагу да палітвязняў і прасілі садзейнічаць іх хутчэйшаму вызваленню.   

 

Вызваленне палітычных зняволеных вітала Высокая прадстаўніца ЕС у пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Кэтрын Эштан: «Высокі прадстаўнік спадзяецца, што цяпер будуць зробленыя і наступныя крокі, ды заклікае беларускія ўлады вызваліць ўсіх палітычных зняволеных і зняць усе абмежаванні на ажыццяўленне іхніх грамадзянскіх і палітычных правоў». 28 верасня амбасада ЗША ў Беларусі распаўсюдзіла заяву з нагоды вызвалення палітвязняў, дзе адзначалася: "Мы заклікаем урад Беларусі да неадкладнага і безумоўнага вызвалення астатніх палітычных зняволеных і поўнага аднаўленні іх грамадзянскіх і палітычных правоў".

Гэтая пазіцыя ЕС і ЗША супадае з патрабаваннем беларускіх праваабаронцаў аб неадкладным і безумоўным вызваленні беларускіх астатніх палітычных вязняў -- Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, Мікалая Аўтуховіча, Паўла Севярынца, Дзмітрыя Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Аляксандра Францкевіча, Васіля Парфянкова, а таксама судовага перагляду справаў Яўгена Васьковіча і Арцёма Пракапенкі, якія па-ранейшаму знаходзяцца за кратамі. Вялікую заклапочанасць выклікае тое, што абсалютная большасць з іх прызнаныя “злоснымі парушальнікамі рэжыму ўтрымання”, на іх аказваецца бесперапынны ціск з боку адміністрацый, выкарыстоўваюцца пагрозы і здзекі, а ў дачыненні да Дзмітрыя Дашкевіча – катаванні і моцнае псіхалагічнае ўздзеянне.

 

На працягу верасня не спынялася практыка адвольных затрыманняў і адміністрацыйных пакаранняў у адносінах да актывістаў грамадскіх арганізацыяў і рухаў, палітычных партый, ціску і пераследу падвяргаліся журналісты незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Зафіксавана значнае абмежаванне свабоды выказвання меркавання, асабліва гэта праявілася ў дачыненні да ўдзельнікаў выбарчай кампаніі і прыхільнікаў байкоту парламенцкіх выбараў. З моцнымі абмежаваннямі і забаронамі сутыкаліся актывісты, якія імкнуліся выказаць альтэрнатыўныя меркаванні шляхам правядзення публічных масавых мерапрыемстваў. Працягвалася практыка ціску на праваабаронцаў і пераследу праваабарончых арганізацый.

 

Важнай падзеяй стала пераснальнае прызначэнне 28 верасня Саветам па правах чалавека ААН спецдакладчыка па Беларусі. Згодна з рашэннем, прынятым на 21-ай сесіі СПЧ, ім стаў Міклаш Харашці, які раней узначальваў місіі АБСЕ па назіранні за выбарамі ў розных краінах, а таксама займаў пасаду прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ, мае вопыт працы з правамі чалавека і грамадзянскай супольнасцю. Гэтае прызначэнне было накіравана на выкаранне Рэзалюцыі Савета па правах чалавека ААН ад 5 ліпеня 2012 г., згодна з якой быў уведзены дадзены мандат, і ў межах якога спецдакладчык зможа весці пастаянны дыялог з беларускім бокам па пытаннях становішча ў галіне правоў чалавека ў краіне. Нягледзячы на тое, што беларускі афіцыйны бок адразу заявіў аб непрызнанні мандату спецдакладчыка, грамадзянская супольнасць выказала гатоўнасць да цеснага дыялогу з ім па пытаннях стану і шляхоў паляпшэння рэалізацыі і абароны правоў чалавека ў краіне.

Палітычныя зняволеныя, палітычна матываваны крымінальны пераслед

 

У ноч з 3 на 4 верасня зняволенага лідэра «Маладога фронту» Дзмітрыя Дашкевіча з Глыбоцкай калоніі этапавалі ў Віцебскі следчы ізалятар, дзе яго размясцілі ў адзіночнай камеры і ўсталявалі кругласутачнае назіранне. 12 верасня да палітвязня не дапусцілі адваката. Адміністрацыя следчага ізалятара спаслалася на тое, што яшчэ не атрымала пастанову суда пра ўступленне ў сілу прысуду Дз. Дашкевічу, а таксама на тое, што ад Дашкевіча няма заявы на сустрэчу з адвакатам. Аднак сябры сцвярджалі, што зняволены яшчэ ў Глыбоцкай калоніі напісаў заяву пра спатканне з адвакатам у Віцебскім СІЗА, таму адразу выказалі заклапочанасць, што адміністрацыя СІЗА нешта імкнецца схаваць пра вязня. 19 верасня адвакат зноў не змог сустрэцца з падабаронным, бо адміністрацыя СІЗА заявіла, што Дз. Дашкевіч ужо накіраваны ў калонію. На наступны дзень стала вядома, што Дзмітрый Дашкевіч этапаваны ў калонію № 20 у Мазыры, дзе ў адносінах да вязня адразу пачаліся абразы, ціск і пераслед з боку адміністрацыі, у выніку якіх Дзмітрый 21 верасня абвясціў галадоўку і быў змешчаны ў карцар.
Дз. Дашкевіч быў затрыманы напярэдадні  прэзідэнцкіх выбараў 18 снежня 2010 года і абвінавачаны нібыта ў злосным хуліганстве, за што асуджаны да двух гадоў зняволення. 28 жніўня па новай крымінальнай справе па абвінавачанні ў непадпарадкаванні адміністрацыі папраўчай установы (ч. 1, арт. 411 КК РБ) і пакараны яшчэ адным годам пазбаўлення волі.

 

8 верасня экс-кандыдату ў прэзідэнты Мікалаю Статкевічу, які ўтрымліваецца ў Магілёўскай турме, каля ўваходу ў турму яго аднадумцы зладзілі феерверк, прымеркаваны да Дня беларускай вайсковай славы. Жонка палітыка Марына Адамовіч паведаміла: «Ён зразумеў, у чый гонар гэта было. І ў турме зразумелі. Зняволеныя, відаць, адсочваюць сітуацыю, бо зноў крычалі для Мікалая „Жыве Беларусь!“». 29 верасня Мікалай Статкевіч патэлефанаваў родным. Ён пацвердзіў, што на днях у турме яго наведаў апостальскі нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці. Сустрэча праходзіла ў прысутнасці намесніка начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) Сяргея Працэнкі. Мікалай Статкевіч перадаў, што ў размове з высокім госцем пацвердзіў сваю пазіцыю, якую выклаў яшчэ ў апошнім слове ў судзе — нельга прапаноўваць ўладам грошы за вызваленне палітвязняў, інакш будуць новыя закладнікі.

 

10 верасня пасля працяглых адмоваў пад рознымі надуманымі прычынамі была дазволена сустрэча Яўгена Васьковіча, які адбывае пакаранне ў Магілёўскай калоніі №4, з адвакатам. У выніку стала вядома, што Яўген Васьковіч адседзеў у карцары 30 дзён — тры разы па дзесяць дзён з 2 жніўня да 1 верасня. Першы раз ён патрапіў у карцар за тое, што спаў удзень, два другія — за непадпарадкаванне супрацоўнікам калоніі. Пасля карцару палітвязень выглядаў схуднелым і змораным. Яўген паведаміў таксама, што апошнія паўгады атрымлівае лісты толькі ад маці і бабулі. 14 жніўня з Яўгенам Васьковічам сустрэўся праваабаронца Віктар Сідарэнка. Падставай для сустрэчы, якую арганізавала Упраўленне юстыцыі, сталі скаргі на парушэнне правоў арыштаванага актывіста ў пытаннях перапіскі з сваякамі і паплечнікамі. У верасні Яўген Васьковіч адмовіўся ад дапамогі адваката.

 

17 верасня стала вядома, што палітвязня Мікалая Дзядка, які ўтрымліваецца ў калоніі №17 у Шклове, пазбавілі ўсіх спатканняў, званкоў і перадач. Бацька палітвязня Аляксандр Дзядок распавёў, што Мікалай працягвае знаходзіцца ў адзіночнай камеры, яму на 5 дзён працягнулі штрафны тэрмін. На яго ціснуць супрацоўнікі адміністрацыі, правакуючы на парушэнні, прымушаючы займацца працай, якая ў турэмнай асяроддзі лічыцца зневажальнай. Ён да гэтага часу пазбаўлены перадач, спатканняў і званкоў, з ім родным можна падтрымліваць сувязь толькі праз лісты. У вязня праблемы са страўнікам і органамі стрававання, ён звяртаўся за медыцынскай дапамогай, якую яму не аказалі.

