БХД накіравала каля дзвюх тысячаў подпісаў за змену закона "Аб ахове здароўя"
У план падрыхтоўкі законапраектаў на 2012 год уваходзіць разгляд закона «Аб ахове здароўя». БХД падрыхтавала свае прапановы па ўнясенні змяненняў у Закон і накіравала іх разам з подпісамі ў Савет Міністраў, Міністэрства аховы здароўя і Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнаг Сходу.
Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь заклікала грамадзян краіны прыняць удзел у абмеркаванні праекта новага Закона. У адказ юрыдычная камісія Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі падрыхтавала свае прапановы па ўнясенні змяненняў у Закон. Вось асноўныя з іх:
- Увесці права для лекара адмовіцца ад правядзення аборту, за выключэннем выпадкаў правядзення аборту па медыцынскіх паказаннях, і адсутнасці магчымасці замены лекара.
- Увесці абавязковы пяцідзённы перыяд чакання з моманту падачы заявы аб намеры зрабіць аборт да моманту яго правядзення;
-. Абавязаць лекараў інфармаваць жанчын аб рэлігійных і грамадскіх арганізацыях, якія займаюцца прафілактыкай абортаў;
- Скараціць тэрмін для правядзення аборту да 7 тыдняў;
- Выключыць сацыяльныя паказанні для абортаў;
- Увесці забарону правядзення клінічных выпрабаванняў на чалавечых эмбрыёнах.
Сайт Catholic.by паведамляе, што свае заўвагі на імя Міністра аховы здароўя Васіля Жарко накіравала Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.
Асноўныя заўвагі, як адзначыў сакратар Рады па справах сям’і пры ККББ Пётр Фраштэнга, датычацца асноў хрысціянскай веры. А менавіта: прызнанне недатыкальнасці жыцця чалавека з моманту зачацця да натуральнай смерці, недапушчальнасць змены палавой прыналежнасці, стэрылізацыі, рэпрадуктыўных тэхналогій, здзяйснення абортаў і клінічных іспытаў на эмбрыёнах.
У сваёй заяве Каталіцкія іерархі Беларусі кажуць таксама пра неабходнасць стварэння магчымасці адмаўлення ад здзяйснення абортаў для ўрачоў, чыім маральным ці рэлігійным прынцыпам супярэчаць такія дзеянні.