 

21 верасня з ліста зняволенага старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Алеся Бяляцкага ягонаму намесніку Валянціну Стэфановічу стала вядома, што палітвязень атрымаў рашэнне Вярхоўнага Суду па нагляднай скарзе на прысуд, вынесены яму судом Першамайскага раёна Менска 24 лістапада 2011 года. У лісце з Бабруйскай калоніі Алесь Бяляцкі напісаў, што “скарга ў Вярхоўным судзе разгледжаная з праверкаю крымінальнай справы…Довады асуджанага аб незаконнасці і неабгрунтаванасці адбыўшыхся судовых рашэнняў пры вывучэнні справы не падцвердзіліся… Прызначанае Бяляцкаму А. В. пакаранне адпавядае ўчыненаму асобе асуджанага і з’яўляецца справядлівым… Падстаў для задавальнення скаргі асуджанага і вынясення пратэсту на судовае рашэнне па справе не маецца”. Адказ, які атрымаў праваабаронца, падпісаны намеснікам старшыні Вярхоўнага Суду  Валерыем Калінковічам. 25 верасня Алесь Бяляцкі адзначыў сваё 50-годдзе ў зняволенні. 27 верасня з'явілася інфармацыя, што адміністрацыя Бабруйскай папраўчай калоніі №2 змясціўла А. Бяляцкага ў штрафны ізалятар (ШІЗА). 1 кастрычніка, падчас наведвання А. Бяляцкага адвакатам, гэтая інфармацыя не пацвердзілася. Пазней з ліста праваабаронцы стала вядома, што ад ШІЗА яго выратаваў візіт папскага нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці. А. Бяляцкі напісаў, што 20-га верасня яму было вынесена чарговае, ужо шостае, спагнанне, папярэдняе вынеслі 13-га верасня. 19-га верасня буў складзены акт аб парушэнні ўнутранага рэжыму, 20-га яго даставілі ў клініку на прадмет даследаваняя стану здароўя, што звычайна робіцца перад тым, як асуджанага караць суткамі ў ШІЗА. Але пасля абеду ўсё скончылася “па-за чарговым дзяжурствам”. "Прыезд нунцыя быў поўным сюрпрызам, - піша Алесь. Ён перадаў блаславенне і падтрымку ад Папы і спытаўся: “Што перадаць Папу?” Я перадаў падзяку за клопат аб палітзняволеных". Пазней Валянцін Стэфановіч атрымаў яшчэ паштоўку ад Бяляцкага. У ёй праваабаронца піша, што за 7 месяцаў знаходжання ў турме мае 7 спагнанняў. Гэта азначае, што яшчэ адно спагнанне вынеслі ўжо пасля 20-га верасня. Старшыня ПЦ "Вясна" па-ранейшаму застаецца ў статусе "злосных парушальніках рэжыму". Былы зняволены Бабруйскай калоніі паведаміў іншаму палітвязню Паўлу Севярынцу, што на Бяляцкага адміністрацыя калоніі чыніць моцны ціск, да яго нават цяжка наблізіцца. Тых, хто да яго падыходзіць і размаўляе, пасля "вылоўліваюць" і асобна размаўляюць з імі ў атрадзе. На яго самога ціснуць, чапляюцца па кожнай драбязе. Ён адзначыў, што ўсе разумеюць, што Алесь стаіць за праўду, але вымушаныя яго абыходзіць, бо будзе дрэнна і яму, і ім.

 

21 верасня стала вядома, што расследаванне па крымінальнай справе супраць журналіста, карэспандэнта польскай «Gazety Wyborczej» Андрэя Пачобута працягнута да 21 кастрычніка. Справа была ўзбуджана Следчым камітэтам па Гродненскай вобласці згодна з матэрыяламі праверкі, праведзенай абласным упраўленнем КДБ, у чэрвені 2012-га па ч. 2 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да прэзідэта). «З матэрыялаў праверкі вынікае, што ў шэрагу публікацый, падрыхтаваных Пачобутам і распаўсюджаных з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў, утрымліваюцца паклёпніцкія выказванні ў дачыненні да прэзідэнта РБ», -- сказана ў паведамленні Следчага камітэту. Нагадаем, што 21 чэрвеня ў кватэры А. Пачобута ў Горадні быў праведзены ператрус і канфіскаваны кампутары, сам журналіст да 30 чэрвеня ўтрымліваўся ў гарадзенскім СІЗА, пасля чаго быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. Пачобут адмовіўся супрацоўнічаць са следствам.

 

24 верасня палітвязень Ігар Аліневіч сустрэў за кратамі 29-ты Дзень нараджэння. На 26 верасня ў яго была прызначана кароткатэрміновая сустрэча з роднымі, аднак яна не адбылася. Маці Ігара Валянціна Аліневіч паведаміла, што калі яна прыехала ў калонію №10 у Наваполацку, дзе адбывае пакаранне Ігар, на месцы ёй паведамілі, што адменена і сустрэча, і прадуктовая перадача. Прычын гэтага рашэння не было названа. Харчовых перадач і сустрэч з роднымі Ігар Аліневіч пазбаўлены цягам апошніх шасці месяцаў.

 

26 верасня каля 20 гадзінаў з Магілёўскай калоніі быў вызвалены палітвязень, актывіст КХП-БНФ Сяргей Каваленка і на цягніку супрацоўнікамі адміністрацыі адпраўлены да Віцебска. У канцы чэрвеня Каваленка напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Пасля вызвалення С. Каваленка растлумачыў карэспандэнту «НН» прычыны звароту да кіраўніка дзяржавы: “У мяне сям’я. Мне ўсё казалі, вось напішаш, будзеш з імі радавацца жыццю. Восем дзён у ШІЗА прасілі, каб раскаяўся, прызнаў віну. А потым сказалі, каб напісаў проста: прашу мяне вызваліць. Ноч думаў, вырашыў, калі я прасіў суддзяў, пракурораў мяне вызваліць, то чаму не магу ў Лукашэнкі. Ён жа такі самы чыноўнік. Трэба вам паперка — бярыце паперку. Ні ў чым я не раскайваўся”.

 

27 верасня пасля абеду выйшаў на волю з Магілёўскай калоніі палітвязень Павел Сырамалотаў. Яго ў Магілёве пасадзілі на дызель, і каля 18 гадзіны ён прыехаў дамоў у Бабруйск. У інтэрвью Радыё Свабода ён распавёў, што 25 верасня яго з Сяргеем Каваленкам выклікаў у свой кабінет начальнік атраду і сказаў, што ў гэты дзень іх вызваляць. Вязняў завялі ў рэжымны аддзел, абшукалі, сказалі, што ў хуткім часе прыйдзе арыгінал неабходнага дакументу, але адбылася затрымка, і Каваленку адправілі 26 верасня, а самога Паўла прыкладна а 13-й гадзіне вывелі з зоны, давезлі да чыгуначнага вакзалу, пачакалі, калі прыйдзе цягнік, купілі квіток і адправілі. П. Сырамалотаў распавёў, што прашэнне аб памілаванні напісаў ягоны адвакат 25 чэрвеня па прапанове адміністрацыі, але гэта рашэнне было прынята ўласна ім.

Выкарыстанне катаванняў і жорсткага абыходжання

 

На пачатку верасня былі падведзены вынікі ўнікальнай кампаніі, праведзенай у Віцебскай вобласці на працягу ліпеня-жніўня праваабаронцам Паўлам Левінавым, які наведаў абласную і 25 раённых пракуратур, каб пазнаёміць пракурорскіх работнікаў з заўвагамі Камітэта супраць катаванняў ААН. Падчас гэтых гутарак высветлілася, што большасць пракурораў нават не чулі аб далучэнні Беларусі да Канвенцыі супраць катаванняў і  жорсткага, бесчалавечнага ці прыніжаючага абыходжання і пакарання. У дзьве рэгіянальныя пракуратуры, дзе сустрэчы правесці не ўдалося, праваабаронца накіраваў для азнаямлення даклад няўрадавых арганізацый і выніковыя заўвагі Камітэта супраць катаванняў ААН у дачыненні Рэспублікі Беларусь. "Пракурор Гарадоцкага раёну, з якім сустрэча не адбылася,  вярнуў мне гэтыя матэрыялы  -- яны яго не зацікавілі. Пракурор Віцебскага раёну выслухаў мяне моўчкі, дыялогу ў нас не атрымалася, толькі мой маналог. Пракурор Лёзненскага раёну сказаў, што імкнецца пазбягаць праблем з катаваннямі і жорсткім абыходжаннем. Таму "даў устаноўку" супрацоўнікам міліцыі, каб не дапускалі нічога падобнага. Аднак, за выключэннем супрацоўніцы Сенненскай  пракуратуры, якая ведала і пра Канвенцыю, і пра існаванне Камітэту супраць катаванняў,  бальшыня пракурораў шчыра не разумела, пра што я ім кажу", -- распавёў Павел Левінаў. Праваабаронца адзначыў, што ні абласная, ні рэгіянальныя пракуратуры ні разу не звярнуліся ў суд, каб абараніць правы грамадзян. Павел Левінаў атрымаў 14 пісьмовых адказаў пасля сваіх візітаў, і амаль ў кожным напісана, што "у прадастаўленай інфармацыі нічога не гаворыцца пра парушэнні правоў грамадзян". Павел Левінаў падкрэслівае, што ягонай мэтай было нагадаць пра абавязак пракуратуры сачыць за  тым, ці не парушаюцца грамадзянскія правы.

 

13 верасня стала вядома, што Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргу Валянціна Стэфановіча. Зварот праваабаронцы датычыўся парушэння арт.7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. В. Стэфановіч скардзіўся на ўмовы ўтрымання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Мінску, куды яго змясцілі ў 2010 годзе пасля акцыі, накіраванай супраць смяротнага пакарання. У траўні 2010 года суд Маскоўскага раёна адмовіў у разглядзе скаргі Валянціна Стэфановіча, якая датычылася дрэнных умоваў утрымання ў ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама. Мінскі гарадскі суд на касацыю таксама адмовіў, пасля чаго праваабаронца звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН. Паводле арт.7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ніхто не павінен падвяргацца катаванням або жорсткім, бесчалавечым або зневажаючым годнасць абыходжаннем i пакараннем. Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў прызначаны для ўтрымання асоб, якія здзейснілі розныя правапарушэнні або чакаюць суду. Умовы ўтрымання ў ім не адпавядаюць базавым санітарна-гігіенічным нормам.

 

28 верасня, пасля сустрэчы з адвакатам, сталі вядомыя прычыны галадоўкі пратэсту, абвешчанай палітвязнем Дзмітрыем Дашкевічам у Мазырскай калоніі. Пратэст стаў адказам на дзеянні адміністрацыі калоніі, у прыватнасці, яе начальніка Юрыя Багданавіча Збароўскага. Паплечнікі вязня з “Маладога Фронту” паведамілі, што пры першай сустрэчы Дз. Дашкевіча з начальнікам калоніі той пацікавіўся, якую веру спавядае зняволены. Пачуўшы «пратэстант», ён пачаў абражаць рэлігійныя пачуцці Дашкевіча наступнымі выказваннямі: «Эти ваши секты насаждаются Западом, чтобы разрушить славянскую расу!», «Это Вы славянскую расу разрушаете!». Калі Дзмірый адмовіўся прыбіраць каранцін (атрад, дзе па прыбыцці ў калонію першыя тыдні находзяцца вязні), была сабраная камісія з 7 чалавек, і начальнік калоніі Юрый Багданавіч Збароўскі пачаў на яго крычаць: «Так, ты будзешь тут качать права, баптист, дважды кодированный алкоголик, гомосек? Ты — кучка говна, а не премьер-министр Франции. Посмотрите, тупая заточка какая у него? Да он же дебил!» З такою камісіяй Дашкевіч размаўляць адмовіўся. У гэты дзень яго пазбавілі ўсіх доўгатэрміновых спатканняў і далі вымову. Пазней у барак, куды толькі-толькі завялі Дашкевіча і дзе жыве каля сарака чалавек, прыйшоў рэжымны супрацоўнік і знайшоў на стале лязо. Адразу звярнуўшыся да Дашкевіча, ён спытаў: «Што, ускрыцца вырашыў?» Павялі да начальніка рэжымнага аддзелу. «Пиши, где взял!» — загадвае ён. «Ды не маё», — адказвае Дашкевіч. «Было найдено у тебя в личных вещах! Да что ты думаешь про себя? Ты же алкаш, ниже плинтуса, кучка говна, ты здоровье своё оставишь здесь в ШИЗО, ты меня понял? Я тебе обещаю!» Зміцер замест гэтай заявы перадаў яму заяву пра тое, што ён распачынае галадоўку. Начальнік рэжымнага аддзелу яе змяў і выкінуў, але пры гэтым сказаў: «Я тебя посажу к блатным, там тебя оттрахают, понял? Пиши объяснения, я тебе сказал!» — «Я табе пісаць нічога не буду», — кажа Зьміцер. «Что? Что ты сказал? Да я сейчас рапорт напишу о недолжном обращениі ко мне!» — «Па тым, як ты мне тут „тыкаеш“ я падумаў, што мы ўжо фактычна сябры». Прыйшоўшы назад у каранцін, Дашкевіч распавёў кіраўніку каранціну: «Гэта дэбілізм у кубе пасля Горак». У гэты час у памяшканні прысутнічаў нейкі маёр, які, падслухаўшы размову, дадзеную рэпліку распісаў у чарговым рапарце — «мат, абраза адміністрацыі», і, як вынік, раніцаю новая камісія. Пазбавілі ўсіх кароткатэрміновых спатканняў. Дашкевіч глядзеў на гэта ўсё і маўчаў… Але начальніку гэтая рэакцыя была недаспадобы: «Так ты молчишь, провоцируешь?! Поставить тебя на профучёт у психолага?» Псіхолаг паддакнула: «Да-да, ещё надо как и суицидника поставить на учёт, он же лезвие прятал!» Пасля гэтых і многіх іншых інцыдэнтаў Дз. Дашкевіч адмовіўся выконваць любыя загады, яго накіравалі зноў на камісію, дзе далі новы тэрмін ШІЗА. У выніку Дашкевіч абвесціў галадоўку з намерам трымаць яе да таго часу, пакуль да яго не зменіцца стаўленне.

28 верасня праваабаронцамі з установы “Платформа” было накіравана тэрміновае паведамленне спецдакладчыку ААН па пытаннях катаванняў Хуану Мендесу ў сувязі з жорсткім абыходжаннем у дачыненні да Дзмітрыя Дашкевіча. У паведамленні адзначана, што пасля пераводу палітвязня ў ВК-20 г. Мазыра ён быў падвергнуты жорсткаму абыходжанню з боку адміністрацыі калоніі. За некалькі дзён знаходжання ў калоніі па розных падставах ён быў пазбаўлены кароткатэрміновых і працяглых спатканняў, харчовых пасылак і перадач, штодня яго выклікаюць на камісію, якая складаецца з кіраўнікоў калоніі, дзе ён падвяргаецца: абразам у грубай форме з боку супрацоўнікаў калоніі (дэбіл, алкаголік, гамасекі, купка лайна); пагрозам зрабіць з яго хворага, які пакутуе псіхічнымі захворваннямі, з прымусовым лячэннем; пагрозам змясціць яго ў спецыялізаванае памяшканне ў ШІЗА (штрафны ізалятар), дзе пад пагрозамі начальніка рэжымнага аддзела ён будзе падвергнуты сексуальнаму гвалту з боку іншых зняволеных; пагрозам фізічнага знішчэння ў ВК-20 г. Мазыра.

Смяротнае пакаранне

 

26 верасня на штогадовай нарадзе АБСЕ па правах чалавека ў Варшаве, Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) прадставіла даведачны дакумент аб смяротным пакаранні ў рэгіёне АБСЕ за бягучы перыяд 2012 году. У справаздачы гаворыцца, што колькасць дзяржаў-удзельніц АБСЕ, якія цалкам адмянілі смяротнае пакаранне, дасягнула 51 з 56, у трох дзяржавах-удзельніцах - Казахстане, Расійскай Федэрацыі і Таджыкістане - смяротнае пакаранне захоўваецца па законе, але на прывядзенне прысудаў у выкананне дзейнічаюць мараторыі. Беларусь і Злучаныя Штаты застаюцца адзінымі краінамі ў рэгіёне АБСЕ, дзе смяротныя прысуды па-ранейшаму прыводзяцца ў выкананне.

 

28 верасня маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва падала наглядную скаргу ў Вярхоўны суд. Любоў Кавалёва  патрабуе адмены прысуду, паводле якога Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава прызналі вінаватымі ў здзяйсненні тэракту ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года. "У скарзе пералічваюцца парушэнні, з якімі вялося следства і судовы працэс, і я лічу неабходным, каб адбыўся новы, справядлівы разгляд гэтай справы. Я разумею, што пасля смяротнага пакарання можна толькі адстаяць чэснае імя сына. Але памятаю і пра тое, што неабходна знайсці сапраўдных вінаватых арганізатараў выбуху", - адзначыла Любоў Кавалёва. У скарзе аб’ёмам больш як 50 старонак пералічваюцца парушэнні Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, хадайніцтвы, якія адхіліў суд, парушэнні права на абарону, калі адваката не пускалі ў СІЗА, парушэнне права на абскарджванне прысуду, калі Кавалёву не дазволілі сустрэцца з адвакатам напярэдадні выканання смяротнага пакарання. Да скаргі дададзена шмат фота- і відэаматэрыялаў, стоп-кадры відэазапісаў. Узгадваюцца факты парушэння парадку выняцця відэа з камераў назірання метро.

 

Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі

 

3 верасня ў Гаспадарчым судзе Мінска адбылося папярэдняе паседжанне па пытанні ліквідацыі інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа». Падставай для працэсу стала заява з боку інспекцыі па падатках і зборах Савецкага раёну. Суддзя - Алег Клюйко. Кіраўніка арганізацыі Андрэя Бандарэнку сёлета ў ліпені і жніўні супрацоўнікі міліцыі двойчы дастаўлялі ў падатковую інспекцыю, нягледзячы на тое, што сустрэчы «Платформы» з падатковым інспектарам былі загадзя ўзгодненыя праваабаронцамі. У жніўні арганізацыя павінна была аплаціць штраф за тое, што не апавясціла падатковы орган пра змену месца свайго знаходжання. Праваабаронцы адзначылі, што засталося незразумелым, якім чынам праходзіла ўстанаўленне факту незнаходжання “Платформы” па юрыдычным адрасе, калі арганізацыя па ім знаходзіцца. У ліпені “Платформа”  была прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці за нібыта несвоечасовую падачу справаздачы па падатку на прыбытак. Аднак яшчэ ў сакавіку арганізацыя прадаставіла ўсе справаздачы і чамусці толькі ў ліпені падатковы інспектар выявіла недахоп адной са справаздач. У абодвух выпадках “Платформу” абавязалі аплаціць штраф на агульную суму ў 4 мільёны рублёў. Прадстаўнік падатковай інспекцыі ў судзе заявіў, што ўстанова "Платформа" "неаднаразова і груба" парушала заканадаўства: несвоечасова падавала падатковыя дэкларацыі, не знаходзілася па ўказаным юрыдычным адрасе, у сувязі з чым на яе накладаліся штрафныя санкцыі. Са свайго боку дырэктар "Платформы" Андрэй Бандарэнка заявіў, што падатковыя дэкларацыі падаваліся своечасова, аднак у падатковай інспекцыі яны "губляліся". Акрамя таго, адзначыў ён, ўстанову ўжо каралі штрафам за дадзенае парушэнне, а значыць, прыцягвацца да адказнасці паўторна не павінна. Што ж тычыцца прэтэнзій у сувязі з юрыдычным адрасам, то, як сцвярджае Бандарэнка, "Платформа" па ўказаным адрасе знаходзілася. Дырэктар папрасіў суд выклікаць сведак, якія б змаглі гэта пацвердзіць. 6 верасня падчас судовага разгляду суддзя Алег Клюйко папрасіў падатковую інспекцыю падаць дагаворы арэнды памяшканняў «Платформай» у 2011–2012 гадах і адклаў разгляд іску да 9 кастрычніка.

 

21 верасня да кампаніі ціску на сябра Рады Праваабарончага цэнтра “Вясна” і прэзідэнта Беларускага Дому правоў чалавека ў Вільні Таццяны Рэвякі далучыліся падаткавыя органы. Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах РБ па Першамайскім раёне г.Мінска запатрабавала ад праваабаронцы прадстаўлення дэкларацыі пра даходы і маёмасць за сем гадоў – з 2004 па 2010 гады. Патрабаванне падпісана намеснікам начальніка падаткавай інспекцыі Першамайскага раёна Васілём Іванавічам Малашэнкам. Гэтым захадам падаткавікоў папярэднічаў усплеск цікавасці да праваабаронцы з боку органаў дзяржаўнай бяспекі: 17 жніўня Таццяну Рэвяка выклікалі на гутарку ў КДБ, а паралельна спецслужбы выклікалі на размовы ўдзельнікаў Летніх школаў па правах чалавека, якія ладзяцца ў Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні, і цікавіліся пераважна тым, хто забяспечвае арганізацыйны і матэрыяльны бок іх знаходжання на школах. Такія выпадкі мелі месца не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах. Т. Рэвяка раней дапытвалася ў якасці сведкі па справе старшыні ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага ў Дэпартаменце фінансавых расследванняў і давала паказанні падчас працэсу ў судзе Першамайскага раёна Мінска, дзе пацвердзіла, што атрымлівала ад Алеся Бяляцкага пэўную частку грашовых сродкаў, якія прызначаліся для ажыццяўлення праваабарончай дзейнасці. Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў асудзіла новы выпадак пераследу Таццяны Рэвяка, які быў расцэнены як частка агульнай кампаніі пераследу сяброў Праваабарончага цэнтру “Вясна”, скіраванай на ўчыненне перашкод іхняй законнай праваабарончай дзейнасці.

27 верасня падатковая інспекцыя Савецкага раёна Гомеля запатрабавала ад гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці за апошнія пяць гадоў. Таксама дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці мусяць прадаставіць ягоная жонка і сын, які зараз служыць у войску. На думку Леаніда Судаленкі, патрабаванне носіць палітычны характар і звязана з ягонай праваабарончай дзейнасцю. Толькі за час парламенцкай выбарчай каманіі Л. Судаленка аказаў вялікую дапамогу тым кандыдатам, якіх не зарэгістравалі: падрыхтаваў ад іх імя звыш 23 скаргаў. Таксама ён падрыхтаваў шмат скаргаў, у тым ліку і ў суд, на этапе агітацыі, калі кандыдатам ад АГП газеты адмаўлялі друкаваць іх перадвыбарчыя праграмы. Апошні раз ад Леаніда Судаленкі і ягонай сям’і патрабавалі дэкларацыю аб прыбытках за пяць год падчас мінулай парламенцкай кампаніі ў 2008 годзе.

30 верасня на беларуска-ўкраінскай мяжы мытнікі правялі асабісты дагляд грамадскіх актывістаў Сержука Семенюка і Ірыны Смяян-Семянюк, якія ўдзельнічаюць у праваабарончых праграмах. Сям’я вярталася з Украіны, дзе на выходных наведвала сваякоў. Каля паўгадзіны іх проста трымалі, потым супрацоўнік мытні Пётр Хамутовіч са словамі “мы ж не ведаем, дзе вы раз’язджаеце” паведаміў, што іх аўтамабіль будзе падвергнуты дагляду. Але дагледзелі не толькі аўтамабіль, але і ўсе асабістыя рэчы Ірыны і Сержука, склаўшы акты дагляду. Нічога забароненага мытнікі не знайшлі.

Уначы з 30 верасня на 1 кастрычніка сябру Праваабарончага цэнтру «Вясна» Зміцера Салаўёва больш за пяць гадзінаў правяралі на беларуска-польскай мяжы. Праваабаронца вяртаўся з Польшчы праз памежны пераход Пясчатка. Апоўначы пад'ехаў на беларускі бок, дзе мытнікі і памежнікі, а таксама два супрацоўнікі ў грамадзянскім, дэталёва пачалі правяраць ягоныя рэчы і аўтамабіль, дзеля чаго аўтамабіль загналі на бокс, заглядвалі ва ўсе аддзелы, пад капот, дагледзелі нават днішча. У самім аўто цікавасць мытнікаў выклікаў плакат з выявай Алеся Бяляцкага, дыскі на тэму смяротнага пакарання і дапаможнік для назіральнікаў за выбарамі. Акт дагляду і вымання не складалі, прычыны такога доўгага затрымання З. Салаўву не тлумачылі.

 

Актывізацыя ціску спецслужбаў на грамадска і палітычна актыўных грамадзян

 

3 верасня бабруйская актывістка Галіна Смірнова была выклікана позвай у мясцовае аддзяленне КДБ. Размова з спецслужбоўцам Паўлам Сілковым цягнулася каля двух з паловай гадзін і тычылася мінулагодніх маўклівых акцый, Народнага сходу, а таксама вывешвання бел-чырвона-белых сцягоў у Бабруйску. Узгадаў супрацоўнік КДБ і запальванне свечак на Дзяды. Павел Сілкоў папярэдзіў, што дзеянні актывісткі могуць давесці да крымінальнай адказнасці. На пытанні, якія тычыліся асабістага жыцця ці сям’і, Г. Смірнова адмовілася адказваць. П. Сілкоў даў азнаёміцца актывістцы з паперай, сэнс якой -- папярэдзіць аб адказнасці па артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу – “арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны удзел у іх”.

 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

 

2 верасня (нядзеля) у Смаргоні адзначаліся чарговыя ўгодкі з дня нараджэння кіраўніка Смаргонска-Вілейскага незалежніцкага падполля Расціслава Лапіцкага. Мясцовы мастак Валянцін Варанішча і актывіст Уладзімір Шульжыцкі разам з сябрамі суполкі «Пагоня» Беларускага саюза мастакоў Генадзем Драздовым, Алесем Цыркуновым і Алесем Пушкіным наведалі праваслаўны храм, дзе асвяцілі чатыры партрэты Лапіцкага, створаныя Пушкіным. Затым карціны былі выстаўленыя ў гарадскім парку, пасля чаго – мастакі панеслі іх у дом Валянціна Варанішчы. Падчас гэтага шляху ўдзельнікі мастацкай акцыі былі затрыманыя супрацоўнікамі мясцовага РУУС, на іх былі складзеныя пратаколы па абвінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП РБ). 3 верасня суд Смаргонскага раёну аштрафаваў Алеся Цыркунова на 10 базавых велічынь, астатнія затрыманыя запатрабавалі адвакатаў, суддзя прыла рашэнне перанесці судовыя працэсы. 10 верасня суддзя Людміла Пятрова аштрафавала Генадзя Драздова на 30 базавых велічынь, мастак Валянцін Варанішча быў пакараны штрафам у памеры 10 базавых велічынь, актывіст Уладзімір Шульжыцкі -- штрафам у 30 базавых велічынь. 24 верасня Алесь Пушкін, які быў прызнаны арганізатарам шэсця, атрымаў пакаранне ў выглядзе 10 сутак адміністрацыйнага арышту; таксама яго прызналі вінаватым у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Рашэнне прыняла суддзя Людміла Пятрова.

 

4 верасня ў 14-20 каля гандлёвага цэнтру “Крыніца” у Магілёве быў затрыманы кандыдат у дэпутаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) і актывіст кампаніі “Гавары праўду” Леанід Падбярэцкі. Нагодай да затрымання стала тое, што агітацыйны пікет быў несанкцыяваны. Міліцыянты запатрабавалі праехаць Леаніду Падбярэцкаму для разбіральніцтва ў Ленінскі РАУС. Там яго пратрымалі каля гадзіны, пасля чаго адпусцілі і выпісалі позву для далейшага разбіральніцтва на 18-00 гэтага ж дня. Пасля разбіральніцтва яго адпусцілі і адміністрацыйная справа за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў была спыненая міліцыяй у сувязі з тым, што складанне пратаколу на кандыдата ў дэпутаты з гэтай нагоды непадуладна ім. Матэрыялы справы былі перададзены ў адміністрацыю Ленінскага раёна, якая мае права ўзбудзіць адміністрацыйную справу ў адпаведнасці з артыкулам 9.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за парушэнне выбарчага заканадаўства.

 

5 верасня актывіст з Брэста Андрэй Шарэнда атрымаў папярэджанне ад пракуратуры. Як высветлілася, надзорны орган улічыў акалічнасці, якія нібыта сведчаць, што грамадскі актывіст парушыў патрабаванні закона “Аб масавых мерапрыемствах”, калі браў удзел у акцыі 19 снежня 2010 года ў Мінску. У дакуменце аб вынясенні афіцыйнага папярэджання “аб недапушчальнасці паўторнага здзяйсненні правапарушэння”, гаворыцца пра тое, што Шарэнда ў дзень прэзідэнцкіх выбараў “прымаў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, які суправаджаўся грубым парушэннем грамадскага парадку, непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, які прывёў да парушэнне працы транспарту”.

 

5 верасня каля 13-30 ў кватэру да актывіста моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду» - «Zмена» Ягору Віняцкаму прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. У выніку ператрусу ў моладзевага актывіста была канфіскавана друкаваная прадукцыя, а сам ён дастаўлены для правядзення апытання ў Першамайскі РУУС г. Мінска. Я. Віняцкі – давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Арцёма Лявы, на акрузе якога была абвешчана кампанія «Байкот -101".

 

5 верасня каля станцыі метро «Купалаўская» ў Мінску пасля 18 гадзін вечара супрацоўнікамі АМАПу быў затрыманы актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Аляксей Цёплы. У актывіста знайшні некалькі асобнікаў інфармацыйнага бюлетэню «Хартыя-97». А.Цёплага пасадзілі у аўтобус і адвезлі ў Цэнтральны РУУС. Актывіста абвінавацілі ў непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі (арт.23.4 КаАП РБ) і 6 верасня суддзя суда Цэнтральнага раёну Ясіновіч асудзіў яго на 5 сутак арышту.

7 верасня раніцай у Мінску на кватэры па месцы жыхарства быў затрыманы лідэр моладзевага крыла «Гавары праўду» - «Zмена» Павал Вінаградаў. Яго адвезлі ў Маскоўскі РУУС, дзе склалі пратакол з абвінавачаннем у дробным хуліганстве. У гэты ж дзень у судзе Маскоўскага раёна сталіцы не было прынята рашэння па адміністрацыйнай справе П. Вінаградава, пратакол правапарушэння быў накіраваны на дапрацоўку. Аднак Паўла не вызвалілі, ён быў накіраваны ў ЦІП на Акрэсціна. 10 верасня суддзя Юрый Сезін прыгаварыў Паўла Вінаградава да пяці сутак адміністрацыйнага арышту.

7 верасня ў Мінску каля 16:30 каля пад’езда свайго дома адбылося затрыманне актывіста моладзевага крыла «Zмена» кампаніі «Гавары праўду!» Аляксандра Арцыбашава. У Кастрычніцкім РУУС Мінска на яго быў складзены пратакол аб дробным хуліганстве, актывіст быў змешчаны ў ЦІП. 10 верасня сваякам Арцыбашава, якія чакалі Аляксандра ў судзе, па тэлефоне паведамілі, што суд над актывістам адбыўся і суддзя Максім Лапко адправіў матэрыялы справы на дапрацоўку ў РУУС. Пазней высветлілася, што Аляксандра Арцыбашава пакаралі арыштам на 3 сутак і выпусцілі з залы суда, паколькі ён прабыў у ЦІП на Акрэсціна ўсе выходныя, якраз 3 сутак.

 

7 верасня на паседжанні адміністрацыйнай камісіі ў Слуцкім райвыканкаме мясцовага актывіста Віталя Амяльковіча прызналі вінаватым у расклейванні налепак у горадзе і пакаралі штрафам у памеры 10 базавых велічынь. Справу разглядалі пяцёра сяброў камісіі, сярод якіх былі Юрый Скрыган, галоўны юрыст райвыканкама, і Андрэй Заяц, намеснік начальніка аддзела прафілактыкі і аховы правапарадку Слуцкага РАУС. В.Амяльковіч быў затрыманы міліцыянтам каля ўласнага дома апоўначы 14 ліпеня. Супрацоўнік Слуцкага РАУС, які не прадставіўся, паведаміў, што бачыў, як Віталь расклейваў налепкі каля крамы. У аддзяленні міліцыі ўчастковы Руслан Варабей склаў на яго пратакол апытання з грубымі парушэннямі. Нават на разглядзе справы адміністрацыйнай камісіяй Віталь не даведаўся імя міліцыянта, які яго затрымліваў. На пытанне актывіста, хто яго абвінавачвае, Андрэй Заяц адказаў: “Слуцкі РАУС”.

 

8 верасня ў другой палове дня у Мінску былі затрыманыя сёстры Алена і Людміла Паўлоўскія, калі дзяўчаты зрабілі надпіс «Жыве Беларусь» на дошцы для абвестак на рагу Камсамольскай і Рэвалюцыйнай вуліц сталіцы. Дзяўчат даставілі ў Цэнтральны РУУС, а пасля іх адвезлі ў ЦІП на Акрэсціна. Іх абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі, 9 верасня суддзя суда Цэнтральнага раёну Наталля Вайцэховіч вынесла рашэнне аб вынясенні штрафаў у памеры 2 мільёны рублёў кожнай.

 

11 верасня ў Хоцімску падчас правядзення агітацыйнага пікету быў затрыманы кандыдат у дэпутаты па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83 Валерый Каранкевіч. Пікет праводзіўся у дазволеным райвыканкамам месцы – на стадыёне гарадскога пасёлка. Дзесці ў 12-30 пад’ехалі супрацоўнікі міліцыі, якія прымусілі пікетоўшчыкаў згарнуць пікет. Валерый Каранкевіч быў затрыманы і дастаўлены ў Хоцімскі РАУС для дачы тлумачэнняў. Пасля напісання тлумачальнай запіскі супрацоўнікі міліцыі адпусцілі кандыдата.

 

11 верасня суддзя Ленінскага раёна Магілёва Аксана Ратнікава выснесла пастанову па справе адказнага за незалежнае назіранне на Магілёўшчыне ў межах кампаніі “За справядлівыя выбары 2012” Юрыя Новікава. Суддзя палічыла Юрыя Новікава вінаватым у тым, што займаўся распаўсюдам сродкаў масавай інфармацыі ў выглядзе імянных сшыткаў назіральнікаў, брашураў для назіральнікаў і інфармацыйнага бюлетэня для назіральнікаў. Паводле яе рашэння, уся гэтая прадукцыя трапляе пад закон аб СМІ і падлягае знішчэнню. Аўтамабіль Юрыя Новікава быў спынены 23 жніўня ў 20-00 у раёне чыгуначнага вакзалу супрацоўнікамі ДАІ, кіроўцу прапанавалі праехаць у Ленінскі РАУС, дзе аўтамабіль правяралі ўжо міліцыянты. У багажніку была знойдзена друкаваная прадукцыя, якую канфіскавалі, а на Юрыя Новікава завялі адміністрацыйную справу.

 

12 верасня адміністрацыйная камісія Першамайскага раёна Мінска разгледзела справу актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Андрэя Моўчана. Ён быў затрыманы міліцыяй на вуліцы Астрашыцкай ў мінскім мікрараёне Уручча ноччу 14 ліпеня. У актывіста знайшлі налепкі. У Першамайскім РУУС у дачыненні да Моўчана склалі пратаколы па артыкулах 21.14 (парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў) і 17.1 (дробнае хуліганства) КаАП. 24 ліпеня суд Першамайскага раёна Мінска прысудзіў яго да штрафу 10 базавых велічынь па артыкуле дробнае хуліганства. 12 верасня разглядалася справа аб парушэнні другой артыкула - 21.14 КаАП. Адміністрацыйная камісія Першамайскага раёна палічыла Андрэя Моўчана вінаватым і абавязала яго выплаціць штраф у 5 базавых велічынь. Старшыня камісіі - А.Л.Ванкевіч.

 

13 версня ў Брэсце на аўтавакзале супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Зміцера Шурхая.  Гэта здарылася вечарам, калі Шурхай намерваўся забраць перадачу з Мінска. Яго разам з агітацыйнымі матэрыяламі пра байкот выбараў адвезлі ў Ленінскі РАУС. Актывіст быў вызвалены ў 22 гадзіны, у яго забралі 5000 улётак для вывучэння.

 

15 верасня ў Гародні падчас прэзэнтацыі кнігі «Саветызацыя Заходняй Беларусі» быў затрыманы галоўны рэдактар часопіса «Arche» Валеры Булгакаў. Пазней Валеры Булгакаў быў вызвалены, але на яго быў складзены пратакол па адміністратыўнай справе па абвінавачанні ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Як стала вядома, некалькі з гасцей прэзентацыі, якія аказаліся супрацоўнікамі падатковай інспекцыі, зрабілі так званую “кантрольную закупку (падчас прэзентацыі кніжкі Яна Шумскага было рэалізавана 20 гэтых кніжак людзям, якія прыйшлі на гэтую вечарыну).

 

18 верасня ў раёне станцыі метро “Пушкінская" ў Мінску былі затрыманыя чацвёра актывістаў “Zмены”-- моладзевага крыла кампаніі “Гавары праўду!”, а таксама беларускія і нямецкія журналісты.  Актывісты планавалі правесці акцыю па раздачы баршчу мінакам непадалёк ад універсама “Фрунзенскі”. Аднак яны не паспелі нават раскласціся – супрацоўнікі міліцыі затрымалі ўсіх удзельнікаў меркаванай акцыі: Паўла Вінаградава, Ягора Віняцкага, Аляксандра Арцыбашава, Ганну Курловіч. Сярод затрыманых былі і журналісты – Аляксандр Баразенка, Сяргей Грыц, Васіль Фядосенка, Павел Падабед, Таццяна Зянкевіч, а таксама аператар і журналіст здымачнай групы з Нямеччыны, якія планавалі асвятляць акцыю. Журналістаў адпусцілі з РУУС у той жа дзень без складання пратаколаў, а чатырох актывістаў адвезлі да суду ў ЦІП на Акрэсціна. 19 верасня іх адміністрацыйныя справы разглядаліся ў судзе Фрунзенскага раёна сталіцы. Усе яны абвінавачаныя ў парушэнні арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Ганну Курловіч суддзя Лапо пакарала штрафам у памеры 20 б.в.; гэтая ж суддзя пакарала Ягора Віняцкага арыштам тэрмінам 7 сутак; у адносінах да Аляксандра Арцыбашава суддзя Дзмітрый Лукашэвіч вынес пастанову - 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Паўла Вінаградава судзілі адразу па 2 артыкулах: 17.1 КаАП (брыдкаслоўле з прымяненнем мегафону) і 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), рашэнне суддзі Наталлі Каровінай - 5 і 7 сутак адпаведна, разам - 12 сутак адміністрацыйнага арышту.

 

19 верасня суддзя Кастрычніцкага райсуду Віцебску Іна Грабоўская прысудзіла 7 сутак арышту прыхільніку БХД Яўгену Гуцалаву. Малады чалавек напярэдадні адзінаасобна здзейсніў акцыю, заклікаючы байкатаваць выбары: апрануў "маску" – партрэт Аляксандра Лукашэнкі і выйшаў з з плакатам "Байкот парламенцкім выбарам 2012" у цэнтр гораду. Да суда адны суткі актывіст ужо адбыў у ізалятары часовага ўтрымання: Гуцалава затрымалі 18 верасня не падчас акцыі, а пазней на выбарчым участку, дзе ён быў назіральнікам, адвезлі спачатку на допыт у міліцыю, а потым змясцілі на ноч у ІЧУ.

 

19 верасня ў Маладэчна вечарам супрацоўнікі міліцыі затрымалі мясцовага моладзевага актывіста Ігара Ліўштанга, які вырашыў адзначыць День нацыянальнай сімволікі прагулкай па горадзе з бел-чырвона-белым сцягам. Актывіст быў затрыманы каля пікету кандыдаткі Галіны Лазоўскай у гарадскім парку дастаўлены ў аддзяленне міліцыі для разбіральніцтва. У аддзяленні на Ігара Ліўштанга быў складзены пратакол затрымання, пасля чаго яго адпусцілі дадому разам з бацькам. Аб ягоным учынку адразу паведамілі ў гімназію-каледж, дзе хлопец вучыцца.

 

20 верасня актывіст “Маладога Фронту” Зміцер Крэмянецкі быў затрыманы прыкладна ў 15 гадзін у Мінску і адвезены ў Цэнтральны РУУС. 21 верасня суддзя суду Цэнтральнага раёна Валеры Есьман асудзіў актывіста адразу па 2 артыкулах: 23.4 КаАП (супраціў органам правапарадку) і 17.3 КаАП (распіццё алкагольных напояў у грамадскім месцы) арыштам на 5 сутак.

21 верасня актывіста грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Аляксея Мікуліча каля 15 гадзін затрымала міліцыя падчас распаўсюду ўлётак з заклікам да байкоту выбараў. Аляксей распаўсюджваў улёткі на тэрыторыі 101-й Фрунзенскай акругі, якая абраная для арганізацыі байкоту актывістамі руху «За свабоду», партыі БНФ, грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», моладзевай структуры «Zмена». Супрацоўнікі міліцыі даставілі А. Мікуліча ў раённы аддзел, адкуль ён быў адпушчаны без складання пратаколу.

 

21 верасня ўвечары ў брэсцкім мікрараёне “Кавалёва” адбылося затрыманне Паліны Шарэнда-Панасюк, Андрэя Шарэнды і Вячаслава Бароўскага, адкуль актывістаў адвезлі ў Маскоўскі РАУС Брэста, дзе канфіскавалі ўсе асобнікі улётак, прысвечаных байкоту парламенцкіх выбараў, а таксама некалькі дзесяткаў асобнікаў газеты “Хартыя-97”. Хлопцаў вызвалілі без складання пратаколаў, а Паліну пакінулі на суткі ў ізалятары часовага утрымання. Актывістку абвінавацілі ў незаконным распаўсюдзе друкаванай прадукцыі і нібыта супраціве міліцыянтам. Разгляд справы павінен быў адбыцца 24 верасня, але яго перанеслі, бо матэрыялы нібыта згубіліся. 28 верасня адміністрацыйную справу ў дачыненні да Паліны Шарэнда-Панасюк суддзя Марыя Леванчук адправіла ў міліцыю на дапрацоўку. Па яе словах, «звесткі, пададзеныя ў пратаколе, не пацвярджаюцца». Акрамя таго у судзе не было сведак-міліцыянтаў.

 

22 верасня ў другой палове ў Мінску супрацоўнікі  міліцыі затрымалі братоў Андрэя і Аляксея Дварэцкіх падчас расклейвання налепак за байкот. Іх адвезлі ў Партызанскі РУУС, дзе былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні па двух артыкулах: 23.4 КаАП – непадпарадкаванне міліцыі і арт. 21.14 КаАП (парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў). Да суду братоў змясцілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. 24 верасня суддзя суда Партызанскага раёну Марыяна Валчкова вынесла рашэнне аб адміністрацыйным арышце Андрэя і Аляксея Дварэцкіх - па трое сутак. Пратаколы аб парушэнні правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў накіраваны на разгляд адміністрацыйнай камісіі.

 

23 верасня ў Мінску супрацоўнікі міліцыі затрымалі старшыню Руху салідарнасці «Разам» Аляксандра Макаева. Ранкам ён кіраваўся на пахаванне магілёўскай актывісткі Крысьціны Шацікавай на ўласным аўтамабілі, на якім быў прымацаваны бел-чырвона-белы сцяжок. Яго спынілі супрацоўнікі міліцыі і правялі дагляд аўтамабіля, падчас якога ў салоне яны знайшлі ўлёткі за байкот выбараў. Ноч А. Макаеў правёў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. 24 верасня ў судзе Цэнтральнага раёну Мінску суддзя Якунчыхін Аляксандр прызнаў яго вінаватым у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП РБ) і асудзіў да 6 сутак арышту.

24 верасня ў Мінску былі затрыманыя некалькі дзесяткаў актывістаў моладзевага праекту “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка”, якія ажыццяўлялі назіранне на сталічных выбарчых участках у дзень выбараў 23 верасня. Затрымлівалі назіральнікаў амапаўцы ля гатэля “Хостэл Джаз” па вуліцы Шчадрына. Сярод затрыманых – Марыя Сляпцова, Алесь Заяц, Наста Матчанка, Алесь Герасіменка. Усе затрыманыя былі дастаўлены ў Цэнтральны РУУС сталіцы, адкуль на працягу трох гадзін былі адпушчаны пасля зняцця на відэа і праходжання дактыласкапіі. Супрацоўнікі міліцыі не далі ніякіх тлусачэнняў наконт прычыны затрымання і пратаколаў на затрыманых не складалі.

 

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

 

6 верасня адбылося паседжанне адміністрацыйнай камісіі адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля, на якім разглядаўся пратакол, складзены міліцыяй у дачыненні да Аляксандра Процкі 20 жніўня за парушэнне правіл гандлю. Сябра Руху «За свабоду» заключыў афіцыйную дамову з рэдакцыяй газеты «Новы час» на распаўсюд выдання. Газету ён прадаваў каля чыгуначнага вакзалу Гомеля. Адміністрацыйная камісія прызначыла Аляксандру Процку пакаранне – 1 базавая велічыня па артыкулу 12.17 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэннях.

 

17 верасня журналісту «Новага часу» Мікіту Броўку парвалі рэдакцыйнае пасведчанне каля прэзідэнцкай адміністрацыі. Журналіст здымаў для сайта "Новага часу" вулічнае апытанне, а потым сеў на лаўку, трымаючы камеру і мікрафон на каленях. У гэты момант да яго падышоў невядомы чалавек у цывільным, які назваўся супрацоўнікам службы бяспекі. Ён паводзіў сябе агрэсіўна – дакументы паказваць адмовіўся, запытаўся, што тут здымаецца і запатрабаваў пасведчанне. Пабачыўшы назву «Новы час», ён заявіў, што такога выдання не існуе, парваў пасведчанне і сышоў.

 

18 верасня побач з універсамам Фрунзенскі ў Мінску, дзе актывісты моладзевага крыла кампаніі “Гавары праўду!” зладзілі перадвыбарчы пікет з сімвалічнай раздачай баршчу, былі затрыманыя не толькі ўдзельнікі акцыі, але і журналісты, якія яе асвятлялі. Невядомыя затрымалі незалежнага тэлеаператара Аляксандра Баразенку, фатографаў Associated Press Сяргея Грыца, Reuters Васіля Фядосенку, EPA (Еўрапейскае прэс-фотаагенцтва) Таццяну Зяньковіч, карэспандэнта БелаПАН Паўла Падабеда, а таксама здымачную групу нямецкага тэлеканала ZDF -- аператара Дзмітрыя Рудакова і прадзюсара Аляксея Акулава. Падчас затрымання невядомыя ў цывільным разбілі акуляры фотакарэспандэнту Associated Press Сяргею Грыцу, пасля чаго пачалі сілай запіхваць усіх прысутных у мікрааўтобус. Усе затрыманыя былі дастаўленыя ў РУУС Фрунзенскага раёну. Усіх журналістаў адпусцілі без складання пратаколаў. Раніцай 19 верасня фотакарэспандэнт Associated Press Сяргей Грыц наведаў Фрунзенскае РУУС і напісаў заяву пра нанясенне яму траўмы.

 

18 верасня ў Мінску каля 16.30 каля плошчы Калініна былі затрыманыя незалежныя тэлежурналісты Вячаслаў Пяшко і Валянцін Міхальцоў. Яны вялі здымкі на вуліцы, калі да іх падышлі міліцыянты і пачалі затрымліваць. Вячаслава Пяшко і Валянціна Міхальцова спачатку даставілі ў апорны пункт аховы парадку на вуліцы Кузьмы Чорнага для высвятлення асобаў. Каля 19.15 журналістаў вывелі з апорнага пункту і павялі да міліцэйскай машыны -- супрацоўнікі міліцыі патлумачылі, што паездка ў Першамайскае РУУС патрэбная, каб паставіць пячатку на пратаколе вынятку камеры. У РУУС у Валянціна Міхальцова ўзялі адбіткі пальцаў (адбіткі Пяшко ў базе ўжо былі) і сфатаграфавалі яго. Адпусцілі іх каля 20.15. На рукі хлопцам выдалі копію пратакола, з якога вынікае, што апаратуру забралі для праверкі на 10 дзён. Відэазапіс таксама застаўся ў міліцыі.

 

20 верасня стала вядома, што шэраг фотарэпарцёраў незалежных выданняў і замежных агенцтваў не атрымалі акрэдытацыю на асвятленне святкавання «Дажынак» у Горках 21—22 верасня. Магчымасці афіцыйна працаваць на свяце ўраджаю пазбавілі фотакарэспандэнта «Нашай Нівы» Сяргея Гудзіліна, Сяргея Грыца (Associated Press), Таццяну Зяньковіч (EPA), Віктара Драчова (AFP). «Гэта было патрабаванне службы бяспекі прэзідэнта», — патлумачыў тады журналістам прэс-сакратар аддзелу ўнутраных справаў Мінскага аблвыканкама Аляксандр Данільчанка. Працаваць на свяце змаглі толькі акрэдытаваныя пры адміністрацыі Лукашэнкі здымачныя групы і фотарэпарцёры.

 

21 верасня шэф-рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько атрымаў ліст з Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, у якім выказваюцца выбачэнні, што яго памылкова ўключылі ў спіс невыязных. Ліст датаваны 9 верасня. Андрэя Дынько ссадзілі з цягніка «Мінск — Вільня» 14 сакавіка. Прычыну абмежавання права на выезд памежнікі не ўдакладнілі, параіўшы звяртацца ў Аддзел грамадзянства і міграцыі МУС па месцы жыхарства. Пазней Андрэю Дынько ў Аддзеле грамадзянства і міграцыі выдалі даведку, што ён уключаны ў спіс невыязных з Беларусі нібыта за «ўхіленне ад яўкі на мерапрыемствы па прызыве». Журналіст падаваў скаргі па інстанцыях, і толькі пасля шостага ліста яго выключылі са спісу.

 

21 верасня Амас Робертс – прадстаўнік аўстралійскага тэлеканала SBS, які меў афіцыйнцю акрэдытацыю пры беларускім МЗС і працаваў тут на працягу тыдня, быў затрыманы ў аэрапорце “Мінск-2”. Праблемы ўзніклі ў журналіста на мытні. У яго з сабой тэлекамера, камп'ютар, карткі памяці і іншыя носьбіты інфармацыі. У выніку ў журналіста забралі ўсю тэхніку і носьбіты інфармацыі.

 

22 верасня з’явілася інфармацыя пра адмовы ў візах двум прадстаўнікам шведскага тэлеканала "TV4" — журналісту Стэфану Боргу і аператару. Раней паведамлялася пра адмовы ў візах дзвюм нямецкім журналісткам: Гезінэ Дорнблют “Deutschlandradio” і Аннэ Гелінек (ZDF). Па звестках ГА "БАЖ", з адмовамі ў візах сутыкнуліся 6 замежных журналістаў.

 

22 верасня Вольга Юрэнкова, старшыня выбарчай камсіі на Сожнеўскім участку для галасавання № 33 па Крычаўскай выбачай акрузе, забараніла фатаграфаваць на сваім участку падчас датэрміновага галасавання рэдактару Крычаўскай недзяржаўнай маланакладнай газеты Сяргею Няроўнаму. У першы дзень датэрміновага галасавання прэтэнзій да журналіста не было, а ў апошні спн. Юрэнкова  сваё стаўленне да фатаграфавання змяніла.

 

23 верасня фотакарэспандэнта «КП» Дзмітрыя Ласько затрымалі на 3 гадзіны за тое, што адмовіўся выдаліць зробленыя на выбарчым участку фота. Міліцыянт (супрацоўнік крымінальнага вышуку) затрымаў журналіста пасля таго, як той адмовіўся выдаліць зробленыя на ўчастку фотаздымкі. Дзмітрыя Ласько адпусцілі адразу ж, як толькі пытанне пра яго затрыманне прагучала на прэс-канферэнцыі ЦВК.  

23 верасня, у асноўны дзень галасавання на парламенцкіх выбарах, Вольга Смірнова, старшыня ўчастковай выбарчай камісіі №752, якая месціцца ў мінскай школе №148, выдаліла журналіста “Новага Часу” з памяшкання для галасавання. Мікіта Броўка вёў здымкі на выбарчым участку пасля яго закрыцця і планаваў зафіксаваць на відэа працэс падліку галасоў. Нягледзячы на тое, што журналіст ужо быў запісаны ў адпаведны журнал уліку прадстаўнікоў СМІ і паспеў бесперашкодна паздымаць на ўчастку, напрыканцы дня галасавання Вольга Смірнова не хацела пускаць яго ў памяшканне для галасавання. Тым не менш, Мікіта здолеў патрапіць на ўчастак. Але неўзабаве Вольга Смірнова патлумачыла, што дазваляе пазаштатнаму карэспандэнту прысутнічаць на ўчастку «толькі ў выглядзе выключэння, але без відэакамеры». Заўважыўшы, што журналіст усё адно вядзе здымку, яна запатрабавала супрацоўнікаў міліцыі выдаліць Мікіту Броўку з памяшкання.

 

23 верасня быў затрыманы фотажурналіст “Салідарнасці” Сяргей Балай, калі рабіў фотаздымкі на пустой Кастрычніцкай плошчы. Да яго падышлі людзі ў цывільным, спыталі, чаму ён тут здымае, а потым выклікалі патрульную машыну з міліцыянтамі. Прад'яўленне рэдакцыйнага пасведчання не падзейнічала - журналіста адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёну нібыта для праверкі дакументаў, дзе пратрымалі каля 2,5 гадзін. Тлумачэнняў не бралі, пратаколу не складалі. Але ўсе фота, што былі на флэшцы фотаапарата, выдалілі. 

 

23 верасня, у дзень выбараў, быў абмежаваны доступ да шэрагу Інтэрнэт-сайтаў. Праблемы з доступам узніклі як мінімум у пяці рэсурсаў. У прыватнасці, перасталі адкрывацца інфармацыйны рэсурс UDF.by (афіцыйны партнёр кампаніі "За справядлівыя выбары") і сайт аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" bchd.info. 24 верасня раніцай названыя сайты па-ранейшаму не працавалі. Каля 11-й гадзіны доступ да UDF аднавіўся. Высветлілася, што cайт быў заблакаваны менавіта з тэрыторыі Беларусі, а за мяжой і праз ананімайзеры адкрываўся. Да bchd.info па-ранейшаму не было доступу. Таксама 23 верасня знік доступ да сайта "народнага маніторынгу" за выбарамі electby.org. 24 верасня раніцай ён усё яшчэ быў недаступны. Але на яго можна было трапіць праз ананімайзеры, што сведчыць пра штучнае блакаванне рэсурсу. Не адкрываліся таксама сайт Руху "За Свабоду" і сайт назірання за выбарамі watch.pyx.by, які быў створаны як субдамен асноўнага саута Руху -  спецыяльна для размяшчэння інфармацыі ад назіральнікаў.

 

28 верасня рэдактар недзяржаўных выданняў «Борисовские новости» і «Рекламный БорЖоМи» Анатоль Букас паведаміў пра працяг ціску на яго выданні. Каля 60 асобнікаў газеты «Рекламный БорЖоМи» было выдалена з прылаўкаў адной з крамаў на запатрабаванне работнікаў санэпідэмстанцыі. Па звестках А. Букаса, работнікі санслужбы выконваюць вусныя распараджэнні кіраўніцтва Барысаўскага выканкама, якое імкнецца эканамічна задушыць незалежнае выданне. Таксама стала вядома, што пракуратура Барысаўскага раёне не ўгледзела парушэнняў законнасці па скарзе А. Букаса на работнікаў УП “Жыллё”, якія дэмантавалі шыльду з назвай газеты «Борисовские новости» ў жніўні гэтага года.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

 

29 жніўня ў Жодзінскім гарадскім судзе пад старшынствам суддзі Грынкевіча завяршылася судовае паседжанне па скарзе праваабаронцаў Аляксея Лапіцкага і Святланы Лапіцкай на рашэнне Жодзінскага выканкаму па забароне заяўленага на 4 жніўня пікету ў падтрымку палітвязняў Беларусі і асуджанага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Суд вынес адмоўнае рашэнне па скарзе праваабаронцаў.

 

1 верасня Брэсцкі абласны суд не задаволіў скаргу старшыні абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Вуека, які спрабаваў аспрэчыць рашэнне мясцовых уладаў пра забарону пікету пад лозунгам “За справядлівыя выбары без Лукашэнкі”. Падставай для забароны гэтага мерапрыемства Брэсцкім гарвыканкамам называлася тое, што ў дзень, на які быў заяўлены пікет, на стадыёне “Лакаматыў” (ён пазначаны як пляцоўка для правядзення масавых акцый у горадзе) запланавалі футбольны матч. Аднак У ладзімір Вуек перакананы, што адмова была беспадстаўная і спартовае спаборніцтва ніяк не замінала таму, каб адбыўся пікет.

 

1 верасня Брэсцкі гарадскі суд падтрымаў забарону пікету салідарнасці з палітвязнямі, які меркавался правесці 4 жніўня – у гадавіну знаходжання за кратамі кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага. Аднак Брэсцкі гарвыканкам забараніў акцыю, спаслаўшыся на тое, што заяўнікі не падпісалі дамовы з праваахоўнымі органамі, установай аховы здароўя і камунальнымі службамі. Нязгодныя з такім рашэннем уладаў праваабаронца Уладзімір Вялічкін, кіраўнікі абласных структураў АГП Уладзімір Вуек і БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі накіравалі скаргу ў суд першай інстанцыі, але той пакінуў яе без задавальнення.

 

1 верасня гомельскія праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка атрымалі з Камітэту ААН па правах чалавека паведамленне аб тым, што іх скаргі на забарону у абласным цэнтры пікетаў, прымеркаваных да арышту Алеся Бяляцкага, прынятыя Камітэтам да разгляду. Паводле атрыманых карэспандэнцыяў, скаргі праваабаронцаў зарэгістраваныя і накіраваны ўраду Беларусі для выказвання афіцыйнай пазыцыі беларускага боку адносна парушэнняў правоў, пра якія гаворыцца ў скаргах. Нагадаем, што 4 жніўня 2011 года, у дзень арышту Алеся Бяляцкага, праваабаронцы звярнуліся ў Гомельскі гарвыканкам па дазвол на правядзенне ў абласным цэнтры серыі пікетаў з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці на палітычны арышт і змяшчэнне пад варту свайго калегі. Гарадскія ўлады пікеты не дазволілі. Усе суды (раённы, абласны, Вярхоўны), дзе абскардзілі гэтае рашэнне праваабаронцы, сталі на бок уладаў. У скарзе ў Камітэт па правах чалавека ААН заяўнікі звяртаюць увагу, што ў амаль 500-тысячным горадзе Гомелі ўлады вызначылі толькі адно месца для правядзення пікетаў і мітынгаў, а за правядзенне мірных сходаў грамадзяне, згодна з рашэннем гарвыканкама, павінны яшчэ і заплаціць - міліцыі, хуткай дапамозе і камунальным службам.

 

13 верасня Грамадзянская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры планавала правесці каля будынка ратушы на сталічнай плошчы Свабоды пікет пад лозунгамі: "Чынавенства, Годзе дурыць народ  і здзеквацца з яго!", "Ашуканцаў народа - да адказнасці!", "Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - надзейная абарона беззаконня ў краіне" і   "Патрабуем ад чыноўнікаў выканання Канстытуцыі і законаў краіны!". Аднак заяўнікі атрымалі адмову за подпісам намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Карпенкі. “Ён лічыць, што наша заява “не адпавядае патрабаванням "артыкула 9 закона аб масавых мерапрыемствах, а правядзенне акцыі "будзе ствараць перашкоды руху пешаходаў ля будынка ратушы", -- паведаміла лідэр ініцыятывы Тамара Сяргей. Пры гэтым чыноўнік канкрэтна не ўказаў, патрабаванням якіх палажэнняў артыкула 9 Закона аб масавых мерапрыемствах не адпавядае пададазеная заява.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства